Плывем уздоўж берагоў Марока. Заўтра ўбачым Сардынію.

19.Х

3 правага борта — Капры. Ідзе сонечны дождж. Мы яго бачым, але ён не даходзіць да нас, у адлегласці нейкіх дзесяці метраў спыняецца перад нашым цеплаходам. Перад самым Неапалем нас бяруць на буксір і цягнуць да прычала, міма амерыканскага двухтрубнага «Generate kander М. Petch». Нейкі негр у белым фартуху фатаграфіруе нас. Сёння яшчэ трэба пабываць на Капры, на руінах Пампеі, хоць здалёк палюбавацца на Везувій. Заўтра нас чакае Рым.

22.Х

Зайшоў В. Катаеў. Папрасіў памагчы перазарадзіць фотаапарат.

24.Х

Мінулі грэцкія астравы. Спыняемся ў Пірэі. Тут цэлая флатылія караблёў: «Нуова Фортуна», «Істра», «Ганцыана», «Фрыдэле», «Дэмірбан», «Квэн Фрыдэрыка», «Ахілоус» і ўжо знаёмы нам «Ген. Аляксандр», з якім побач стаялі ў Неапалі.

25.Х

Дарданелы. Чамусьці прыйшлі на памяць словы Ю. Тувіма: «Смерць мае вочы адкрытыя». У ту­мане патанулі берагі. Сцішаным ходам ідзе наш цеплаход. А перад Стамбулам зусім спыніўся. Стаім на рэйдзе. Толькі сям-там над пеляной туману высяцця шпілі мінарэтаў.

28.Х

Са спазненнем, ноччу прыбылі ў Варну. Горад ужо спаў. Заўтра — у Канстанцыі апошні прыпынак. Трэба будзе абавязкова пабачыць там помнік Авідзія, над «Энеідай» каторага, некалі ў гімназіі, столькі давялося папацець, што і сёння помню яго чаканныя радкі:

«At regina, gravi iam dudum sancta cura

Vulnus alit vancis et caeco carpitur iqui...»

Неяк нядаўна да нашага цеплахода прышвартаваўся буксір і сарваў левы трап.

30.Х

3 Адэсы ляцім самалётам. Толькі чамусьці завярнулі на Кішынёў, а з Кішынёва на Вільнюс, адкуль цягніком дабраліся да Мінска.

24.XІ

Узяўся за вершы аб сваім падарожжы, хоць на небасхіле сабраліся такія крывавыя хмары, што нікому цяпер не да вершаў. Падзеі нарастаюць, і ў гэтых падзеях не так лёгка разабрацца. Гасціла ў Мінску і была ў нас Валя Найдус. Янка Брыль і я здорава з ёю паспрачаліся. Калі ўжо яна падпявае розным галасам і падгалоскам, дык, відаць, у Польшчы забылі, што сотні тысяч савецкіх салдат злажылі свае галовы за яе свабоду і незалежнасць. Хутка будуць здзекавацца і над іх магіламі і над іх памяццю. Відаць, праўду пісаў Віткевіч: кожны паляк лічыць, што ён не на сваім месцы, а кожнае месца, якое ён займае, для яго занізкае.

9.ХІІ

3 Янкам Брылём і В. Палескім ездзілі ў Любчу да Паўла Жалезняковіча на адкрыццё помніка загінуўшым партызанам. Вяртаючыся, трапілі ў такую замяць, што ледзь дабраліся да Мінска.

Вельмі захварэла Любіна мама. Пульс зусім разладзіўся. Не спіць. Учора ўздрамнула, ды хутка прачнулася ў слязах. Прыснілася, што Верачка ўвалілася ў нейкую яму і не можа выбрацца. Адчуваю, што но­вы год, які набліжаецца, будзе годам цяжкіх выпрабаванняў.

15.XII

Як часта мы праўду замяняем легендамі, адсутнасць думкі — пустазвонствам і пафасам, а бягучую палітыку стараемся спалучыць з мастацтвам. А потым дзівімся, што з гэтага нічога талковага ці вартага ўвагі не атрымалася. Значыць, у пошуках сваёй дарогі не па гэтых азімутах трэба арыентавацца.

Мне здаецца, нельга перабольшваць уплыву літаратуры на развіццё грамадства, узвальваючы на яе непасільную віну за бесчалавечнасць палітыкі.

Калі перачытваю некаторыя старонкі сваіх дзённікаў, бачу, як з кожным днём нешта сціраецца з маёй памяці. Застаецца толькі тое, што знайшло сваё адбіццё ў мастацтве. Хораша аб гэтым сказаў на сваім 70-годдзі Ежы Шаняўскі: «У гэту хвіліну чую, быццам стук малаткоў на караблі, на якім адплываю, ужо заканчвае апошнюю падрыхтоўку. Будзьце здаровы, сябры!»

1957

8.І

Зусім аслабла наша мама. Відаць, ніякай на­дзеі на папраўку. Каторую ноч не спіць і Любаша, хоць і ў самой хворае сэрца.

За акном шалее вецер. Па радыё перадавалі, што над Швецыяй прайшла навальніца, якая шмат дзе паразбурала дамы, панішчыла лясы, пакрышыла мач­ты электраперадач.

Чацвёрты раз перарабляю свой верш «Форум Романум», але і апошняя рэдакцыя мне не падабаецца. Пленум, які меўся адбыцца 15 г. м., адклалі на пазней.

18.І

Учора ў 17 гадзін памерла наша старэнькая. Сёння ў другой палове дня пахавалі яе на Маскоўскім магільніку. Праводзілі яе ў апошнюю дарогу ўся радня, усе нашы блізкія і знаёмыя. Лёня зрабіў некалькі зарысовак, а Юра — фотаздымкаў. Спадзяваліся, што з Варшавы прыедзе Зося, але, відаць, не змагла аформідь дакументаў. Ці, можа, затрымалі нейкія іншыя справы. Так і не развіталася са сваёй маці.

24.І

Усе гэтыя дні не можам прыйсці ў сябе. Пусткай вее з кожнага пакою.

3. Федэцкі гаварыў, што кампазітар Лютаслаўскі напісаў музыку на маю «Казку пра Музыку», якую некалькі раз перадавалі па варшаўскаму радыё.

4.ІІ

Са спазненнем даведаўся аб смерці Валодзі Царука, а сёння — аб смерці Юркі Шчарбатава. Нешта мой дзённік усё больш становіцца падобным да памінальнай кнігі. Адзін за другім выбываюць са строю сябры. У В. Царука хоць дзеці дарослыя, а ў Ю. Шчарбатава — трое малалетак, старая маці. Як з такой бядой справіцца жонка, як будуць жыць? Пахавалі Юрку Шчарбатава на Даўгабродскім магільніку.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже