Помню, аднойчы П. К. Панамарэнка пытаўся, можа, варта П. Сергіевічу пераехаць у Мінск. Я не параіў, матывуючы тым, што ў Вільнюсе ён вучыўся, там у яго сваё асяроддзе, добрая кватэра і майстэрня. А больш за ўсё я баяўся, што ў склочнай атмасферы, якая пасля вайны панавала ў Саюзе мастакоў, ён не зможа ні жыць, ні працаваць.
19.VІ
Прачытаў першы том збору твораў Мао Цзэдуна. Некаторыя старонкі напісаны з паэтычным палётам: «Уздым рэвалюцыі падобны да карабля, які плыве, вяршыні мачт ужо бачны на далёкім гарызонце; ён падобны сонечнаму дыску, якога ззяючыя праменні, азараючы імглу на ўсходзе, ужо бачны з высокай гары».
25.VІ
I так, я на Нарачы. Крыху яшчэ дакучае сцюжа і нельга купацца. Зайшлі вучні Маладзечанскай сярэдняй школы імя I. В. Сталіна. Вечарам прыехаў Ф. Г. Маркаў. Прасіў, каб я выступіў на мітынгу пры адкрыцці помніка партызанам.
29.VІ
Прачытаў М. Аўэзава раман «Абай», напісаны ярка і з эпічным размахам, асабліва сцэны жыцця казахскіх феадалаў. Любаша з дзецьмі збіраецца на Нарач. А я, відаць, яшчэ застануся ў Мінску. Трэба схадзіць у Вярхоўны Савет да В. I. Казлова ў справе памілавання рыбака з вёскі Качаргі, папрасіць, каб памог вырашыць яго лёс. Ператрос сваю бібліятэку. Сотні дзве кніг трэба будзе перадаць школе.
Падзея ў жыцці горада – адкрыццё новага моста на Свіслачы. З гэтай нагоды паступіў заказ на верш, прысвечаны гэтай урачыстасці. I так розныя бягучыя справы, пераходныя, часовыя з’явы на задні план адсунулі нашу паэзію, і яна губляе кантакт з чытачамі, становіцца нецікавай. Недарма Вальтэр цаніў усе жанры, акрамя нудных, а Уайльд – нуду лічыў найстрашнейшай з рэчаў на зямлі.
7.VІІ
Пасля вечара, прысвечанага 70-годдзю Я. Купалы, А. Куляшоў, П. Броўка і я наведалі ў гасцініцы А. Твардоўскага. Ён прачытаў некалькі сваіх новых вершаў. Асабліва спадабаўся мне яго верш пра Леніна.
13.VІІ
Прыехаў Ф. Маркаў. На маторнай лодцы пераплылі на Гатаўскі бераг, а потым заваліліся да Барыса Чарняўскага – аднаго са старэйшых нарачанскіх рыбакоў, пра якога казала яго жонка, вельмі не любіць, каб яго называлі старым. Маркаў расказаў цікавую гісторыю. У адной вёсцы, падчас калектывізацыі, падбухтораныя кулакамі жанчыны вывелі старэнькую бабулю і перад трактарам усе леглі на зямлю. Што рабіць? Ён тады выклікаў некалькі трактараў і пачалі пахаць поле з розных канцоў. Стаміліся жанчыны бегаць ад трактара да трактара і разышліся па хатах. А ён узяў старую бабулю і адвёз на сваёй машыне ў бальніцу.
Далася ў тыя часы ў знакі гэта калектывізацыя. У нас яе праводзіў Л. Г. Кляцкоў. Потым ён мне расказваў, як цяжка было ўламаць майго дзядзьку Фадзея, якога шанавалі не толькі ў сваёй вёсцы. Не хацелі ў нас ісці ў калгас ды і баяліся розных банд, якія тады яшчэ туляліся па нашых лясных аколіцах. Нат заявы аб уступленні ў калгас падпісвалі адначасна, па камандзе, каб ніхто не быў першым, бо з першымі, як з актывістамі, жорстка разлічваліся бандыты.
28.VІІ
Закончыў баладу «Ля вогнішч начлежных». Прыехаў на Нарач з сям’ёй П. Броўка. Вечарам слухалі, як прыгожа, вяртаючыся з поля, спяваюць жнеі.
1.ІХ
Першы дзень занятак у школах. Пайшлі і нашы Ірынка і Верачка. Здаецца, адбылася нейкая надзвычайная радасная падзея. Нат сфатаграфіравалі іх для «Чырвонай змены».
10.ІХ
Коласа, Броўку, Крапіву і мяне выбралі наабласной партыйнай канферэнцыі дэлегатамі на XX з’езд КП(б)Б. Няспынна ідуць дажджы. Нат не хочацца выязджаць за горад, каб не бачыць, як гіне ўраджай. Не помню, каб так позна калі ўбіралі жыта і ярыну.
18.ІХ
Прывёз з Пількаўшчыны старыя чарнавікі. Фрагмент незакончанага памфлета «Ідылія» (30.ХІІ.1938).
М а н а х
... Перш так было: жыве сабе паэт,
На неба гляне, нечага заплача,
А крытык на цалюткі свет
Нам астраномію лірычную тлумачыць.
I мір на Беларусі быў тады.
Нідзе у летапісах даўніх
Не ўспамінаюць пра пабітыя ілбы
Ні ў крытыкаў, ні ў вершаплётаў слаўных.
Сустрэнуцца даўней, як з братам брат.
Змест гутаркі высокі – лёс старонкі.
Глядзіш – і апусцеў бутэлек рад
Крутой, нацыянальнай самагонкі.
Не гналіся за модай. Быў бы звон,
Без асанансаў, саракапудовы.
А тэмы іншыя, bоn-ton?
Смяяліся б з таго каровы.
I не было ні партыяў, ні каст.
Пасля, я думаю: віной – асвета.
Нацыянальны маналіт у нас
Распачалі даследаваць паэты,
З народу вышаўшыя.
Я не раз
Перасцерагаў усіх перад спакусай,
Ды наступіла змрочная пара,
I голас мой з амбонаў Беларусі
Да ачарсцвелых сэрц не прамаўляў.
I пачалі пісаць аб класавым змаганні,
Што, быццам, свет стварыўся з мазаля.
I тут знайшлі прычыну нараканняў.
Не раз супроць публічна выступаў
I, паклікаючыся на сілабус Пія,
З апакаліпсісу цытаты падбіраў,
Ды ўжо не верылі ў прадбачанні святыя.
Я, прызнаюся, цяжка вінават,
Што не магу глядзець на свет з пакорай,
Што ў маім летапісе шмат
Лірычных адступленняў, араторый.
Але, далей, ў храналагічным я
Парадку буду падаваць падзеі.
Мо праца крапатлівая мая
З-пад попелу гадоў запалымнее,
Калі мінуць асеннія вятры
I незалежнасць вызваняць званіцы,
Нашчадак мой да ранняе зары
Пачне з маіх пергаментаў вучыцца.
Як з падзямелля залаты сіроп,
Перабрадзіўшы, ярка завішнёвіць,
Тады старая быль...
Ч о р т
Гоп-гоп!