Мінула яшчэ адна ноч жудасных сноў. Амаль да раніцы чытаў Леанарда да Вінчы. Думаю пра сваіх дамашніх. Мілыя мае, як мала я даражыў тымі непаўторнымі днямі, калі ўсе мы былі разам. Уводзяць кафеін. Страшэнная слабасць, рвота. Думаў сёння вызываць сюды Любашу. Збіраюцца пераводзіць мяне ў нейкую бальніцу. Хацеў пісаць завяшчанне. Сказаў аб гэтым доктару. Смяецца, хоць прызнаўся, што вельмі быў занепакоены станам майго здароўя. Быў? А зараз?
6.ІІ
Трэба пісаць дамоў, каб нехта прыехаў. Дарагія мае, як я не хацеў бы вам слаць такое пісьмо! Колькі за гэтыя дні перебывала ў мяне дактароў! Глюкоза, камфара, кісларод і безліч розных таблетак.
18.ІІ
Наведаў мяне В. I. Казлоў. Сёння яму спаўняецца 51 год. Гэту ноч спаў пару гадзін. На прагулцы бачыў Макса Рэймана з жонкай. Жонка яго — дачка Тэльмана. Яна і падобная да свайго бацькі. Па тэлефону гаварыў з Любашай і Ірынкай. Цэлы дзень падае ціхі снег.
8.ІІІ
Нарэшце перавезлі мяне ў сакольнікаўскую бальніцу. Ляжу ў велізарнай палаце, у якой яшчэ чалавек 20 хворых. Крыху чуюся лепш. Памалу вяртаецца сон. Недзе блізка аўтазавод, бо цэлымі днямі чуецца рэактыўны роў матораў, ад якога дрыжаць усе вокны.
28.ІІІ
Нарэшце — дома. Сёння нат выйшаў на прагулку і зайшоў у лечкамісію да хворага Я. Коласа. Прачытаў ён мне са сваёй трылогіі цікавую сцэну ў судзе. Паслаў зборнікі сваіх вершаў дактарам, якія мяне лячылі: Ларыновай Веры Іванаўне і Сарокіну Генадзію Міхайлавічу. Чытаю Н. Хікмета. Самыя лепшыя яго вершы — вершы астрожныя. Сёння прагрымеў першы, раскацісты вясновы гром. Буйныя кроплі дажджу забарабанілі ў шыбы. Пацямнела. Мы ўсё яшчэ насцярожана адносімся да абстрактнага мыслення, тады, калі сёння яно з’яўляецца неабходнасцю ў многіх навуковых даследаваннях і адкрыццях.
4.V
Адвёз у Пількаўшчыну маму, якая некалькі дзён гасціла ў нас. Заехаў на Нарач. Расцвілі пралескі, а возера ўсё яшчэ пакрыта нейкай ледзяной кашай, якая іскрыцца, гарыць у майскім сонцы. Вечарам узяўся чытаць кнігу П. Мельнічука «Яраслаў Галан», —пра рэвалюцыянера, харошага пісьменніка, які трагічна загінуў з рук рэлігійных фанатыкаў. Здаецца апошняя мая сустрэча з ім была ў Саратаве, у радыёкамітэце.
16.V
3 Лужаніным наведалі Я. Коласа ў лечкамісіі. Заўтра збіраецца выпісвацца. Прачытаў нам новую частку сваёй трылогіі — сцэну ў астрозе. Напісана цікава і жыва, толькі, можа, крыху ідылічна. Відаць, самыя цяжкія хвіліны жыцця, перажытыя ў маладосці, становяцца ва ўспамінах па-свойму прывабнымі. Наведалі ў палаце 16-й і М. Машару. Дрэнна ён выглядае, хоць, казаў, зараз адчувае сябе лепш. На калідоры сустрэлі М. Аўрамчыка. Нейкі час мы разам з ім працавалі ў рэдакцыі «Полымя». Усе мы шкадавалі, што ён нас пакінуў, бо і чалавек ён — сяброўскі, добразычлівы і паэт — выдатны. Зараз, здаецца, працуе над паэмай.
18.V
На сустрэчы з венгерскай дэлегацыяй пазнаёміўся з паэтам Шымонам Іштванам. Ён казаў, помніць, калі я на сходах Венгерскага нацыянальнага музея на мітынгу чытаў свой пераклад верша Петэфі «Нацыянальная песня». Званіў А. Куляшоў, каб я прынёс свой зборнік у канцылярыю Савета Міністраў, дзе для нашых сяброў украінцаў камплектуецца бібліятэка твораў беларускіх пісьменнікаў і рыхтуюцца розныя падарункі: габелены, радыёпрыёмнікі, гадзіннікі...
Ездзіў з Міхасём Лыньковым у Каралішчавічы. Сустрэў П. Броўку, які расказваў, што піша аповесць пра электрастанцыю «Дружба народаў».
Як падобны ўсе нашы оды і гімны на малітвы. I вельмі ж яны крыклівыя. Шкада, што і крытыка наша ў ацэнцы гэтай паэзіі займае невыразную пазіцыю. Адзін выхад — разбірайся, чытач, сам. А разабрацца не так лёгка, бо часта ў нашых вершах можна знайсці замыславатыя рыфмы, рэдкія словы, дзівосныя вобразы, не хапае толькі спелай, арыгінальнай думкі, якая б у сэрцы выпраменьвала паэзіяй.
24.V
Прачытаў Абавяна «Раны Арменіі». Якія суровыя і трагічныя словы вырваліся з-пад яго пяра, напісаныя крывёй яго сэрца: «Даже отходя ко сну, нужно держать меч и ружье под подушкой, умирая, нужно уносить в могилу меч на боку или завернутым в саван, чтобы камень бессловесный знал, кто под ним похоронен».
На стадыёне сустрэў А. Куляшова і А. Кучара. Апошнімі часамі яны сталі неразлучнымі сябрамі.
26.V
Правялі на вечны спакой Веру Лютаву. Відаць, вайна не сціхла. Прыходзіць за тымі, каго ў свой час не паспела забраць. У «Правде» артыкул А. Суркова. Падзівіўся, як гэта можна напісаць два пустапарожнія падвалы, не выказаўшы ніводнай свежай думкі. А ён жа выдатны прамоўца, палеміст.
3.VI
Газеты прынеслі звестку аб смерці А. Нексе. Калісьці ў Маскве на пушкінскіх урачыстасцях мяне з ім пазнаёміў А. Фадзееў. Многія з чытачоў пазнавалі яго — шыракаплечага, з узлахмачанай сівой капной валос на галаве. Постаць яго рэзка вылучалася з натоўпу людзей, якія, размінуўшыся з ім, доўга праводзілі яго сваім зрокам. Так, часамі, глядзім на высокае дрэва, любуемся яго хараством і сілай.
6.VI