Гульня ў маўчанку доўжылася яшчэ нейкі час. Потым зрабілася не да таго. Калегі па лабараторыі раптам пачалі цікавіцца, ці ўзялі Жан і Жанна Кавальскі аўтографы ў Таранціна і Бесона. Зрабілася ніякавата. Маштаб распаўсюджання фотаздымкаў з «La Caravelle» не паддаваўся вымярэнню. Вельмі кароткім быў прагал часу паміж гомельскім няведаннем пра марсельскія здымкі і тым, як імі зруйнавалася легенда пра пагібель пары пад Канстанцай. Чаканне новай пагрозы не магло не прымірыць. Пагатоў, навіны з Марынінай радзімы даходзілі спрэс трывожныя.

* * *

Адпірацца Насце сэнсу не было. Ягор стараўся выглядаць спакойным. Прасіў жонку не хвалявацца, каб не нашкодзіць будучаму дзіцяці. Маладзіца не змагла ўнікнуць слёз, якія збольшага былі слязьмі ачышчэння, бо столькі ўсяго ёй даводзілася трымаць пры сабе і хаваць ад мужа, што калі-небудзь такі эмацыйны выбух усё адно мусіў бы адбыцца. Наста не таіла, што ад самага пачатку іх з Ягорам стасункаў яна знаходзілася ў змове з Марынай і Марку. Успамінала, як здзівілася, калі сяброўка прапанавала ёй спакусіць няўрымслівага выкладчыка («забірай яго сабе»), але згадзілася, бо той заўсёды быў ёй сімпатычны («пагатоў, ён табе падабаецца»), дый сяброваньцы дагадзіць хацелася («наша сяброўства для цябе што-небудзь значыць?»).

Сваімі планамі змоўнікі падзяліліся з ёю паступова. Нават сустракаліся асабіста, калі ўпотайкі ад многіх прыязджалі ў Гомель. Руткоўскі ад пачутага здрыгануўся. Але гэта ў жончыным аповедзе была толькі пачынка. Цэлая ж аўчынка палягала ў тым, што змоўнікам удалося з паўтыдня непрыкметна сачыць за ім, а ён не адчуваў ніякага сачэння; што яго звычку да вечаровых прагулянак па цэнтры наўмысля выкарысталі – паставілі на маршруце маладую і прыгожую Ройтшванец; што карэктавалі яе рух у патрэбны пункт тэлефоннымі званкамі. «Памятаеш, каля цябе прамчаўся раварыст? Гэта была Марына, якая праз хвіліну мне патэлефанавала». Ягор ажно здранцвеў ад нечаканасці.

Як высвятлялася, Марку тады «пасвіў» яго і Насту, ідучы з супрацьлеглага боку Румянцаўскай. Слухаючы, мужчына заплюшчыў вочы і паспрабаваў выцягнуць з архіваў зрокавай памяці дэталі таго незабыўнага вечара. Успаміналася толькі агульная атмасфера: балбатня з выпускніцай, ногі, што самі нясуць у парк, безаблічныя мінакі, байкеры, вулічныя музыкі… Пыркэлаба ён дакладна не бачыў. Але жонка пераконвала, што шпег перастаў за імі сачыць толькі каля ўваходу ў парк. «Паглядзеў, што ў нас з табой усё добра, і пайшоў на плошчу. Байкер-фэстам зацікавіўся». У мозгу археолага быццам нешта стрэльнула – так, як гэта не аднойчы бывала падчас раскопак ці разбору гістарычных дакументаў. Супаставіўшы факты, ён пацікавіўся, ці не дамовіўся Марку з матацыклетнымі братамі пра штосьці. Наста запэўнівала, што нічога пра тое не ведае.

Змоўнікі хвалілі Насту, падахвочвалі не выпускаць з рук сваё шчасце. Яна і не выпускала. Рабіла ўсё, каб прывязаць змучанага мужчыну да сябе. Ведала, што гібель Марыны і Марку – імітацыя. «Але і тое, што ты Гваздульцы не патрэбны, я таксама ведала». Увесь час была з ёй на сувязі. Давала справаздачы. Атрымлівала чарговыя порцыі пахвалы. Кахала Ягора ўсё больш і больш.

Слухаючы яе, муж прыгадваў абрыўкі фраз, якія яна казала ў слухаўку то чорту лысаму, то аднакласніцы з Аўстраліі. Усё выкрылася б значна раней, калі б ён быў больш уважлівым. Цяпер даводзілася слухаць попеламгалавупасыпальныя прызнанні і раз за разам пераконвацца, у якога даверлівага дурня неўпрыцям для сябе ён ператварыўся.

– І што будзе далей? – ціхутка, нібыта баючыся выклікаць снежную лавіну, папытала Наста.

– Думаю, што многае зменіцца, – цяжка ўздыхнуўшы, мовіў Ягор. – Якой бы яна ні была, я ўсё адно яе кахаю.

– Я не дам табе разводу, – жонка раптоўна асмялела.

– Добра. Я проста не буду з табой жыць, – нядбала шпульнуў той, задуменна свідруючы вачыма паветра.

– Навошта ўскладняць? У нас жа ўсё дагэтуль было добра. Амаль ідэальна. Праўда?

– Была калісьці праўда, ды заржавела. Наша ідылія грунтавалася на хлусні. А я гэтага дараваць не магу.

– А тое, што завадатарам хлусні была яна, цябе не бянтэжыць? Гэта для цябе а гіц ін паравоз[6] – дробязі пустыя? Ёй ты, атрымліваецца, гатовы дараваць.

– Яна асаблівая. Нават у сваёй хлусні.

– І замужняя, да таго ж.

– І што?

– Нічога. Любіш ты жураўля ў небе.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже