Алгарытм дзеянняў абмеркавалі яшчэ на базе. Руткоўскі павінен быў выйсці вонкі, знайсці сярод абломкаў карабля самапісец, вярнуцца з ім на цяжкавоз. Марына мусіла заставацца ў кабіне, адсочваць любыя змены вакол абломкаў, папярэджваць мужа пра небяспеку, дапамагаць тэхнічна, калі б гэта спатрэбілася. Усё як і падчас будаўніцтва водаправода. Быў, праўда, нюанс. Сярод абломкаў магла заставацца нейкая частка праху Марку Пыркэлаба, хоць ён і згарэў яшчэ ў космасе. Ягор не прамінуў згадаць пра гэта. Спытаў, ці не хоча Марына сімвалічна ўшанаваць памяць свайго загінулага мужа – пайсці ў адсек, дзе яго напаткала смерць, пакланіцца або проста памаўчаць. Жанчына, не раздумваючы, сказала на гэта цвёрдае «не». Прасіць тлумачэння адмовы мужчына не рызыкнуў.

Час для выправы абралі адмысловы – паміж марозам і скварам. Тэмпература за бортам пакуль толькі набліжалася да адзнакі, якая на Зямлі была б цярпімай для чалавека, пры ўмове, што чалавек прыбярэцца не як «морж» Афанасій на Вадохрышча, а як адважны даследнік Паўднёвага полюса Руаль Амундсэн. Пасяленцы неаднакроць прыкідвалі, выбудоўвалі гіпатэтычны выпадак, пры якім чалавек, апынуўшыся на Марсе без скафандра, здолеў бы пратрымацца хоць колькі хвілін, перш чым яго, наляцеўшы лютым кодлам, заб’юць верныя вартаўнікі гэтай планеты – непрыдатнае паветра, неспрыяльная тэмпература, нястрымная радыяцыя і неадпаведны атмасферны ціск. Апошні вартаўнік выглядаў ці не самым лютым, бо пакідаў чалавеку без скафандра найменей шанцаў. Усе разрахункі паказвалі, што лік ішоў бы на секунды.

Шукальнікі назіралі, як змяняюцца адценні колеру неба на даляглядзе. Як заўсёды спрытны Фобас спяшаўся насустрач вечнаму марудзе Дэймасу. Як шэрань, што разлеглася на камянях і грунце, рыхтавалася да сустрэчы з сонцам. Як над абсяжнымі нізінамі і рэчышчамі даўно няісных рэк клубіўся туман. Ветру не было. Відочных віхроў нідзе не заўважалася. Вызначаць набліжэнне невідочных пакуль не навучыліся. Дый былі перакананыя, што для цяжкавоза яны не бяда.

Тры ўзгоркі, абрысы якіх станавіліся ўсё больш выразнымі, спакваля набывалі выгляд рукачынных аб’ектаў. Марына зверылася з каардынатамі. Беспілотнік рухнуў якраз там. Адтуль жа рэгулярна (але не гэтым раннем) ішоў сігнал. Сумневы адпалі, як сорам у купальскую ноч, – набліжаліся не да камяністых узвышшаў, а да шуканых абломкаў. Спярша яны нагадвалі кавалкі пасечанай гіганцкай рыбы, а з зусім блізкай адлегласці набылі падабенства з косткамі агромністай дагістарычнай ці нават казачнай істоты. Кожны кавалак, а фактычна частку каркаснай канструкцыі, счарнелай ад неверагоднага па сваёй моцы пажару, укрывалі замеці пылу і пяску. Сляды пажару, аднак, заставаліся відавочнымі. Абшыўкі амаль нідзе не засталося. Толькі на пакарабачанай паверхні сярэдняга звяна з-пад напластаванняў сажы і пылу праглядаўся фрагмент эмблемы зямной экспедыцыі на Марс – выявы савы, што раскінула крылы. У астатнім стары добры «Навухаданосар» хоць і пазнаваўся, але досыць хваравіта. Давалася ў знакі памяць пра трагедыю, што разыгралася на ім. Прыпарошаныя пылам рэшткі «абяздольненькага беспілотніка» візуальна зліліся з россыпам камянёў метраў за дзесяць ад карабельнай крушні. Але камеры зонда дапамаглі ўпільнаваць і іх.

Замест таго, каб аб’ехаць вакол і меншых, і значна большых абломкаў, замест таго, каб агледзець усё і ўся з усіх канцоў, Ягор спыніў цяжкавоз непадалёк ад сярэдняга звяна касцяка загіблага касмічнага судна. Вырашыў не марнаваць час, каб да сапраўднага надыходу дзённага сквару зрабіць усё належнае і вярнуцца на базу. Каардынаты не былі дакладнымі да секунды, а сігнал усё яшчэ не аднавіўся. Рутоўскі выбіраўся з марсахода, усведамляючы, што яму давядзецца абысці нутро ўсіх кавалкаў гэтай мёртвай рыбы.

– Чорт бы яго ўзяў! – вылаялася Марына, што было найлепшым спосабам праверкі сувязі, але магло азначаць усялякае.

– Нешта здарылася? – усхвалявана спытаў мужчына, які паспеў ступіць на марсіянскую паверхню.

– Гэты хвастаты галагун неяк прашмыгнуў у фільтрацыйны адсек! – яна ажно задыхалася ад сердавання.

– Ну дык хай сядзіць. І нячысцік яго не ўхопіць. Забяру па вяртанні. Будзе гэтаму шэпшалу навука, – разважліва, хоць і не без драбка ўсмешкі, абвясціў свой гаспадарскі прысуд Ягор.

Уключыўшы шлемафонныя ліхтары, ён з трымценнем рушыў у сярэдзіну. Нутро ўсё выгарала. Часам цяжка было ўявіць, што тут некалі знаходзіліся шматлікія адсекі і віравала няпростае жыццё адчайных міжпланетных вандроўнікаў. Каментуючы для Марыны і прагаворваючы для сябе самога кожны крок, ён абышоў увесь ланцуг абломкаў па ўнутраным перыметры. Кавалкі труб. Рэшткі балонаў і міжадсекавых люкаў. Дзіры на месцы шлюзаў. Здавалася, што знайсці тут самапісец немагчыма. Хіба толькі дачакацца аднаўлення сігналу…

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже