Памёр Фрыдлянд-«Гарэлік». На славутых Лукішках ён быу членам нашага турэмнага камітэта палітвязняў. Заўсёды, пры стрэчы, успамінаў гарэзлівыя і «выўратовыя» заўвагі, напісаныя мной на сваім акце абвінавачвання. Ён шмат памагаў нам, маладзейшым, у палітвучобе. Пад гукі Інтэрнацыянала пахавалі яго на новым магільніку. Вечная табе памяць, дарагі дружа маёй бурнай і хмурнай маладосці.
10.V
Чытаю новы раман Ул. Карпава пра будаўнікоў Мінска. Раман досыць нудны, хоць і напісанм на тэму дня. Ды і мова кульгае на ўсе чатыры нагі. Калі браць словы паасобку, дык яны — беларускіяі але ў нейкім ненатуральным спалучэнні. Бяда, што аўтар гэтага не адчувае і ў захапленні ад свайго рамана. А вось — як ні дзіва — рэдактар з яго вельмі ўдумлівы і патрабавальны.
Паслаў праз У. Юрэвіча некалькі новых вершаў у «Литературную газету».
14.V
Еду з групай турыстаў у Югаславію. У Кіеве сустрэлі нас Первамайскі і Дзмітэрка, ад якіх даведаліся аб смерці А. Фадзеева. Вечарам былі ў гасцях у польскага консула, друга і аднасяльчаніна Янкі Брыля. Усе знаходзімся пад цяжкім уражаннем ад трагічнай смерці А. Фадзеева, паслалі ў Маскву ў СП спачувальную тэлеграму, пад якой падпісаліся Брыль, Панчанка, Адамовіч і я. Аж тэлефаністка жахнулася, прачытаўшы яе, бо аб гэтым не было яшчэ ніякага афіцыйнага паведамлення.
Заўтра, здаецца, у Чопе, чакае нас перасадка.
16.V
Цэлы дзень наша сімпатычная правадніца Маргарыта Сігеці знаёміць з музеямі, з гістарычнымі помнікамі Будапешта. Стаміліся чартоўскі, вандруючы па гэтым цудоўным горадзе. Я ў захапленні гляджу на яго самабытную архітэктуру, у якой адчуваецца шматвекавая гісторыя венгерскага народа. І можна толькі пазайздросціць, што усё гэта захавалася да нашага часу, хоць над горадам не раз бушавалі вогненныя навальніцы.
17.V
У Белградзе сустрэў першага сакратара нашага пасольства Малышава, які раней быў у Балгарыі, дзе я з ім пазнаёміўся на юбілейных урачыстасцях з нагоды стагоддзя нараджэння Вазава. У складзе дэлегацыі былі тады С. Міхалкоў, В. Кажэўнікаў і я. Помню, тады чамусьці паездка наша зацягнулася. Мы, здаецца, aпошнімі з ycix дэлегацый пакінулі Сафію. А міжнароднае становішча было напружанным. Хадзілі чуткі, што на югаслаўска-балгарскай граніцы пачаліся сутычкі.
20.V
Нядзеля. Вечарам прыехалі ў Сараева. Кінулі ў гасцініцы свае рэчы і пайшлі знаёміцца з горадам. Вуліцы запоўнены турыстамі. Палюбаваліся на царкву, пабудаваную яшчэ ў XII веку, на мячэць — у XIV веку. Тут ужо адчуваецца подых усходу. Шмат турак. Прайшлі ў нейкую старую гасцініцу, акупіраваную мастакамі-абстракцыяністамі, завешаную іх карцінамі.
21.V
За плячамі больш сотні кіламетраў горных дарог. Едзем у Мостар. На гарызонце — славутая Іван-Гара. Абапал дарогі чарнее лес: дуб, граб, бук, шыпшыннік, ядловец... Спыніліся ў гасцініцы «Нератва». У падножжа тары Жыгулі — хаты, як чарапіцай, пакрытыя плоскімі камянямі. Дык вось дзе былі арліныя гнёзды югаслаўскіх партызан. Страшенная гарачыня.
22.V
Дуброўнік. У дарозе прачытаў зборнік выдатных вершаў Веранікі Тушновай. У дамініканскім касцёле некалькі карцін Тыцыяна і яго вучняў. Шкада, што няма калі на даўжэй спыніцца хоць бы ля дзіўнай карціны В. Буковеца, падзівіцца на гэтыя сярэднявечныя завулкі, плошчы, скверы. Усё — бягом і бягом. Зноў — у дарогу. Дагналі нейкую эстафету веласіпедыстаў, за якімі больш гадзіны цягнуліся следам аж да Цэцыні. Знаёмства з горадам пачалі з музея Н’егаша — аўтара «Горнага вянка». Дарога так закалыхала, і так стаміліся, што ледзь дацягнуліся да «Гранд атэля», у якім спыніліся на ноч.
23.V
Раніцой прывіталіся з усходам сонца і з морам. Пабывалі на нейкім пустынным скалістым астраўку. Спрабавалі купацца, але пазакалывалі ногі калючкамі марскіх вожыкаў, якімі тут густа ўсеяна марское дно. Спыніліся ў прыморскай гасцініцы «Сплендіт». Народу тут яшчэ мала, бо мора для еўрапейцаў халаднаватае. Гэта толькі мы — паўночныя мядзведзі — можам у ім боўтацца.
25.V
Едзем маляўнічай далінай Нерэтвы ў Спліт. Пасялілі мяне з Піменам у адным нумары гасцініцы «Паляцэ». Перакусіўшы, адразу пабеглі знаёміцца з грабніцай Дзіакліцыяна, музеем Івана Мештровіча... Божа, колькі тут розных гістарычных помнікаў! У параўнанні з тым, што тут бачым, мы — жабракі з жабракоў. I сёння з азіяцкай абыякавасцю да спадчыны і гісторыі народа працягваем разбураць нават апошнія свае святыні і помнікі, якія цудам сям-там ацалелі. А народ жа без сваёй гісторыі становіцца сляпым, глухім, бязродным.
Зноў клічуць збірацца ў дарогу.
27.V