Праляцеўшы міма ператворанага ў горную раку Ільінскага спуску і каледжа, названага ў гонар псіхолага, да якога Ягору было б няблага запісацца на прыём, «бяспраўнік» выскачыў на Свячную, а адтуль – на адзін з аўтамабільных мастоў цераз Сож. Ён ніколі не кіраваў машынай у горадзе, таму і не заўважыў, што ўзяў курс на мост, які быў адданы толькі пад рух транспарту з Навабеліцы. Працягваў гнаць. Нябесныя вадаспады аб’ядалі набярэжную і «зялёную зону» за ракой. Тыя бачыліся дзіўнымі фрагментамі, быццам выстаўленыя ў цёмным пакоі чорна-белыя копіі карцін французскіх імпрэсіяністаў нехта адвольна высвечваў бляклым ліхтарыкам, у якім сядала батарэйка. Рака пазнавалася больш яўна, але выглядала сцямнелай разлеглай плямай невядомай субстанцыі. Археолаг не стамляўся прапускаць уражанні ад навакольных краявідаў праз прызму ўласнае бяды, вымалёўваючы дасціпныя, але ні на каліва не смешныя параўнанні.

Калі ён вярнуў позірк з ракі на дарогу, то асалапеў – насустрач імчала, адчайна сігналячы і міргаючы фарамі, вялізная фура. Здавалася, яшчэ дзве-тры секунды – і сутыкнення не пазбегнуць. «Бяспраўнік», агоўтаўшыся ад усведамлення блізкасці катастрофы, рэзка ўзяў управа. Аўтобус прыткнуўся да самай броўкі. Яго трэсла і хістала. Ад каўпакоў, якія чарцілі аб жалезабетон броўкі, густа сыпалі іскры і тут жа гаслі, удараючыся аб дождж. Фура тады ж узяла ўлева, праехаўшы ў лепшым разе за дзесяць сантыметраў ад аўтобуса. Цяжка дыхаючы, Руткоўскі больш асцярожна, але не менш рашуча пакіраваў «ПАЗ» на Палуцінскі праспект. Даймаць сябе думкамі пра смерць, якой ён толькі што шчасліва пазбег, не было ахвоты. Дый самой смерці не хацелася. Не таму што страшна (хаця і страшна таксама), а таму што не даведаўся б праўды пра Марыну і Марку.

Амаль два стагоддзі з далучэння Беліцы да Гомеля не зрабілі яе адасобленасць менш адчувальнай. Так, адразу за мастамі ўсіх падарожных сустракала кветкавая інсталяцыя з надпісам «Навабеліца», якую цяпер плюндравала залева, пакідаючы адно нягеглы драцяны каркас. Але і ў пагодныя дні абапал дарогі нельга было ўбачыць аніводнай фундаментальнай пабудовы. Сама прырода ў змове з гістарычнымі абставінамі распарадзілася гэткім чынам, што тут так і не з’явіліся мікрараёны, пра якія дужа марылі архітэктары, высненыя атлантамі і карыятыдамі Івана Шамякіна. Патрабавалася агораць яшчэ з ладны кіламетр, каб сапраўды апынуцца ў Навабеліцы, перасекшы яе сімвалічную браму – мясакамбінат злева, старыя могілкі справа. Гадамі гэта ўсё заставалася нязменным. І праліўны дождж – нерэальны па сваёй моцы – нічога перамяніць не мог. Навабеліца з адзінай магістральнай вуліцай, нягледзячы на новабудоўлі па ўскраінах, успрымалася як іншы горад, якому некалі загадалі быць часткай Гомеля, але забылі патлумачыць, якім чынам гэта можна зрабіць.

Без вялікіх перашкод прамчаўшы па ўсім праспекце, Руткоўскі збочыў на Жамчужную і стаў у двары аднаго з дзевяціпавярховых дамоў. З хвіліну павагаўшыся («А раптам яны нічога не ведаюць?»), шэрым ценем ён слізгануў з аўтобуса ў гушчу залевы, каб навобмацак (і ўсё ж вурзнуўся аб лаўку) дабрацца да патрэбных дзвярэй. Дамафон не працаваў, замок, адпаведна, таксама. У тамбуры стаяла грамадка людзей, шукаючы спасу ад стыхіі. Нават не зірнуўшы на бедакоў, Ягор рушыў на лесвіцу, падняўся на трэці паверх і стаў грукацца ў кватэру бацькоў Марыны. Спачатку ніхто не азываўся. Верагодна, старыя палічылі грукат чарговымі грымотамі. Госць, аднак, упартасці не губляў.

– Хто там такі? – пачуўся за дзвярыма знаёмы сіплаваты мужчынскі голас.

– Ягор Руткоўскі. Мне трэба з вамі тэрмінова паразмаўляць, – без эпіграфаў і пралогаў паведаміў археолаг.

– Знайшлі час для размоў, – праз паўзу, скарыстаную для перашэптаў з жонкай, незадаволена прамовіў бацька Марыны. – Ці вы там п’яны? То ідзіце. Не застаўляйце міліцыю вызываць.

– Ды цвярозы я! Цвярозы! «Стол з павыламыванымі ножкамі», – гучна, але без «псіхаў», выдаў Ягор, дастаючы з-пад плашча «файлік» з раздрукоўкай. – Гэта сапраўды вельмі важна. І адкласці размову я не магу. Мне трэба вам нешта паказаць. Ад гэтага залежыць мой лёс. Я разумею, што стаў для вас чужым, але ж успомніце ранейшыя часы…

За дзвярыма зноўку пачаліся перашэпты. Праз хвіліну дзверы прачыніліся. Маці Марыны запрасіла нечаканага візітоўцу зайсці ў кватэру.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже