Зноў пачаліся з ранку да вечара мае бясконцыя вандроўкі па Вільні – вандроўкі па цікавых старонках гісторыі, розных прыгод і паэзіі. З кожным годам гэты горад усё больш і больш прываблівае да сябе турыстаў, я ўжо не гавару пра натоўпы багамольцаў, якія, пачынаючы з мая, праз усё лета цягнуцца да Вострай Брамы і да Кальварыі. Ідуць не толькі з Віленшчыны, Навагрудчыны, Гродзеншчыны, але і з Літвы і з Латвіі…
Сёння я спыніўся каля групы вясковых жанчын, якія, схаваўшыся ад сонца ў засень Святаянскай званіцы, аб нечым гаварылі з ксяндзом. Быццам разглядваючы ў вітрыне магазіна паляўнічых і рыбалоўных прылад чучалы розных птушак, стрэльбы, вуды, сачкі, я краем вуха прыслухоўваўся да іх гутаркі.
– Дык вы адкуль будзеце?
– З Мядзела, – адказала ксяндзу старэнькая бабулька.
– Прыйшлі ці прыехалі?
– Прыйшлі… Як ачуняў мой унук Піліпка, я ахвяравалася хадзіць кожны год у Вільню. Вось толькі падбілася ды ногі апухлі…
– У вас жа ёсць свая Кальварыя.
– Ці ж такая?.. Божачка мой, каб дзе вады напіцца, прагнаць смагу, праясніць вочы, – гаворыць старая і, змораная, зняўшы з плячэй свой хатулёк, садзіцца на край тратуара.
Мне хацелася падысці і спытацца ў бабкі, з якой яна вёскі, як яе зваць. Але да гэтай групы багамолак пачалі далучацца іншыя. 3 Замкавай вуліцы пад’ехалі фурманкі, загружаныя рознымі дэвацыяналіямі – крыжамі і абразамі. Відаць, тут быў зборны пункт багамольцаў з маёй Мядзелыпчыны. На дошчачках, прывязаных да драбін і вазкоў, я прачытаў: вёска Баяры… вёска Навасёлкі… вёска Купа… і нават два-тры знаёмыя прозвішчы. Пастроіўшыся радамі, багамольцы пайшлі сярэдзінай вуліцы ў напрамку Кальварыі. Раскрыўшы кантычкі, яны зацягнулі малітву, якая хутка задыхнулася ў гарачыні, у шуме, у грукаце "Арбонаў", у іх чорным жалобным дыме, што пакідалі за сабой гэтыя цяжкія швейцарскія дызельныя аўтобусы.
8/V
Трывожныя весткі прывёз Міхась Васілёк са сваёй Гродзеншчыны. Расказваў, як у іх расхадзіліся фашысцкія элементы, як яны рыхтуюцца да "ночы доўгіх нажоў". Трэба было б на гэту тэму нешта напісаць. Ноч доўгіх нажоў! I ў Вільні зараз эндэцкія пікетчыкі, узброеныя касцетамі і палкамі, часта патрулююць каля яўрэйскіх крам і магазінаў і ўгаворваюць пакупнікоў, каб яны далучаліся да іх, не куплялі нічога ў яўрэяў, а толькі ў палякаў, у якіх за ўсімі вітрынамі выстаўлены абразы з Маткай Боскай Вастрабрамскай. На Пагулянцы бачыў Матку Боскую побач з бутэлькамі гарэлкі і віна, а ў магазіне Фэрлічкі – у акружэнні жаночай бялізны, панчох, бюстгальтараў. Але ўсіх пераплюнуў гаспадар аптэкі на вуліцы Міцкевіча, памясціўшы яе побач з рэкламай супрацьзачаткавых сродкаў.
9/V
Да сустрэчы з П. яшчэ было шмат часу. Каб не звяртаць на сябе ўвагу, я далучыўся да нейкай пахавальнай працэсіі, якая накіроўвалася на магільнік Роса. Крутой гарыстай сцяжынай я дайшоў да т. зв. "Беларускай горкі", дзе пахавана шмат розных дзеячаў. На гранітных і мармуровых плітах – "Вечная памяць…", "Вечная слава…", "Заўсёды будзем помніць…". Каму патрэбна гэта патэтычная хлусня?!. I ўсё ж надмагільныя помнікі падказалі мне цікавую тэму, за якую, вярнуўшыся дамоў, адразу вазьмуся.
У нас літаратуры прыдаецца велізарнейшае значэнне, якога яна ў іншых народаў даўно не мае. Не знаходзячы ў сённяпгаім жыцці справядлівасці, народ шукае ў літаратуры адказу на ўсе пытанні, якія яго хвалююць і непакояць. У нас няма розніцы пміж літаратурай і адозвай, літаратурай і забастоўкай, літаратурай і дэманстрацыяй, таму амаль ва ўсіх палітычных працэсах разам з барацьбітамі за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне на лаве падсудных знаходзілася і наша заходнебеларуская літаратура.
10/V
Гэтымі днямі мне ўдалося пабываць у музеі "Таварыства сяброў навукі" і там упершыню пабачыць карціну Чурлёніса "Бура". Над уздыбленымі хвалямі мора – цяжкія хмары, якія нагадваюць званы. Аж, здаецца, чуваць у залах іх набатны гул. А сёння натрапіў на рэпрадукцыі карцін Рушчыца: "Зямля", "Балада" ,"Вясна", "Апошні снег". Гэтыя карціны – фрагменты з нейкай вельмі знаёмай і блізкай майму сэрцу паэмы.
Сустрэўшыся з Трахімам (Буткевічам), прачытаў яму некалькі сваіх новых вершаў і чарнавы накід біяграфіі, якую падрыхтаваў для свайго першага зборніка. Аж не верыцца, што хутка можа выйсці зборнік маіх вершаў. Шмат мы з ім гаварылі пра нашу заходнебеларускую літаратуру. I хоць ён засцерагаўся, што літаратура не яго спецыяльнасць, яго вельмі трапныя заўвагі і ацэнкі часта мяне здзіўляюць сваёй глыбінёй. Сам ён нагадвае мне беражлівага гаспадара, які знае цану кожнай рэчы і нічому не дасць змарнавацца. Я часта з ім не згаджаюся, спрачаюся. Часамі адчуваю, што ён смяецца з майго задору, але неяк так добразычліва, што крыўдзіцца на яго няма як. Шмат курыць. Спакойным і разважлівым голасам гаворыць:
– Перажываем вельмі складаныя сітуацыі, і паэту неабходна быць палітыкам.
На змярканні мы з ім развіталіся. Мы з Лю пайшлі ў кіно.