Праўда, ва ўсім гэтым вінаваты не толькі паэты, але і наша бяззубая, бесхрыбетная крытыка і яе хросныя бацькі. I як тут не прыгадаць скаргі Эразма Ратэрдамскага: «Але калі б меў столькі вуснаў, колькі зор мігціць на маўклівым фірмаменце ў ціхую ноч, або так шмат як пялёстак, якія лагодна вясенні вецер асыпае на зямлю, не змог бы выказаць жалю на розныя злыбеды, ад прыгнёту якіх у наш час церпіць святое мастацтва паэзіі».

14.ІV

Учора прыехаў на саюзную нараду па дзіцячай літаратуры. Спыніўся ў гасцініцы «Масква», у нумары 662. Былі з Янкам Брылём у Оперным тэатры на «Аідзе». Потым пайшлі яшчэ на Чырвоную плошчу. На Каменным мосце ёсць адна мясціна, адкуль відаць усе пяць Крамлёўскіх зор, якія сёння асабліва ярка вылучаліся на цёмным фоне неба. Чытаю зборнік кітайскіх паэтаў.

15.ІV

Глядзеў у МХАЦе «Плоды просвещения». У СП сустрэўся з М. Прыгарай, якая пазнаёміла мяне з Ю. Збанацкім. Яна прасіла памагчы адшукаць бацькоў беларускіх дзяцей-партызан, якія знаходзяцца ў Кіеве. Дамовіліся, што яна прышле мне спісак іх прозвішчаў. Быў у Ірыніна, з якім удакладнялі пераклады маіх вершаў. Званіў дамоў.

18.ІV

Праслухаў на нарадзе некалькі цікавых выступленняў. Расказвала старшая піянерважатая, што аднойчы да яе звярнуліся дзеці: – Наташа, а што калі б мы выклікалі да сябе пісьменніка, які не хоча пісаць для дзяцей, і паругалі яго за гэта?

12.V

Узяў у А. Куляшова некалькі перакладзеных ім вершаў Ісакоўскага для «Полымя». Мне вельмі падабаецца, як Аркадзь чытае. У яго нат сярэднія вершы неяк гучаць «весомо, зримо».

Абель План у сваёй кнізе «Вецер у аліўкавых гаях» прыводзіць цікавую вытрымку з «Іспанскіх зборнікаў» Р. Форда: «Калі памёр богаўгодны Фердынанд III, яго адразу святы Іакаў павёў да Багародзіцы, якая спытала: што ён жадаў бы для дарагой яго сэрцу Іспаніі? Манарх папрасіў масла, віна і хлеба. Гэта было дазволена. А яшчэ – сонечнага неба, адважных мужчын і прыгожых жанчын. I на гэта атрымаў дазвол. Сігар, мошчаў, часнаку і быкоў. Калі ласка. Добрага ўрада. У гэтым яму было адмоўлена: – Не, не, нельга, – сказала Багародзіца. – Калі б гэта было падаравана Іспаніі, то ні адзін анёл не захацеў бы жыць на небе».

Быў у Ц. Гарбунова. Запрапанаваў мне выправіць некаторыя мясціны ў лібрэта «Страшны двор», бо, можа, яе павязуць у Маскву на дэкаду.

20.V

Учора цэлы дзень ішоў мокры снег. Абламаў усе дрэвы ў скверах і парках. Першы раз прыйшлося нешта падобнае бачыць. Быў у ЦК камсамола ў П. М. Машэрава, які толькі што вярнуўся з Кітая.

Сцюжа. Прыгадаў прыказку свайго дзеда: май – каню сена дай, а сам на печ уцякай. Накідаў верш пра Антона Нябабу. Адклаўшы нудную палітграмату, узяўся за Ф. Бонта «Дарога чэсці».

21.V

У лістападзе мінае 10 год са дня трагічнай смерці Бруна Шульца, забітага ў Драгобычы фашыстамі, аб чым мне калісьці расказваў Е. Барэйша. Трэба было б да гэтай сумнай гадавіны хоць нейкі фрагмент з яго «Магазінаў карыцы» перакласці і пазнаёміць нашых чытачоў ды і пісьменнікаў з яго экспрэсіянісцкай прозай.

24.V

Пасля цяжкой хваробы памерла Вера Сурская. На пахаванне не змог пайсці, бо сам ляжаў з тэмпературай.

Дажджы. Нават выкінуліся грыбы. Зранку прынеслі цэлы кошык баравікоў. Выйшаў хораша аформлены аднатомнік маіх вершаў. Збіраемся ўсім сваім калгасам ляцець у Маскву.

25.V

З захапленнем чытаю А. Ісаакяна:

На глухой вяршыні Арарата

На адно імгненне век спыніўся

I пайшоў...

Востры меч палаючай зарніцы

Аб алмазы яркія разбіўся

I пайшоў.

Зрок забраных смерцю пакаленняў

Пакаўзнуўся на яго вяршыні

I пайшоў.

Наступіў і твой час на імгненне,

Каб ты глянуў на яго вяршыню

I пайшоў.

11.VІ

Вярнуліся з Масквы. У вагоне прачытаў выдатную паэму чувашскага класіка К. Іванова «Нарспі», якую пераклаў і падарыў мне Ірынін.

Калі будзе добрае надвор’е, паеду на Нарач і пастараюся заглянуць у сваю Пількаўшчыну. Нешта там у калгасе не ладзяцца справы. Старшыня, чуваць, п’е і не дбае аб гаспадарцы. Усё ідзе самацёкам. Толькі пасля кожнага наведвання дому з трывогай вяртаюся ў Мінск. Старымі і адзінокімі дажываюць свой век бацькі. I хата асунулася ў зямлю. Пачалі будаваць новую. Толькі буйна разросся сад, асабліва ляшчэўнік, які некалі я насадзіў, і шырока над студняй раскінула сваю крону бабіна вярба і пасаджаныя бацькам два дубы ў той памятны год, калі вярнуліся з бежанства.

17.VІ

Ездзілі ў Вільнюс. Вельмі ж хацелася Любінай маці пабываць на сваёй старой, дажываючай свой век сядзібе. Наведалі і Новасвецкі магільнік, дзе пахаваны стары А. Асаевіч. Але колькі ні хадзілі, так і не адшукалі яго магілы. Усё зарасло травой, кустамі. На адным з помнікаў нехта напісаў: «Тут пахавана (імя, прозвішча) першая жонка штацкага саветніка». Аб’ездзілі ўвесь горад. Забег на некалькі хвілін да П. Сергіевіча. У майстэрні – шмат новых, арыгінальных яго работ. Збіраецца – казаў – пісаць партрэт Ф. Скарыны і на ўсё лета паехаць да рыбакоў на сваю Браслаўшчыну. На сценах напісаныя ў новых, больш светлых тонах карціны: «Жыта», «Абед трактарыстаў», «Пасадка дрэў», добры дзесятак вельмі цікавых партрэтаў.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже