За акном лютавала снежная віхура. Батарэі ў кватэры не грэлі. Але холаду суразмоўцы да часу не заўважалі. Дужа моцна іх гарачыў прадмет размовы. Цяпер жа, калі многае праяснілася, а наперадзе заставаліся няпэўнасць і невядомасць, холад стаў адчувацца выразна. Залезшы на канапу, Наста схавала ногі пад сябе, рукі скрыжавала на грудзях і пацірала далонямі плечы. Ягор выйшаў у іншы пакой і неўзабаве вярнуўся з цёплым пледам, які перадаў азяблай жонцы. Не столькі з клопату пра яе, колькі пра тое жыццё, што расло ўнутры гэтай хлусліўкі. Хлусліўкі, якая так шмат зрабіла для яго. Хлусліўкі, з якой яму сапраўды было добра. У нейкае імгненне яго калупнуў сумнеў: «Можа, не рыпацца і пакінуць усё як ёсць?»
«Ды не. Глупства якое!» – выгукваў у думках ён потым, калі сумнеў знікаў у прорве нясцерпнасці, а думкі ляцелі праз снег за далягляд – у Марсель, пра двух жыхароў прадмесця якога кагадзе апавядалі старыя Гваздовічы.
У Марселі таксама пахаладала. Але не так моцна, каб даставаць цёплыя пледы ці ўключаць абагравальнікі. Марку і Марына замацавалі прымірэнне завірушным сексам. Лежачы ў пасцелі, яны ніяк не маглі пазбавіцца адчування, што думкі Ягора ўжо тут, у іх спальні, уюцца нябачным роем – прадвеснікам з’яўлення свайго гаспадара. Суцяшалі сябе тым, што, хоць Руткоўскі і можа прывалачыся ў Марсель, у лабараторнае мястэчка яму ніхто прашыцца не дазволіць.
Вялікі марсаход рухаўся няспешна. Масіўныя колы. Узмоцненая браня. Уманціраваная лябёдка. Сонечная батарэя. Машына лёгка адольвала нязначныя і нават сярэднія перашкоды – камяні, узгорачкі, нізінкі. Шлях, як і на яго малым пабраціме, карэктаваўся звесткамі сканераў і санараў. Аднак, рыхтуючыся да выправы, пасяленцы ўдасканалілі сістэму навігацыі і бяспекі зондам, які добра дапамог ім падчас будаўніцтва водаправода. Ягор жартаваў, што марсаход цяпер, на погляд якога-небудзь падслепаватага тубыльца, падобны да Віні-Пуха з шарыкам. Марына адказала, што добра, каб гэты тубылец не прыняў марсаход за мішэнь. Было не вельмі смешна, але штукарскае буфонства Варгіна, якога зноўку ўзялі з сабой, настрой ўсё ж падымала. Хай сабе і не на вышыню лунання зонда. Адчуваючы гэта, Руткоўскі мульцяшным галаском заводзіў песню:
Маладзіцу разбіраў задорысты смех, і яна пляскала спевуна далонню па плячы, просячы ўтаймавацца. Але ён не ўтаймоўваўся, бо
Каменная пустэльня, пясок якой часам нагадваў рассыпаную карыцу, а часам – мелены чырвоны перац, візуальна была добра знаёмай. Зрэшты, гэта не замінала ёй выпраменьваць загадкавасць, прымушаючы зямлян цераз раз адчуваць, як зводзіць шлункі ад хвалявання. Яны агіналі кратар, на броўцы жэрла якога Ягор прапанаваў Марыне выйсці за яго замуж.
– Пазнаеш? – з затоенай радасцю ад успаміну спытаў мужчына.
– Не зусім. Але здагадваюся, пра што ты, – зазіхацела ўсмешкаю яна, пацалавала мужа і памахала рукой у бок кратара.
Варгін зыркаў то туды, то сюды, не знаходзячы прычын для ўсцешанасці. Руткоўскі пусціўся ў прасцяжныя развагі. Казаў, што многія мясціны набываюць для людзей пэўны сэнс або значнасць толькі ў звязку з яркімі эмацыйнымі перажываннямі. Напалягаў на тым, што кожны аб’ект, напрыклад, у горадзе, можа ўспрымацца рознымі людзьмі па-рознаму (іншым разам – радыкальна па-рознаму) у залежнасці ад эмацыйнага досведу канкрэтнага чалавека.
– Таму смела можна сцвярджаць, што, жывучы ў адным горадзе, людзі насамрэч жывуць у розных гарадах, – патэтычна рэзюмаваў даследчык старажытнасцей.
– Толькі гарадоў, калі не лічыць такім нашае «прыстанішча», тут нямашака. Што да гэтага камення, то прабач: найчасцей мы з табой усё-ткі на розных планетах знаходзімся, – адрэагавала жанчына надзвычайна сур’ёзным тонам, дачакалася засмучанай міны каханага, пасля чаго выбухнула смехам і заўважыла: – Але гэта ўсё не перашкаджае нам быць разам і знаходзіць кропкі судакранання.
– Згодна з прынцыпам
За кратарам пачыналася тэрыторыя, якую яны ведалі толькі са спадарожнікавых карт і з відэазапісу беспілотніка. На свае вочы, хай сабе і праз магутную тоўшчу шкла, бачылі тутэйшыя краявіды ўпершыню. Не сказаць каб чарговая порцыя сумесі карыцы і чырвонага перцу прапаноўвала зроку нешта зусім новае. Але балбатня тут знікла сама сабой. Не праз россыпы камення, узвышшы, лагчыны і жэрлы дробных кратараў. А з прычыны поўнай нязведанасці абшараў, на даляглядзе якіх ужо трапятаў кволы намёк на пункт прызначэння. Лішняя ўважлівасць не шкодзіла.