Як ювелір, карпееш ты над словам.

А вартасць слова мерыцца крывёй,

А не, манах, тваёю балбатнёй.

Уся нядзеля такая мітуслівая. Кожны сход у вярхах выклікае ланцуговую рэакцыю аж да самых нізоў. Вельмі доўга і легкадумна мы захапляемся індустрыялізацыяй і заваяваннем прыроды. «I калі ты, горад, станеш месцам фабрык дымных і машын». Зараз многія гарады ўжо сталі крэматорыямі, як называюць палякі раёны свайго Горнага Слёнску.

I так, перапісваю з чарнавікоў свае ранейшыя вершы.

* * *

Настаў зноў вечар навагодні,

Пад сумятлівы крык варон.

Над полем сівер непагодны

Калыша снежны перазвон.

З кім падзялюся я трывогай,

Калі ніхто з маіх сяброў

Не прыйдзе сёння да парога

З этапных сцежак і шляхоў.

I ўсё ж гары, лучына, ў хаце!

Мо ад твайго святла хутчэй

Начныя зоры разгарацца

I сэрцу будзе весялей.

(31.ХІІ.1938 г.)

* * *

Без «świadectwa moralności»

Ён пакінуў гэты свет.

У паперах напісалі:

«Беларус... паэт...»

Толькі-толькі пахавалі,

Зноў апекуны прышлі,

За antypaństwowe вершы

Зноў павесткі прыняслі,

На магіле палажылі,

Каб не трапіў у Эдэм

I хутчэй на суд з’явіўся,

Артыкул 97.

(13.11.1937 г.)

 * * *

Па скверах, па збітай траве

Дождж сеецца вечарам сіні.

Самотны стаіць чалавек,

Загледзеўшыся на вітрыны –

Люстраныя шыбы кнігарні.

(15.11.1937 г.)

21.IX

Сёння ўсе дэлегаты з’езда Кампартыі Беларусі былі на адкрыцці манумента Сталіна, які грозна і велічна ўзняўся на цэнтральнай плошчы, перад скверам. Мне здаецца, ён непрапарцыянальна вялікі ў параўнанні да абрамляючых яго будынкаў і руінаў яшчэ незабудаванага заплечча і нават шматтысячнага натоўпу народа, які сабраўся на гэту ўрачыстасць.

28.ІХ

Абмяркоўвалі новую паэму А. Куляшова. Яна значна слабей за «Сцяг брыгады» і «Толькі наперад», напісаных на вялікім ідэйным і мастацкім уздыме. Учора ў ЦК Ц. С. Гарбуноў крытыкаваў нас, палымянцаў, за артыкул С. Майхровіча, за няправільнае яго асвятленне творчасці Чачота, Баршчэўскага. Колькі я, як рэдактар, наслухаўся розных заўваг, папярэджанняў ад людзей, што хацелі літаратуру звесці да ролі агіткі, якая гэтым толькі кампраметуе сябе і, як літаратура, траціць сваю вартасць.

4.Х

Вярнуўшыся з Каралішчавіч, даведаўся аб смерці У. I. Агіевіча. Цяжкое ўражанне пакінула ва ўсіх гэта прадчасная смерць чалавека прыгожай душы. Я шмат з ім ездзіў на розныя літаратурныя сустрэчы. Перад смерцю прасіў, каб яму далі жывой вады. Толькі дзе яе ўзяць? Асіраціў сваю шматлікую сям’ю, якой без свайго кармільца цяжка будзе жыць.

5.Х

Пачынаецца XIX з’езд партыі. Усе, наставіўшы радыёпрыёмнікі, слухаем Маскву.

Пад датай 13.11.1930 г. яшчэ знайшоў некалькі сваіх вершаў:

ТЫ ЧУЕШ, БРАТ...

Ты чуеш, брат, як на прадвесні

Вятры, лёд крышучы, гудуць,

Як на сваю радзіму з песняй

Зноў птушкі з выраю лятуць.

Пагоні сілы баявыя,

I вы рыхтуйцеся ў паход,

Каб знішчыў путы векавыя

Наш заняволены народ.

Глядзіце ў будучыню смела!

Настаў доўгачаканы час,

Пад сцягам бел-чырвона-белым

Чакае перамога нас.

Няхай жа меч Пагоні ззяе!

Гартуйма нашу еднасць, моц!

Вядзі нас, Воля прасвятая,

Да новай славы, новых сонц!

* * *

Калі сцежку тваю цернь пакрые густы

I нахлынуць панурыя хмары

Лютай цемры ліхой, не палохайся ты,

Не схіляйся прад ёю, таварыш.

Лепей песню сваю баявую запей,

I на сэрцы тады стане шмат весялей.

* * *

Я ляту, як птушка,

На сваім кані.

Гэй, вятрыска, песню

Маю дагані!

Не дагоніш, вецер,

Песні ты маёй,

Што ляціць свабоднай

Птушкай над зямлёй.

* * *

Не забудзе катаваны

Наш народ цяжкія раны,

Помніць курганы-магілы,

Дзе схаваны яго сілы.

Хай дрыжаць усе тыраны,

Хутка помсты дзень настане.

Колькі я тады пісаў такіх вершаў! Адзін нават, помню, быў надрукаваны ў «Вучнёўскім звоне». Не помню толькі, пад якім псеўданімам і хто яго туды занёс, бо я ўжо тады вучыўся не ў беларускай гімназіі, а на меліярацыйных курсах. Перакладаю па падрадкоўніках вершы нашых літоўскіх сяброў. Не ведаю, ці заўважыў хто, што этнаграфічныя рубяжы найбольш багатыя на таленты.

19.ХІ

Усе апошнія дні заняты коласаўскімі юбілейнымі ўрачыстасцямі, на якіх было шмат гасцей амаль з усяго Савецкага Саюза.

21.ХІ

Прыснілася, што над пількаўскім Вялікім борам ляціць цень чалавека. Я паказваю гэта дзіва свайму дзеду. I, раптам, цень гэты распадаецца, і над намі пачынаюць кружыць чорныя крумкачы.

Закончыў казку «Быль пра злога Сухавея».

25.ХІ

К. Д. Фрыдрых гаварыў: «Мастак павінен маляваць не толькі тое, што бачыць перад сабой, але тое, што бачыць у сабе, а калі нічога не бачыць у сабе, павінен перастаць маляваць тое, што бачыць перад сабой». Гэта, мне здаецца, можна сказаць і пра пісьменніка.

Пры ўсім аптымізме, мяне чамусьці не пакідае трагізм існавання. Мо гэта – далёкае рэха катастрафістаў, якія аказаліся, на вялікі жаль, больш прадбачлівымі, як многія з нас. Агулам, слушна пісаў калісьці Т. Ман, што пісьменнік – чалавек, якому пісанне спраўляе большыя цяжкасці, як іншым людзям. Амаль усе свае вершы безліч раз перапісваю і праўлю.

1.ХІІ

Збіраемся з Куляшовым у Маскву на канферэнцыю прыхільнікаў міру. Агулам, колькасць розных грамадскіх нагрузак не пакідаюць часу на маю асноўную, пісьменніцкую працу. Часамі нават думаю: можа, у гэтым нехта і зацікаўлены.

1953

2.I

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже