Учора адсвяткаваў у Каралішчавічах Новы год. Нешта Пімен замкнуўся, сядзіць дома. Павіншаваў я яго па тэлефоне. Магчыма, ён яшчэ не развітаўся са старым годам.
7.I
У рускім тэатры пазнаёмілі мяне з М. П. Ахлопкавым. Ён хоча ў праграму дэкаднага канцэрта ўключыць і выступленне каго-небудзь з нашых паэтаў. Папрасіў, каб я яму прачытаў свой верш «Форт Ружана». Тройчы я чытаў, а ён усё патрабаваў: «Мацней! Мацней!» Апошні раз я яму чытаў такім грамавым голасам, што аж сам здзівіўся: «Очень хорошо!» – пачуў з задніх радоў тэатра, адкуль ён слухаў мяне. Аж страх мяне ахапіў, што могуць мяне ўключыць у гэты канцэрт. А галоўнае – трэба напісаць і такі верш, з якім не сорамна было б выступіць.
14.I
Напісаў казку «Конь і Леў». Вечарам з Любашай былі на фільме «Малады Каруза». Мне здаецца, што паэзія наша вельмі традыцыйная па форме. Паэмы – зарыфмаваная проза. I чорт ведае, як усё гэта ажывіць. Ведаю толькі, што паэзія, якая не ставіць перад сабой складаных праблем свайго часу, перастае быць паэзіяй, да якой мы вяртаемся, якая з’яўляецца неабходнай у нашым жыцці. Мы вельмі любім да розных выкрутасаў прыбаўляць «неа» (неасімвалізм, неарамантызм, неакласіцызм...), хоць гэта ад ніякага пераймання не ратуе.
18.I
Магчыма, што хутка пераедзем на новую кватэру. Тут, дзе зараз жывём, цеснавата для такой сям’і з дзевяці чалавек, як наша. I неяк шкада пакідаць наседжанае месца, гэты невялікі зялёны дворык і дрэвы, якія сваімі кронамі дацягнуліся амаль да трэцяга паверха.
12.II
Раніцой хадзілі галасаваць. Ледзь дабраліся да выбарчага ўчастка, такі дзьмуў штармавы і пранізлівы вецер. Пераклаў верш А. Твардоўскага «Ля слаўнай магілы». Спрабаваў перакласці і яго «Ивушку», але нічога не выйшла. Адклаў. У апошнім нумары «Літаратуры і мастацтва» – артыкул Шчарбатава аб маіх вершах. Шмат вельмі слушных крытычных заўваг.
4.ІІІ
Радыё перадало аб цяжкім стане здароўя таварыша Сталіна. Што прынясе заўтрашні дзень?
6.ІІІ
У дзве гадзіны ночы прыйшоў Міхась Лынькоў. Ад шафёра Ц. Гарбунова ён даведаўся аб смерці Сталіна. У шэсць гадзін раніцы пачулася мелодыя гімна і голас Левітана абвясціў аб гэтым. Выйшаў на вуліцу, запруджаную народам. Усе пытаюцца, няўжо нельга было хвораму аказаць дапамогу, не дапусціць да трагічнай развязкі.
Вечарам у СП адбыўся жалобны мітынг, і мы з А. Куляшовым вырашылі ехаць у Маскву.
7.ІІІ
Субота. У СП сустрэлі С. Шчыпачова, які паведаміў, што вельмі цяжка прабіцца да Калоннага зала. Але мы, пакінуўшы свае партфелі ў брата Рэні Чорнай, пры дапамозе сваіх дэпутацкіх білетаў, хоць з цяжкасцямі, змаглі ўліцца ў чаргу і прайсці міма труны Сталіна.
8.III
Неспадзявана нам удалося ўладкавацца і ў гасцініцы «Масква» (№ 1406). Раніцай у фае сустрэлі М. С. Патолічава, які запрапанаваў нам далучыцца да ўрадавай беларускай дэлегацыі, і мы змаглі з усімі пастаяць у ганаровай варце. Я ўпершыню так блізка бачыў Сталіна. Аж не верылася, што гэта ляжыць той чалавек, які столькі год быў рулявым нашай краіны.
9.ІІІ
Гулка над Чырвонай плошчай прагрымеў салют. Над Крамлёўскім палацам узняўся чырвоны сцяг. На граніце маўзалея: Ленін, Сталін.
11.III
Заўтра з А. Куляшовым выязджаем з Масквы. Вечарам зайшлі да нас А. Твардоўскі і П. Варанько. А. Твардоўскі шмат цікавага расказваў пра Сталіна. Ён прысутнічаў пры пераносе яго ў Маўзалей. Якія цяжкія і трывожныя дні! На мітынгу ў СП Сіманаў заклікаў да напісання твораў пра найвялікшага генія ўсіх часоў і народаў, чыім імем азорана наша сучаснасць і будучыня. Заданне – не з лёгкіх. I як яно будзе вырашана, пакажа час – няўмольны суддзя і карэктар.
16.III
А. Куляшоў прынёс для «Полымя» цікавы верш пра Сталіна. Толькі, можа, расцягнуты. Але ён, напэўна, як кожную сваю рэч, будзе яшчэ раз дваццаць правіць, даводзіць да належнага ўзроўню. Чуваць, што наша дэкада мастацтва і літаратуры, якая безліч раз адкладвалася, адбудзецца ў красавіку г. г.
21.III
Вечар на аўтазаводзе. Даклад чытаў М. Лынькоў: «Вобраз Сталіна ў беларускай літаратуры».
Насталі цудоўныя прадвясеннія дні. У такі час дома на дрывотні пілавалі і складалі ў клады дровы. Цікава, як там зараз у Пількаўшчыне? Напэўна, на полі ўжо чарнеюць першыя праталіны.
26.III
Раніцой выклікалі ў ЦК. У загадчыка аддзела культуры і прапаганды К. Буслава застаў вядомага артыста і рэжысёра М. П. Ахлопкава. Яны пазнаёміліся са зместам майго дэкаднага верша. Зрабілі некалькі заўваг. У сувязі з апошнімі падзеямі неабходна ўнесці ў тэкст некаторыя змены. Гэта, здаецца, ужо будзе пятая ці шостая рэдакцыя, і яшчэ невядома ці прыйдзецца мне яго чытаць. У «Литературной газете» грамавы артыкул А. Фадзеева аб рамане Гросмана ў часопісе «Новый мир». Чытаю Жуля Камвона. Чуваць, з нейкай місіяй прыедзе да нас К. Сіманаў.
31.III
Падчас аварыі загінулі Ів Фарж і ўсе пасажыры і каманда самалёта.
9.ІV
Заўчора ва універсітэце быў мой літаратурны вечар, пасля якога шмат было розных пытанняў і запісак. Прачытаў новую цікавую аповесць А. Карпюка.
А гэта некалькі старонак з франтавога блакнота...
18.ІV