I. Эрэнбург звярнуўся з пратэстам да шведскага выдавецтва, якое без згоды аўтара з тэндэнцыйнай прадмовай выдала яго «Адлігу». Ён патрабуе, каб выдавецтва спыніла продаж гэтай кнігі, з чым яно не згадзілася.

29.XІ

Раніцой сустракалі польскіх сяброў. У. Бранеўскі адразу, яшчэ на вакзале, запытаў у мяне: «Дзе тут можна выпіць сто грам?» Потым званіў ён з гасцініцы, але я так і не зразумеў, што ён хоча купіць: ці то цёплую шапку, ці то валёнкі, бо мароз узмацніўся, а перад намі яшчэ паездка ў Навагрудак.

3. Федэцкі прыслаў зборнік вершаў Б. Лесьмяна — аднаго з выдатных польскіх паэтаў. Праўда, непамерна вялікае месца ў яго вершах займае тэма смерці. Сустрэў недзе цікавую заўвагу, што ў народнай творчасці амаль зусім няма вершаў прыродаапісальных.

11.XII

Прачытаў вельмі слабы артыкул Р. Бярозкіна пра свае вершы. Толькі трэба прызнацца, што і вершы слабыя.

А зіма ўсё ўбіраецца ў сілу.

Паслязаўтра трэба сустрэць польскую парламенцкую дэлегацыю. Здаў у «Полымя» новую падборку сваіх вершаў. А там — розныя сустрэчы, прыёмы, абмеркаванне паэмы А. Бялевіча, літаратурны вечар у педінстытуце, юбілей В. Барысенкі, партканферэнцыя, прыезд кітайскай дэлегацыі... У нас усё так геніяльна арганізавана, каб адзін аднаму не даваў працаваць. I ў гэтым дабіліся мы небывалых поспехаў.

20.ХІІ

Вярнуўся з Амерыкі Міхась Лынькоў. Казаў, трапілі ў такую паласу штормаў, што ледзь выбраліся жывымі. Прасіў забегчы да яго.

Вось некалькі цікавых думак Пікасо: «Для мяне ў мастацтве няма ні мінуўшчыны, ні будучыні. Калі мастацкі твор перастае быць заўсёды жывым, не бяры яго пад увагу. Мастацтва не развіваецца, змяняюцца толькі ўяўленні людзей і іх формы выказвання... Стаў камуністам, каб менш было нэндзы».

31.XII

Сумным вершам пра Асвенцім закончыў стары год. Новы будзем сустракаць у сваім дамашнім кругу. У шыбы несціхана барабаніць дождж. Магчыма, хутка зноў трэба будзе ехаць у Маскву на пленум СП. Канчаю чытаць Яна Бжозу «Дзесяты батальён» і новыя вершы Яна Гушчы. Думаў нешта выбраць з іх і перакласці, але вершы вельмі слабыя, такія і мы ўмеем пісаць.

Даўно ўжо не быў дома, у сваёй Пількаўшчыне, ля таго вогнішча, якое заўсёды мяне грэла.

1956

14.І

Прыйшла сумная звестка з Варшавы — памёр Віктар Грош, выдатны Чалавек, рэвалюцыянер, публіцыст. У гады вайны сустракаўся я з ім у Саратаве, у Маскве, у Варшаве і ў Празе, дзе ён быў паслом ПНР. Часта мы з ім гутарылі пра нашы літаратурныя справы. I вось ужо не стала яго сярод нас. Недзе захаваліся ў мяне нумары тыднёвіка «Сігналы» з яго баявымі антыфашысцкімі артыкуламі, якія і сёння здзіўляюць сваёй празарлівасцю і глыбінёй.

Адказ Сальвадора Далі, дадзены мексіканскаму журналісту на яго пытанне: якім трэба быць, каб быць гешем? — Каб быць геніем, па-першае, трэба быць іспанцам, а па-друтое, — называцца Сальвадо­рам Далі.

24.І

Знайшоў у кнігарні гістарычны нарыс С. С. Вайткевіча пра Серакоўскага. Можна было цікавей напісаць пра паўстанне 1863 г., пра палітычнае становішча ў Літве, пра Камітэт Чырвоных. Недаравальна мала аўтар удзяліў увагі К. Каліноўскаму. Непраўдападобнай атрымалася і сцэна перад шыбеніцай, дзе шэф жандармерыі Шахоўскі на развітанне працягвае сваю руку Каліноўскаму, бо за такі жэст Мураўёў павесіў бы свайго служаку, як сабаку.

Сёння пачынаецца XXVII з’езд КП Беларусі. Трэба адпісаць і падзякаваць Э. Межалайцісу за прысланую мне яго «Брацкую паэму», ад якой, прызнацца, я не ў захапленні, і адказаць на тэлеграму А. Суркова: «Срочная государственная необходи­мость требует обязательного вашего присутствия в Москве первого февраля». Такія ж тэлеграмы атрымалі П. Броўка і А. Куляшоў... Што там за такая тэрміновая справа?

27.І

Чытаю вершы Ду Фу, перакладзеныя А. Гітовічам на рускую мову. Які высокі ўзровень гэтай паэзіі, якая праз тысячу год данесла да нас любоў паэта да свайго народа, да сваёй радзімы, жывое біццё яго сэрца.

3.ІІ

У шэсць гадзін раніцы Броўка, Куляшоў і я вярнуліся з Масквы, дзе, як і многія іншыя паэты, атрымалі задание: напісаць новы тэкст гімна і пераклад прыслаць да першага сакавіка г. г. Не ведаю, што з гэтага атрымаецца. Вельмі ж абмежаваныя зместам, хоць, як вядома, нат у сярэднявеччы маста­кам і паэтам дазвалялася выходзіць за рамкі догмаў.

9.ІІ

Быў на паніхідзе і на магільніку, на якім пахавалі А. Стаховіча. Яшчэ некалькі дзён таму я сустрэў яго на праспекце. Ён здалёк заўважыў мяне і Гурскага, з якім мы ішлі з СП ці са з’езда партыі, перайшоў праз вуліцу, аддаў мне 25 рублёў, якія калісьці ў мяне пазычыў... А пазнаёміліся мы на Бранскім фронце... Радзее сям’я ветэранаў. Нічога тут не параіш.

Верш выкрасаецца з сэрца, як іскра з крэмня. Адчуваю, што пара вызваліцца з палону старых канонаў і ўяўленняў, старых рыфм, памераў, вобразаў. Толькі — як? Пакуль што не знаходжу адказу. Праўду калісьці гаварыў Гейне Л. Калішу, што паэзія стварае больш мучанікаў, чым рэлігія.

10.ІІ

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже