З захапленнем прачытаў апавяданне М. Лынькова «Агні Танганьікі». Сам Міхась Ціханавіч зараз ляжыць у лечкамісіі хворы. Трэба будзе яго наведаць. Учора былі ў мяне Я. Брыль, I. Грамовіч, М. Аўрамчык. Заседзеліся на радасцях, што будзе ў нас выходзіць новы штомесячны літаратурны часопіс «Маладосць».

Прачытаў цікавы зборнік вершаў Дзяргая і ўзяўся за М. Федароўскага і Го Мо-жо, які мне здаецца кітайскім В. Брусавым. «Дух непрымірымасці, рэвалюцыі – маці ўсіх мастацтваў». З Го Мо-жо я калісьці пазнаёміўся ў Празе на Кангрэсе прыхільнікаў міру, на якім ён выступаў з палымянай прамовай і абвясціў тэлеграму аб фарсіраванні народнай кітайскай арміяй Янцзы.

9.V

Субота. У мінулую сераду ездзіў з А. Куляшовым на Нарач. Былі ў Занараччы, у Купе і ў Пількаўшчыне. Рыхтуюся да экзаменаў па палітэканоміі і філасофіі. Прачытаў незакончаную аповесць Змітрака Бядулі «Сярэбраная табакерка». Пачатак гэтай рэчы мне вельмі спадабаўся. Але далей ёсць шмат мясцін, якія выклікаюць сумненне, губляецца падтэкст. Шкада, што ён не паспеў давесці гэту рэч да канца. I так гэта адзін з лепшых яго твораў па задуме, філасофскай глыбіні, прасякнуты народнай мудрасцю і арыгінальны па форме. I хоць К. Крапіва не раіць гэты незакончаны твор друкаваць, але іншыя члены рэдкалегіі «Полымя» з некаторымі скарачэннямі раяць даваць. I я з імі згодзен.

2.VІ

Перад сваімі гастролямі ў Львоў заходзілі Палосін, Кузьменка. Збіраюся з’ездзіць у Брэст на адкрыццё помніка партызанам і на сустрэчу з выбаршчыкамі ў Ружану. Званіў П. М. Машэраў. Раіў мне з нашай брыгадай пісьменнікаў з’ездзіць у Кіеў, дзе ЦК камсамола Украіны запланаваў правесці шэраг літаратурных вечароў і сустрэч з рабочымі, пісьменнікамі. Бяру ў дарогу Л. Рудніцкага «Старое і новае». З. Азгур пазнаёміў мяне са сваім цесцем, вядомым мастаком Г. Н. Гарэлавым. Піша мой партрэт і расказвае аб сваіх цікавых сустрэчах з М. Горкім на Капры і з Рэпіным у яго Пенатах...

8.VІ

На Брэстчыне трапіў у такое бездарожжа, што нат спазніўся на пачатак адкрыцця помніка партызанам. Начаваў у Пружанах. З М. Засімам пабывалі ў яго вёсцы Шэні і наведалі магільнік, на якім пахаваны закатаваныя фашыстамі яго бацькі.

20.VІ

Вярнуўся з Кіева, ачараваны хараством гэтага горада і стомлены бясконцымі сустрэчамі, гасціннымі прыёмамі нашых украінскіх сяброў.

Няма калі адпачываць. Трэба рыхтавацца да выступлення на пленуме Камітэта прыхільнікаў міру.

26.ІХ

Зноў апынуўся ў лечкамісіі. Наведала Любаша. Казала, заходзіў брат Веры Харужай. У пісьме, якое пакінуў, дзякуе за верш, прысвечаны яго сястры. М. Рыльскі прыслаў здымак, зроблены яго сынам Богданам, калі мы былі ў К. Арлоўскага ў яго калгасе «Рассвет».

4.Х

Чуюся лепш, хоць да нармальнага стану яшчэ далёка. Ездзіў з Максімам у Пількаўшчыну наведаць бацькоў. У Маскву ехаць на пасяджэнне Славянскага камітэта адмовіўся, бо, можа, паеду далечвацца ў Жалезнаводск. З захапленнем чытаю «Греческне эпиграммы».

«Я та Лаида, что гордо смеялась над всею Элладой,

Чей осаждался порог роем влюбленных, дарю

Пифии зеркало, видеть себя в нем, какою я стала

Уж не хочу, а такой, как я была, не могу».

(Платон. «Афродите от Лаиды»)

Набыў Гардэліна «Смерць Эмпедокла» і «Сатыры» Ювенала. Вечарам заходзіў дзядзька Рыгор. Ён толькі што вярнуўся з гастроляў па Украіне.

25.Х

Нядзеля. Зноў ляжу ў лечкамісіі. Прыходзіла Любаша. Былі А. Куляшоў, А. Зарыцкі, У. Нейфах. Глядзеў прафесар Трусевіч. Загадаў есці лімоны... Кожны дзень мяне наведвае сімпатычны С. I. Ларэнцэвіч.

4.ХІ

Б. Шоў, Ластоўскі, Хасе Марці... Стараюся, хоць у бальніцы, папоўніць свой пусты кацялок галавы.

Падчас хваробы напісаў два вершы: «Сад» і «Ля пасёлка Леніна».

30.ХІ

У Оперным тэатры, у якім глядзелі з польскай дэлегацыяй «Страшны двор», сустрэў Міраслава Жулаўскага, аўтара цікавай аповесці «Чырвоная рака», якую варта перакласці і даць у часопісе «Полымя». Хутка юбілейны вечар П. Пестрака. Магчыма, пры дапамозе М. С. Патолічава, атрымаю пуцёўку ў Барвіху, бо хвароба дае знаць аб сабе. Недзе чытаў, што Ф. Шапэн вельмі баяўся, каб яго не пахавалі жывым.

14.XII

Учора Куляшовы, Лужаніны і мы гасцілі ў Лыньковых. Міхась Ціханавіч толькі што вярнуўся з Нью-Йорка. Раніцой паехаў да бацькоў. У старой хаце, у якой жыве дзядзька Фадзей, на сценах развешаны паляўнічыя стрэльбы і трафеі – скуры лісіцы, зайцоў, белак. Сумнавата старым у гэтых кустах. Трэба будзе прывезці ім радыёпрыёмнік. На дарогу надзялілі мяне яблыкамі і пару бутэлькамі ад знаёмага варажбіта нейкай «жывой вады», якая, нібыта, лечыць ад усіх хвароб.

28.ХІІ

Пачаўся пленум нашага СП, на які прыехалі з Масквы: Ісакоўскі, Суркоў, Мазалькоў, Піменаў. З дакладам выступіў А. Макаёнак. Вечарам зайшоў да нас М. Засім. Напіўся, чорт! Пазычыў сто рублёў і, здаецца, пайшоў да Я. Брыля. Пісанне даецца яму цяжка. Амаль кожны верш дапрацоўваем, шліфуем у рэдакцыі. Засеў пісаць навагоднія віншавальныя паштоўкі, тэлеграмы. А гэта Я. Коласу:

Паколькі настала з снягамі зіма,

А ў доме яшчэ тэлефона няма,

У светлае ў навагодняе ранне

Фотатэлеграмнае шлю прывітанне.

Жадаю ад сэрца здароўя і сілы,

Каб з чаркаю, а не з лякарствам дружылі,

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже