Два дні як вярнуўся з дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ў Польшчы. Аб’ездзілі амаль усю краіну. Шмат было розных сустрэч. Толькі ўсё гэта выбіла мяне са строю, і не магу прыйсці ў сябе. Заўтра выступае ў Доме афіцэраў ансамбль «Слёнск». Няма калі перагледзець газеты, часопісы, карэспандэнцыю. А калі працаваць? Наступілі першыя прымаразкі. Прасілі выступіць у школе і ў бібліятэчных работнікаў.

30.Х

Званіў Я. Колас. Пытаўся, што парабляю. А голас у самога нейкі стомлены. — Змарыўся, — кажа, — відаць, пара ісці на адпачынак... Ці дажыву да свята...

Я падзякаваў яму за новую частку «На ростанях», якую ён перадаў праз М. Лужаніна для «Полымя». Паабяцаў заўтра яго наведаць. Відаць, Канстанцін Міхайлавіч вельмі дрэнна сябе адчувае, цяжка і сумна на яго сэрцы, калі не мог не паскардзіцца.

З.ХІ

Дзень нараджэння Якуба Коласа. Толькі прыехалі мы з Максімам Лужаніным яго павіншаваць, як за намі следам Мацапура з жонкай, а за імі — і доктар Сяргей Іосіфавіч Ларэнцэвіч. А вечарам прыбыло яшчэ гасцей: тт. Патолічаў, Мазураў, Гарбуноў. Шкада, што за сталом не было самога гаспадара, якому доктар не дазволіў падымацца. Усе віншавалі, і, асабліва, Патолічаў шмат добрых і прачулых слоў сказаў пра Канстанціна Міхайлавіча, пра свае сустрэчы з ім. 3 дазволу хворага на адыходзе мы сцішанымі галасамі праспявалі некалькі рэвялюцыйных песень, якія, здаецца, крыху прыабадрылі і Коласа і крыху рассеялі нашу трывогу за яго здароўе.

4.ХІ

У рэдакцыі «Полымя» сустрэўся з Р. Бярозкіным, які пасля перагляду сваёй справы, рэабілітаваны, выйшаў на волю. Колькі ні за што, ні пра што давялося яму адпакутаваць! Выглядае ён досыць до­бра, і настрой баявы. Толькі здароўе, казаў, ненадзейнае. У кожным выпадку вяртанне яго — значная падзея ў нашай літаратуры.

Хадзілі з Броўкам і Панчанкам сустракаць Саміда Муканава, які прыехаў пазнаёміцца з нашай рэспублікай. Піша аповесць пра цалінныя землі, і сярод герояў яго аповесці ёсць і беларусы.

7.ХІ

Учора Хадкевіч, Кулакоўскі і мы з Любашай разам з нашымі казахскімі гасцямі ездзілі на Нарач. Усё было добра, толькі мы не прадбачылі, што не тую закусь узялі з сабой у дарогу, бо ні Муканаў, ні яго сябры і не дакрануліся да нашых свінскіх прысмакаў. Добра, што хоць на скорую руку Любаша падрыхтавала яешню, чай, і яны сяк-так заспакоілі свой голад. Па дарозе заехаў да бацькоў. Дзядзьку Фадзея не застаў дома, бо паехаў у Даўгінава купляць дру­гую карову. Дома загрузілі нашу машыну крамянымі антонаўкамі, якімі частаваліся ўсю дарогу.

8.ХІ

Разгасцяваліся. Былі з Любашай у Лыньковых, а сёння — у Лужаніных. Дождж. Імгла. Нат не відаць другой стараны вуліцы. Атрымаў тэлеграму ад С. Малько. Піша, што, вяртаючыся ў Маскву, на пару дзён спыніцца ў Мінску. Прышло пісьмо ад Е. Путраманта, пытае, якія яго творы выходзілі ў нас. Крытычна адзываецца аб Брандысе і яго кнізе «Абываталі». Тут трэба прызнаць яму рацыю, бо кніга вельмі нудная.

9.ХІ

Прынёс у рэдакцыю «Полымя» А. Бялевіч сваю новую паэму. Даўжэзную, як пугу. Відаць, скараціўшы, дамо яе ў 12 нумар, хоць хваліць нас за яго «Лёгкі хлеб» (так называецца паэма), напэўна, не будуць ні чытачы, ні крытыкі.

13.XI

Учора цэлы дзень абмяркоўвалі ўсе нумары «Полымя», якія выйшлі за гэты год. На абмеркаванне прыехалі з Масквы Трыгуб і Осін. На пару дзён пазычыў у сястры 3. Астапенкі рукапісы яго вершаў. Аказваецца, з самім 3. Астапенкам я сустракаўся ў Маскве. Я толькі не ведаў яго сапраўднага прозвішча. А мне ён і не мог яго адкрыць, бо накіроўваўся ў варожы тыл, аб чым я толькі потым даведаўся. Помню, тады пазнаёміўшыся з яго паэмай, я яму сказаў, што гэта выдатная рэч і напісана яна не нейкім пачынаючым паэтам, а паэтам, у якога за плячамі багаты вопыт і рэдкі талент. На што ён мне нічога не адказаў. Цікава, што калі я расказаў пра гэту сустрэчу і з большага апісаў выгляд паэта, усе — Лынькоў, Куляшоў, Броўка — у адзін голас сказалі, што хутчэй усяго гэта быў Змітрок Астапенка. Значыць, я быў апошнім, хто бачыў яго жывым, бо хутка ён, здаецца, у Карпатах гераічна загінуў. I сёння ніхто не знае, дзе яго магіла — магіла «Змітрака Няміры» — Змітрака Астапенкі.

На сон сваім малышам чытаю «Песню пра Гаявату», а сам сабе «Махабхарату».

21.XI

Думаю над вершам, прысвечаным Я. Коласу. У СП пазнаёміўся з А. Звонакам. Прызнацца, ма­ла яго ведаю. Пазычыў яго нейкі даваенны зборнік у П. Глебкі, зборнік зачытаны, без вокладкі. Зна­чыць, варты ўвагі.

3 цікавасцю чытаю аб візіце Булганіна і Хрушчова ў Індыю. Здаецца, ад братняга поціску рук народаў Кітая, Індыі і Савецкага Саюза чуваць, як распадаюцца звенні каланіялізму ў Азіі.

26.ХІ

Запар некалькі дзён выступаю на вечарах, прысвечаных А. Міцкевічу. На адным з такіх вечароў у зале Чайкоўскага чытаў сваё слова У. Бранеўскі. Чытаў вельмі дрэнна. Прапускаў, блытаў цэлыя старонкі свайго выступления. Відаць, дрэнна сябе адчуваў, бо ў гэты ж вечар выехаў з Масквы.

28.ХІ

Наведаў у бальніцы Лёню, якога заўчора аперыравалі. Дамоў рашылі не пісаць, пакуль не ачухаецца. Не хапала яму яшчэ гэтай язвы страўніка. I так увесь пакалечаны вайной.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже