Нага шукальніка не ўвайшла са звычайнай лёгкасцю ў намецены пясок – уперлася ў нешта. Шукальнік скіраваў туды святло ліхтароў, павадзіў мыском і ўбачыў кавалак чэрапа. З жонкай адкрыццём не падзяліўся, сказаўшы, што наступіў на абломак крэсла. Гадаючы, па кім з удзельнікаў палёту мог той кавалак застацца, Руткоўскі амаль там жа ўгледзеў пясчаны ўзгорачак. Марна паспрабаваў яго згладзіць. З пяску вытыркнулася апаленая па краях аранжавая скрынка, якую з прадаўніх часоў павялося называць чорнай. Адразу ж адрапартаваў Марыне. Тая, яўна ўсцешаная знаходкай, заклікала хутчэй вяртацца.
– Пачакай. Здаецца, тут яшчэ адна скрыня, – заўважыў ён, выцягнуўшы самапісец.
– Будзь асцярожны. Я цябе прашу!
– Мяне завуць Асцярожнасць, – пажартаваў ён, каб злагодзіць жончыны трывогі.
Новая знаходка не паддавалася. Давялося скарыстацца аналагам сапёрнай рыдлёўкі. Абкапаўшы знаходку, ён зразумеў, што перад ім незгаральная шафка. Амаль без пашкоджанняў, калі не лічыць некалькіх увагнутасцей, поўнай адсутнасці фарбы і чарнаты замест панэлі кодавага замка. Уразіла ж, аднак, не захаванасць, а прыкметны след чалавечай рукі на дзверцах.
Кубічнай формы шафка была дастаткова кампактнай, але надзіва цяжкай. Муж папрасіў Марыну падагнаць марсаход бліжэй да зручнейшага прагалу, каб можна было з запасам вызваліць трос, замацаваць знойдзены куб і паціху вывалачы вонкі. Словамі «пяшчотна» і «рэзка» Ягор кіраваў перамяшчэннем, намагаючыся не памыліцца. Гэта і смяшыла жонку, і сапраўды дапамагала, але так і не надало ідэальнага руху – куб вуглом зачапіўся за нагрувашчанне аплаўленых труб, адскочыў убок і, ледзь не шарпануўшы Ягора, грукнуўся аб край канструкцыі суседняга звяна. Рэшткі карабля, якія невядомым цудам дагэтуль трымаліся, сталі асыпацца ў сярэдняй частцы. Імгненна ацаніўшы становішча, Руткоўскі сігануў углыб самага носа
– З табой усё добра? – заўважыўшы абвал, цугляла нерваванне жонка.
– Так. Зараз выберуся, – падаў голас шчаслівец, гатовы ісці ў заклад, што яна там ад перажыванняў раскусала сабе вусны. – Губы беражы, мілая. А то цалавацца будзе балюча.
– А табе ўсё смешкі, – ураз павесялела, адчуўшы палёгку, тая. – Што за мужыкі на гэтым Марсе? Кот працмыга і муж грыбазвон.
Шафку выраклі везці проста на лябёдцы. Так і сказалі: «Грузіць цябе ў марсаход каштуе лішняй валтузні». Трымаючы самапісец, Ягор адчуваў, як у ім абуджаецца даследчык. Загадзя смакаваў разгадкі многіх сакрэтаў палёту «Навухаданосара». Нешта важнае хавала ў сабе і шафка. Тое, што менавіта яе меў на ўвазе капітан Смолет, ужываючы слова «бокс», Ягор ужо і не сумняваўся. Ды чарвячок сумневу шчыраваў наконт чагосьці іншага. Як даследчык ён цудоўна ведаў гэткі дыскамфорт, але не мог зразумець, чым менавіта ён справакаваны цяпер.
– Адчыняй сенцы, – узняўшы перад дзвярыма самапісец, бравурна пратрубіў ён адзін з любімых бацькавых выразаў.
– А ў нас казалі: «Адчыняйце вароты! Едзе пан крывароты!» – быццам падхапіла мужавы асацыяцыі Марына, націскаючы паслядоўнасць лічбаў для адкрыцця ўваходу ў шлюзавы адсек.
Дзверы перад Руткоўскім пасунуліся, ён паспяшаўся запраторыць у прагал сваю першую знаходку, каб самому хуценька ўзлезці яшчэ да поўнага адкрыцця. Як толькі ён паставіў самапісец, з адсека маланкай выскачыў Варгін.
– Тваю матніхай, – вылаяўся мужчына, як ніколі не лаяўся пры жонцы і большасці знаёмых жанчын. – Ты ж казала, кот у фільтрацыйным.
– О божа, – прамармытала яна, зразумеўшы, што за жартамі з мужам набрала няправільную камбінацыю і разблакавала двое дзвярэй.
– Секунд пятнаццаць у яго ёсць, – паралельна яе мармытанню прамовіў Ягор і кінуўся (дзеяслоў «кінуўся» – таксама найлепшы сябар назоўніка «скафандр») да абломкаў.
– Ты не паспееш. Яму капцы. Бедны Варгін. Якая ж я разява, – прыгнечаная памылкай жанчына выдавала аднаскладовыя фразы.
Муж не адказваў.
– Не пужай мяне. Вяртайся. Коціку нашаму ўжо нічым не дапаможаш, – цвердзіла Марына.
– Так, відавочна, – азваўся нарэшце Руткоўскі. – Не магу толькі зразумець, куды гэтае крапіўнае семя драпака задало. Які б ні быў наш каток, а лічы, што разам з намі трэцім пасяленцам на Марсе быў. Не хачу, каб яго косткі заставаліся ў гэтым змрочным месцы. Забяру, а дома… – ён асекся і праз секунду паправіўся: – …а на базе прыдумаем, як яго пахаваць.
– Мы ж не ў Старажытным Егіпце, каб коцічкам з пашанамі хаўтуры правіць! – не вытрымала яна Ягоравай настырнасці. – Апошняга з нас двух увогуле не будзе каму хаваць, а цябе мёртвы кот хвалюе!
– Не пераймайся, – муж не губляў раўнавагі, працягваючы шукаць цела Варгіна. – Хто б з нас ні памёр тут апошнім, у яго будзе шыкоўная магіла. Нават цэлы маўзалей, я б сказаў.
– Вяртайся. Калі ласка…
– А гэта яшчэ што такое? – нібыта не пачуўшы Марыну, здзіўлена выкрыкнуў ён.