Аўтар непадпісанай прадмовы запэўніваў чытача («а ты, мой чителнику милый»), што хоць сабраныя тут «поведанья и знаемости» могуць падацца неверагоднымі, але ўзятыя з вартых даверу крыніц, дарма што не кожная з іх утрымлівае спасылку на аўтарытэтнае імя. Да ўсяго ж, у кнізе не было пагінацыі. Руткоўскаму, які за час камандзіроўкі фізічна не змог бы здужаць увесь аб’ём тэксту, даводзілася асцярожна гартаць не ўчора зжаўцелыя старонкі і старанна весці адлік. Часам на іх прыкмячаліся лічбы ці сляды лічбаў, выведзеныя кімсьці дзеля зручнага карыстання. Зрэшты, калі даследчык далічыў да старонкі, якую згадваў у артыкуле мазырскі калега, шуканага «поведанья» там не знайшлося. Непрыемнае прадчуванне ахінула Ягора. Але ён вырашыў прагартаць яшчэ колькі старонак і на пятай, да сваёй вялікай радасці, знайшоў тое, што хацеў. Зверху чарнілам была выведзена лічба, якую мазыранін, відаць, памылкова пазначыў як нумар старонкі.
Чыталася лёгка. Старасвецкі друкаваны тэкст заўсёды чытаць лягчэй, чым прабірацца праз нетры завіткоў рукапіснага. Руткоўскі чытаў вельмі ўважліва, удумваючыся ў кожны радок. Калі сэнс нейкага слова ці выразу падаваўся цьмяным, звяртаўся да ноўтбука і знаходзіў адказ – «рэспонс»! – у анлайн-слоўніку старабеларускай мовы. Ён адзначыў для сябе жывасць апавядання і пэўны літаратурны талент ананімнага аўтара, які запознена выкрываў язычніцкія перажыткі жыхароў розных куткоў «далюблінскага» Вялікага Княства Літоўскага ад Берасця да Канева, ад Вільні да Чарнігава, але разам з тым запэўніваў «чителника», што «за кролем Жикгимонтом Августом» нарэшце «вера хрестиянская» над «забобонами балвохвалства а иншими герезыями поганскими» рашуча «викторию албо звитяжство однесла».
Звяртаючы пільную ўвагу на юравіцкі эпізод, Ягор так і не адшукаў у ім нешта выразнае, што дало б падставу звязваць тамтэйшы культ з пакланеннем планеце Марс. Ні з апісання, ні з гравюры, якой быў упрыгожаны тэкст, не вынікала, што гаворка можа ісці менавіта пра Марс. На гравюры «планита» з чалавечым тварам і прамянямі-космамі асвятляла дробныя фігуркі «балвохвалцев», якія аддаваліся малітве перад ідалам. Выява ідала была схематычнай і мала чым нагадвала апісанне ў тэксце. «Я художник, я так вижу». Атрымлівалася, што мазырскі даследчык таксама быў той яшчэ «мастак». Звесткі трактата слаба стасаваліся з яго высновамі, якія цяпер здаваліся калі не поўнай фальсіфікацыяй, дык падтасоўваннем фактаў дакладна.
Навуковец яшчэ раз перачытаў адпаведны эпізод. Слова за словам. Радок за радком. Вока зачапілася за выраз «лоск черчатый», якім апісвалася ззянне памянёнай «планиты». Чытаючы першы раз, ён самастойна пераклаў гэта як «акрэслены (выразны) бляск». Другім заходам вырашыў зверыцца са слоўнікам. Выявілася, што прыметнік «черчатый» меў у старабеларускай значэнне «чырвоны». Цяпер логіка мазыраніна станавілася больш зразумелай: у кантэксце апавядання «планита» і яе «лоск черчатый» маглі нагадаць яму выраз «чырвоная планета», які ў найноўшы час трывала замацаваўся за Марсам.
На колер Марса звярталі ўвагу яшчэ старажытныя егіпцяне, называючы яго «Чырвоны Гор». Але ніхто не ведаў, ці мелі продкі беларусаў уласную вобразную назву гэтай планеты, дзе фігуравала б чырвань. На жаль, гісторыя астранамічных ведаў на беларускіх землях заставалася маладаследаванай. І Руткоўскі змог прыгадаць толькі пазычаныя са спадчыны грэкаў і рымлян назвы «Ариес» і «Марс», што сустракаліся ў старадаўніх тэкстах накшталт зборніка «О поесех небесных» ці ў перакладзе дыярыюша Сымона Акольскага («а еще Марс в своей поре стоить»). Народных назваў Марса ў беларускім фальклоры не адкапаў нават Цімафей Авілін. Сцвярджэнні ж асобных публіцыстаў, быццам для беларусаў Марс быў Мядзведзем, выглядалі чыстай спекуляцыяй. Пагатоў нельга было давярацца фантазіі Вацлава Ластоўскага, які ў сваіх «Лабірынтах» між сямі галоўных сіл называў Ярылу, прыпісваючы яму за сімвал «гвязду Марс». Руткоўскі добра ведаў, што маштаб народных уяўленняў пра Ярылу калісьці занадта моцна раздзьмуў той самы мудрагель, які пасяліў Авідыя пад Пінскам, – Павел Шпілеўскі.
Ягор адсунуў кнігу з разуменнем, што і тэкст, і гравюра самі па сабе даюць глебу для інтэрпрэтацый. З абвінавачаннямі на адрас калегі ён пагарачкаваў. Але тое, што калега толкам не абгрунтаваў свае высновы, па-ранейшаму лічыў недаравальным. Праўда, і тут маглі хавацца не злосная задума ці даследчыцкая некампетэнтнасць, а чыста тэхнічны клопат сціскаць артыкул да гранічнага максімуму друкаваных знакаў, якога вымагалі правілы выдання. Колькі недарэчнасцей заўсёды здаралася праз гэта!