У зборніку Е. Вайнтраўба неспадзявана знайшоў яго верш «Максіму Танку, або Зімовы ліст аб беларускай восені». Хоць шмат год мінула са дня смерці, але на яго ліст я мушу адказаць. Вось якая неспадзяваная сустрэча пасля памятнай нашай сустрэчы ў Вар­шаве напярэдадні вайны.

Адпісаў на дзесятак пісем маладых паэтаў. А. Куляшоў пазнаёміў мяне з працягам сваёй паэмы «Граніца», які мне лепш спадабаўся, як папярэднія часткі. I ўсё ж адчуваецца, што гэта тэма — запазычаная, не яго, як і ў Я. Коласа «Рыбакова хата» ці ў 3. Бядулі «Хлопчык з-пад Гродна».

Дождж. Відаць, нікуды не пайду. Дачытваю аповесць Багдана Чэшкі «Каралавыя карані».

8.Х

Учора з Любашай і Софіяй Захараўнай ездзілі на Нарач, дзе думаем будаваць свае дачы. I зноў заглянулі ў Вільнюс, і зноў на некалькі гадзін засеў у архівах, дзе натрапіў на запісы беларускіх прыказак Дубяйкоўскага, сярод якіх шмат знайшоў невядомых мне. А вось рукапісу яго аб беларускай архітэктуры знайсці так і не ўдалося.

Вяртаючыся ў Мінск, трапілі ў такую снежную завею, што амаль на кожным кіламетры змушаны былі спыняцца і праціраць шыбы, фары. Аж страх падумаць, колькі на палях засталося бульбы. Нейкі ўвесь гэты год цяжкі: позняя была вясна, дурное ле­та і яшчэ горшая сцюдзёная і мокрая восень.

29.Х

Усе гэтыя дні працаваў над перакладамі з польскай паэзіі. Прачытаў ваенныя нарысы Я. Бранеўскай, у якіх бязбожна пераблытаны некаторыя факты. Піша, што я быў на ўрачыстасцях, калі прымала прысягу іх першая дывізія. Усё гэта адбывалася недзе воддаль ад Масквы, і ніхто з нашых пісьменнікаў там не прысутнічаў.

31.Х

Прыехалі з пількаўскага калгаса імя Молатава намеснік старшыні і бухгалтар. Дзякавалі, што памог ім набыць машыну. Відаць, справы ў калгасе памалу наладжваюцца, хоць працадзень яшчэ вельмі малы — 0,5 кг хлеба. Маюць намер купіць яшчэ адну машыну і пілараму. Збіраецца на гэтым тыдні пад’ехаць у Мінск і дзядзька Фадзей, каб папоўніць неабходнымі лекамі сваю ветэрынарную аптэку.

5.ХІ

Памёр Міхаіл Мікалаевіч Клімковіч. Які гэта быў працавіты чалавек! Шкада, што перад самай яго смерцю, напярэдадні нашага з’езда пісьменнікаў, увесь агонь крытыкі абрушаны на яго. У адрас з’езда ён напісаў пісьмо, але яго нат не зачыталі, бо ён там выказваў сваю крыўду на М. Лужаніна і Я. Коласа. М. Клімковіч быў не з тых выдатных пісьменнікаў, пра якіх часта пішуць у перадавіцах і юбілейных ар­тыкулах, але гэта быў патрэбны ў літаратуры чала­век, які любіў яе і самааддана памагаў пачынаючым пісьменнікам, якія, як гэта часта бывае, апярыўшыся, рэдка калі прызнаваліся, хто быў іх першым хрос­ным бацькам ці настаўнікам.

10.XI

Ездзіў з дзядзькам Фадзеем у Кабыльнікі. Дамовіўся з арцеллю аб будаўніцтве дачы. Па дарозе Ў Пількаўшчыну ўгразлі на грэблі і толькі познім вечарам дабраліся да хаты. Бацькі яшчэ не спалі. Мінулай ноччу ваўкі схапілі сабаку. На балоце гарэлі фары трактароў, якія ўздымалі тарфянішча. Ноч была досыць светлая. Асцярожна, абмінаючы выбоіны, без прыгод выехалі на гасцінец. Ля Памарацкага азярка сустрэлі нейкі абоз. Пра азярко гэта я калісьці напісаў быў у адным са сваіх першых вершаў, у якім пераказаў легенду аб тым, што на гэтым месцы стаяў двор злога пана, і гэты двор праваліўся.

11.XI

Прачытаў цікавае даследаванне С. Жулкеўскага «Spòr о Mickiewicza». Бачыў Пімена. Быў у М. Садковіча, які прывёз з Масквы цэлую торбу літаратурных навін і розных анекдотаў. Да зборніка вершаў польскіх паэтаў пераклаў Путраманта, Пентака, Леца... Атрымаў пісьмо з Кіева ад К. Літвінчука, піша, што яны запланавалі зборнік маіх казак у перакладах Рыльскага, Сасюры, Забілы, Тычыны, Чалага, Прыгары. Разбіраючы залежы непрачытаных кніг, знайшоў анталогію «Oblicze dnia», калісьці адзін з самых баявых і папулярных тыднёвікаў у даваеннай Полыпчы.

Прыснілася, што вецер зламаў на нашай пількаўскай дрывотні яблыню і толькі застаўся невялічкі атожылак. Хаця б там чаго не здарылася.

20.ХІ

Быў на вечары, прысвечаным 50-годдзю А. Русака. У «Новом мире» прачытаў п’есу А. Карнейчука «Крылы». Вельмі слабая рэч. Такая ж сла­бая і нудная паэма П. Антакольскага «В переулке за Арбатом». Заўтра на трактарным заводзе — літаратурны вечар.

Пачынае церушыць дробны снег. Здаецца, хутка паедзем на свой усесаюзны з’езд пісьменнікаў. Часамi дзіўлюся: адкуль у нашу паэзію прыйшло нейкае «бодрячество», калі ў жыцці людзей яшчэ столькі бед і гора. Мы часта даем завышаныя ацэнкі творам на тэму дня, хоць яны ў большасці такія хадульныя, надуманыя, што і ў рукі не хочацца браць. Не ведаю, якія пытанні будуць вырашацца ці ставіцца на з’ездзе, бо папярэдняя дыскусія нічога не праясніла, нічога не ўнесла новага.

10.XII

Завёз старшыні Мядзельскага райвыканкома Міцкевічу, былому падпольшчыку, два тамы рамана П. Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах». Дзень быў ясны, марозны. Усе азёры былі ўжо ў лядовым панцыры, толькі на сярэдзіне Нарачы ўскіпалі белыя грэбні хваль. Заехаў у Маладзечанскі абком, але не застаў С. Прытыцкага. А шкада, бо хацеў папрасіць памагчы вырашыць некалькі спраў сваіх аднасяльчан.

30.ХІІ

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже