Амаль усе мы – прадстаўнікі першага пакалення беларускай інтэлігенцыі, якая выйшла з сялянскага асяроддзя. Нават гарадская вопратка, у якой чуемся скутымі, не ў сілах адмяніць наш мужыцкі выгляд. Мы ўсюды выдзяляемся сваімі абветранымі тварамі, шурпатымі, шырокімі далонямі, плячыстасцю і гутаркай ва ўвесь голас, быццам заўсёды знаходзімся ў полі ці ў лесе.

На некаторых віленскіх вуліцах пачалі брук замяняць больш трывалымі і гладкімі гранітнымі плітамі, знітаванымі цэментам. Цяжка будзе з такой вуліцы вырваць камень для барыкады.

"Гісторыя вучыць"… Мала яна каго навучыла. Асабліва нічаму не навучыла ўсякай масці рэакцыянераў. Якімі былі бесчалавечнымі, такімі і засталіся.

П. Сергіевіч пазнаёміў мяне з работамі свайго настаўніка – А. Слядзінскага, з яго цудоўнымі лірычнымі пейзажамі.

Начытаўшыся С. Пігоня, узяўся за пераклады А. Міцкевіча. Самае цяжкое ў гэтай рабоце – перадаць няўлоўную музыку паэзіі, захаваць вернасць арыгінала і каб пераклад не нагадваў почырку самога паэта-перакладчыка. А то я знаю перакладчыкаў, якія ўсіх падганяюць пад свой стыль.

Сёння абедаў у сталоўцы на Навагрудскай вуліцы, Дзе заўсёды можна знайсці і пачытаць пару газет левага напрамку. За суседнім сталом сядзелі вазакі і нешта горача абмяркоўвалі. На вешалцы віселі іх брызентавыя плашчы, прапахшыя рыбай, селядцамі, вугалем, дровамі, дажджом… Калі адчыняліся дзверы, даносіўся шматгалосы гоман рынку. I так было накурана, што аж дваілася ў вачах. З групай турыстаў заблудзіў на Замкавую гару і яшчэ раз паслухаў, аб чым гавораць руіны.

29/VІІ

Цэлы дзень праседзеў у бібліятэцы імя Урублеўскіх, у аддзеле савецікі. С. даў мне некалькі перакладзеных на польскую мову вершаў Элюара. Яны былі падарожжам у яшчэ адну не знаную для мяне краіну паэзіі. Бяда толькі, што я са спазненнем адкрываю даўно вядомыя іншым часткі свету.

30/VІІ

П. на пару дзён прыехаў з Вільні дамоў. Поўднем, было крыху вольнага часу, пачаў збіваць з бярозавых неакораных пруткоў этажэрку для кніг. Але хутка мусіў пакінуць сваю майстэрку, бо паклікалі збіраць рой, што змёўся на елцы каля лазні. Я пабег за драбінамі. 3 роем удалося досыць хутка справіцца: сабралі яго ў шаснастку і, шчыльна абвя-заўшы чыстым настольнікам, занеслі ў пуню. Вечарам, пасля захаду сонца, перагонім яго ў падрыхтаваны бацькам стары ляжак. Пчолы ў нас былі даўно. Толькі ў дзеда яны не асабліва вяліся. Лепш пайшла справа, калі імі заняўся мой бацька. Ён умеў хадзіць каля іх і даглядаць. Не баяўся, калі каторая пчаліна яго ўджаліць, хоць гэта рэдка здаралася, бо пчолы яго зналі і не чапалі.

Прыцягнуўся сусед Захарка Калбун. Ля Мядзела, казаў, нехта забіў шалёнага ваўка, за што выдалі яму ўзнагароду 500 злотых, але за тое, што ён не меў дазволу на сваю стрэльбу, аштрафавалі яго на яшчэ большую суму. Можа, праўда, а можа, Захарка сам выдумаў. Запісваю дзедава апавяданне пра салдата, які ашукаў цара і пана.

Служыў з нашага краю адзін салдат у цара. Калі ён адслужыў свой час, цар у яго пытае: "Што табе даць за верную службу?" "Нічога мне не трэба, – адказвае той, – дай мне толькі старое сядло". Усцешыўся цар, што салдат не просіць у яго ні грошай, ні зямлі, ні багатай вопраткі, а толькі – старое сядло. I тут жа загадаў, каб выдалі салдату за яго подпісам адпаведны дакумент. Салдат пакланіўся цару і пайшоў дамоў. Вярнуўшыся ў свой край, зайшоў да пана, у якога служыў некалі парабкам у маёнтку Старое Сядло, паказаў яму царскую грамату і кажа: "Ідзі, пан, куды хочаш, бо маёнтак гэты – мой, і я цяпер тут гаспадар…". Схапіўся пан, пачаў крычаць, пабег да папа, да соцкага, да суддзі. Але так нічога і не змог зрабіць. Мусіў аддаць салдату свае Старое Сядло.

Зноў зачапіўся за фальклор, як п’яны за парог. Вячэралі пры лямпе. Заўтра з расой збіраемся касіць свінарку. Паганая і цяжкая для касьбы трава.

– Цяпер ужо можна выспацца, – кажа бацька. – Ночы падаўжэлі.

Ён заўсёды ўстае першы і ўсім даводзіць, што больш 4–5 гадзін спаць не трэба, бо гэта толькі шкодзіць здароўю. Мы ўжо і не аспрэчваем яго "ісціны", бо ўсе ведаем, што яго нічым не пераканаеш.

5/VІІІ

Уладак Барысевіч завёў мяне на Скапуўку, дзе ў доме № 5 размясцілася рэдакцыя "Папросту". Ён мне даў некалькі экземпляраў першага нумара газеты, якая сёння адзначае свой дзень нараджэння, і пазычыў мне на пару дзён паэму Чэслава Мілаша "Аб застылым часе". Нарэшце купіў сабе за чатырнаццаць злотых "бацеўскія" пантофлі. Як навучыцца так хадзіць, каб не зношваўся хутка абутак?

6/VІІІ

Учора толькі пад вечар дабраўся да Кан-станцінава. У канцы вуліцы спыніўся каля студыі і ў жанчын запытаў, у каго можна было б пераначаваць.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже