Руткоўскі знік там на добрую гадзіну. Бацькі, якія спачатку ўсё адпрэчвалі, пасля прадэманстраванага здымка скалануліся і змяніліся ў абліччах. Стары спрабаваў і пасля гэтага адпірацца. Але жанчына, не стрымаўшы слёз, перахапіла руку мужа, каб той супакоіўся з завучанай хлуснёй, і расказала
Дождж за акном не сціхаў ні на міг. Шум у двары стаяў такі, быццам ён – двор – захлынаецца ад вады, але прымудраецца трымацца з апошніх сіл. Падзякаваўшы старым, ушчэнт разбіты і апанураны, Руткоўскі пабрыў у паўзмрок лесвічнай пляцоўкі і патупаў уніз. Неяк зусім рэзка павеяла холадам. У акенцы пад’ездных дзвярэй нешта свяцілася. Людзей пры дзвярах не было. «Няўжо дождж скончыўся?» – лена падумаў Ягор, прыслухоўваючыся да гукаў знадворку. Ні плёскату, ні шолаху. Толькі нечыя здзіўленыя покрыкі. Адурэлая гамарня. Ён рашуча штурхнуў дзверы і мала не аслеп – з неба буйнымі камякамі падаў бялюткі снег.
Траншэю зарылі. Зараўнялі. Пазначылі акуратным ланцужком камянёў. Водаправод быў гатовы. Заставалася толькі адладзіць яго мудрагелістую сістэму. Зрабілі пробны запуск. На «мінімалках». Марсіянская вада, прайшоўшы праз хітрае сіта электронных фільтраў, паступіла на базу. У ізаляваным адсеку яе чакалі насцярожаныя пасяленцы, напяўшы на сябе з гэтай святочнай нагоды жоўтыя ахоўныя касцюмы. Фільтры фільтрамі, свята святам, а яшчэ адзін аналіз не зашкодзіў бы. На ўсялякі выпадак. Перш правер, а потым вер.
Радасць ад таго, што ў вадзе не знайшлося нічога шкоднага, была неймавернай. Паўнавартасны пуск праводзілі з прыўзнятым настроем. Каштавалі ваду на смак з заміраннем сэрца і, зноў жа, з радасцю.
Чалавецтва, зрэшты, абмяжоўвалася толькі парай зямлян, якія жылі на Марсе адно дзеля сябе, не дбаючы пра трывалую сувязь з роднай планетай. Пару гэта хвалявала мала. Поспех з водаправодам засціў усе іншыя думкі. Ваду цяпер можна было расходаваць не так ашчадна, як згенераваную. Да пэўных межаў, канешне. Прынамсі, часцей прымаць душ з вадой, а не з прадзіманнем. Паўторнае ж выкарыстанне вады дзеля гаспадарчых патрэб з новым дасягненнем не адмянялася. Пасяленцы ганарыліся плёнам
Іх эйфарыя ад запуску водаправода нагадала Ягору часы, калі ў Гомелі ўпершыню правялі газ.
– Гэта было ўзімку, за некалькі месяцаў да палёту Гагарына, – нібы лірнік, за інструмент якому былі толькі струны памяці, апавядаў ён. – Газ спачатку правялі ў адзін з рабочых пасёлкаў, а потым узяліся за Гомель. У цэнтры размясцілі часовую газарэгулятарную ўстаноўку. А ў скверыку каля тэатра, там, дзе цяпер помнік Кірылу Тураўскаму стаіць, усталявалі трубу, каб запаліць сімвалічны газавы факел. Прызначылі ўсё на вечар. Народу, кажуць, набегла шмат. Хацелі паглядзець, што там за цікавостка такая. Газ падалі ў трубу. Стрэлілі з пісталета-ракетніцы. Пад уражаны ўздых натоўпу шуганула полымя. Стала светла, нібыта днём, а снег пад трубой нават таяць пачаў. І гэты факел тры дні гарэў. А людзі святкавалі. Хіба што не танчылі вакол яго.
– А мы таксама можам дазволіць сабе падоўжыць свята, – натхнілася пачутым Марына. – Засаладзіць душу, як мая прабабуля казала.
– І што ж мы зробім? Фантан? – заўсміхаўся муж, гладзячы жонку па руцэ.
– Давай зробім возера. Здаецца, мы гэта заслужылі, – ускудлаціўшы яму валасы, здзівіла яна Ягора, які, аднак, з ахвотай загарэўся яе шалёнай ідэяй.
«Лепей цяпер, чым у чацвер», – прыгаворвалі яны, з невымоўнай асалодай кідаючыся ўвасабляць уласную прыхамаць. Вандроўка да абломкаў у каляндарыку іх добрых спраў зноў адсунулася.