Нядзеля. Цыцынне. Едзем у госці да Плітвіцкіх вадаспадаў. I так набліжаемся да канца нашай турысцкай паездкі па незабыўнай Югаславіі. У 7 гадзін 10 мінут з Загрэба цягніком вяртаемся ў Бел­град. Відаць, ва ўсіх нас застанецца глыбокае ўражанне ад шчырай добразычлівасці і гасціннасці нашых праваднікоў, ад сустрэч з сялянамі, рабочымі, студэнтамі. I гэта не зважаючы на тое, што столькі год рознымі палітычнымі лідэрамі паміж нашымі народамі ўздымалася глухая сцяна недаверу і варожасці. Трэба ж было дайсці да таго, што ў выдадзеным у нас велізарным атласе свету не знайшлося месца для асобнай карты Югаславіі, на што звярнулі нам увагу югаслаўскія сябры, калі мы хацелі падарыць ім гэты атлас.

4.VI

Вечарам, пасля сваёй іліяды, з рознымі дарожнымі прыгодамі дабраліся дадому. Калі нішто не затрымае, гэтымі днямі з усім сваім калгасам уцяку на Нарач, куды, казаў П. Броўка, збіраюцца ў адведзіны прыехаць К. Сіманаў, маладыя літоўскія пісьменнікі. Баюся, што і сёлета на Нарачы будзе ў мяне цэлы кірмаш, бо збіраюцца на лета прыехаць розныя сваякі і на некалькі дзён — I. Мальцаў, К. Крапіва з сям’ёй...

26.VI

Узяў з сабою цэлую бібліятэку: «Новый мир» № 5, 6, «Дневник» А. В. Нікіценкі, Я. Патоцкага «Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе», вершы В. Гюго, якія паказаліся мне цяжкімі і досыць нуднымі. Маг­чыма, абяднілі яго перакладчыкі, бо яшчэ Гарацый і Цыцэрон гаварылі, што вернасць перакладання ў перакладзе сэнсу твора, а не ў даслоўнасці. Некалькі рускіх песень прасіў для капэлы перакласці P. Р. Шырма. Трэба сказаць, што ў нас майстэрству перакладу, пачынаючы ад М. Багдановіча і Я. Купалы, да гэтага часу не ўдзялялася належнай увагі. Няма ў нас ні грунтоўных даследаванняў, ні манаграфій.

27.VI

Зноў дыхнула сцюжай. Ноччу быў нават замаразак. Пры такім надвор’і не ведаю, як удасца правесці свята песні, да якога ўсе тут рыхтуюцца. Прыязджалі з Пастаў ваенныя, прасілі М. Лынькова, А. Куляшова, Я. Брыля і мяне выступіць на літаратурным вечары ў іх Доме афіцэраў. А гэта чарнавы пераклад верша Е. Загурскага:

Каб даць Польшчы вобраз нейкі,

Дарма пёрка паўліна шукаю:

Толькі дождж ды пустая арэна.

Чужаземец бутэлю гарэлкі

Бачыць. Часам сустрэне Шапэна:

Рэчы, якіх я амаль не ўжываю.

25.VII

Учора прыехаў Я. Колас, які спыніўся ў Лыньковых, у якіх мы ўсе былі на абедзе, а сёння — чарговае застолле ў нас. Потым доўга Міхась Ціханавіч вазіў на сваёй маторцы Я. Коласа, Лужаніных Куляшовых. Былі на Касе, на Гатаўскім беразе. Кры­ху ў лесе назбіралі грыбоў — баравікоў, лісічак. Хлоп­цы з Урлікаў прынеслі цэлае вядро ракаў. Відаць, заўтра паеду з нашымі гасцямі ў Мінск на сесію Вярхоўнага Савета БССР. Да позняй ночы праседзелі ля кастра на беразе Нарачы.

7.VIII

Усёй сям’ёй ездзілі ў Рыгу. Былі ў Дубултаўскім доме творчасці СП, у якім ніколі раней не быў. Вярнуліся ачараваныя Прыбалтыкай і адразу трапілі да Куляшовых на вяселле іх дачкі Валі. Поўны дом і двор гасцей. Міхась Ціханавіч, як заўсёды, усіх вазіў на сваёй маторцы, устрайваў розныя аварыйныя сітуацыі і некаторых з нас добра выкупаў у возеры, з чаго быў вельмі задаволены.

3 Рыгі ад Пігулеўскага прывёз некалькі цікавых старых беларускіх часопісаў, якія выдаваліся перад вайной у Латвіі.

13.VIII

Віталій Вольскі прынёс сумную звестку аб смерці Якуба Коласа. Цяжка паверыць, што не стала яго паміж намі, не стала Чалавека, які многім з нас паказаў дарогу ў жыцці, быў славай і сумленнем нашага народа, быў жывым звяном дзвюх эпох — мінулай і сучаснай.

17.VIII

Вярнуўся з Мінска. Ва ўсіх цяжкі на­строй. Развіталіся са сваім незабыўным настаўнікам. Цікава, што Канстанцін Міхайлавіч, кажуць блізкія, прадчуваў, што смерць неадступна ходзіць за ім сле­дам. Напісаў пісьмо ў ЦК аб неабходным вырашэнні справы выкладання ў школах і ўжывання ў штодзённым жыцці ў рэспубліцы беларускай мовы, а сустрэўшыся са знаёмымі, гаварыў, што ён, відаць, апошні раз наведаў цырульню, а дзяжурнаму міліцыянеру — што ён, знаць, апошні раз падымаецца па сходах ЦК.

18.VІІ

А дождж не сціхае. Гэта ўжо не проста дождж, а нейкае насланнё. Запісаўся з Піменам на турысцкую паездку навакол Еўропы. Калі не перашкодзіць нейкая камандзіроўка, трэба будзе паглядзець на свет, у які Петр Вялікі калісьці «прорубил окно».

24.VIII

Раніцой хадзіў з Максімам у грыбы. А ў Любашы ўсё не сціхаюць болі ў сэрцы. Усю ноч не спала.

I ніякія таблеткі не памагаюць.

Шум сосен зліваецца з шумам дажджу і штармавым шумам Нарачы. Міхась Ціханавіч падарыў некалькі харошых здымкаў, зробленых ім падчас апошняга прыезду Я. Коласа да нас.

Усё ўбіраю ў сябе, як нейкая губка, з думкай, што, можа, з гэтага нешта атрымаецца новае, арыгінальнае.

1.IX

Амаль чатыры гадзіны цягнулася ў К. Т. Мазурава абмеркаванне нашых літаратурных спраў, на якім былі ўсе члены прэзідыума СП.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже