Стары хоць і не прызнаецца, але знае, што гэта – праўда. Бацька мой не раз яму гаварыў пра гэта. З дванаццаці чалавек дзяцей частка памерла ад сухот, а рэшта разбрылася па ўсім белым свеце. Толькі адзін мой бацька вярнуўся з бежанства да гэтай зямлі і зараз пекліцца тут, за што кожны раз яго папракае маці, калі нажыты на пількаўскіх балотах раматус пачынае нясцерпна круціць ёй рукі і ногі.

Вярнуўшыся дамоў, дзед узяўся за сваю любімую работу – драбіць лучыну. Ён ужо яе нарыхтаваў з паўсотні пукоў. Заваліў гарышча на хаце і печ. Няма нават дзе і парцянак з рукавіцамі пасушыць.

Пасля абеду паехаў да каваля Васіля Бабровіча падкоўваць нашага Лысага. У кузні было некалькі чалавек пількаўшчан. Яны завіхаліся ля накавальні, памагаючы рассякаць старыя снарады, з якіх усе ў нас рабілі нарогі. Работа – не з лёгкіх. Трэба добра намахацца молатам, пакуль аддзеліш гільзу ад таўшчэзнай пяты снарада. Ужо колькі год мінула, а ўсё яшчэ перакоўваем пакінутае вайной жалеза на плугі, сякеры, палазы, сярпы. Амаль у кожнага ляжыць прызапасенае рознае ваеннае ламачча: крупаўскія шпалы і рэйкі з разабранай светкаўскай веткі вузкакалейкі, кастылі, балты, балкі з бліндажоў, скруткі рознага дроту.

У кузні – дымна, душна. Палілі не вугаль, а тоўстую бярозавую кару, пазбіваную на пасеках са старых пнёў. Каля горна дыміла дзындра і стыла некалькі выкаваных нарогаў.

Прывязаўшы каня да плота, я пайшоў у Езупаў двор, дзе спыніліся былі нейкія фурманкі, чуўся гоман галасоў ды вясёлы брэх сабак, якія, відаць, радаваліся, што сёння хоць набрэшуцца на гэтым хутарскім бязлюддзі.

6/ІV

Старыя, падгнілыя сцены яўрэйскіх крам, што абрамляюць мядзельскі рынак, аблеплены рэкламнымі плакатамі "Wedel", "Heberbshch i Schelle", "Marwitan"... нагадваюць дэкарацыі сцэны, якую толькі што пакінулі героі Шолама Алейхема і забылі апусціць заслону.

Зараз на гэтай сцэне бродзяць бяздомныя сабакі, рабая каза, падбіраючы клакі сена, пакінутага пасля кірмашнага чацвера, і паліцэйскі, які заўсёды дзяжурыць каля аўтобуснага прыпынку.

А аўтобус сёння чамусьці спазняецца. Некалькі чалавек пасажыраў і я сядзім на ганку Носькавай крамкі, прапахлай дзёгцем, перцам, селядцамі. Носька распытвае ў мяне пра бацькоў, пра нашы пількаўскія справы. І сам дзеліцца са мной і смешнымі і сумнымі навінамі свайго мястэчка. Я гляджу на яго і думаю: кожны чалавек носіць у сабе ненапісаную кнігу - кнігу цікавую, непаўторную. У дарозе абдумваў сюжэт казкі. Дзіцячая літаратура - літаратура, якую чытаем у маленстве, потым - дзецям, потым - унукам. Так на працягу ўсяго жыцця і не расстаёмся з ёю. Як мала мы ёй удзяляем увагі! У нас толькі адзін С. К. Паўловіч цікавіцца дзіцячай літаратурай і агітуе, каб я паспрабаваў свае сілы ў гэтым жанры.

За Пасынкамі нас сустрэў краплісты дождж, які доўга аж да Канстанцінава не хацеў адставаць ад нашага аўтобуса: то ён нас абмінаў, то мы яго абміналі.

7/ІV

Закончыў на польскай мове невялічкае апавяданне аб жыцці беспрацоўных. Хачу паслаць яго на конкурс у адну з левых газет. Гэта ўжо будзе трэцяе апавяданне. Хаця б і на яго, як на папярэднія, не атрымаў сумны адказ: "Газета закрыта..."

Ледзь змусіў сябе дачытаць Хлебнікава. Мне здаецца, што падобнымі эксперыментамі могуць займацца паэты, перад якімі ніколі не стаяла пытанне: быць ці не быць іх мове? Аж зайздросна, што ёсць на свеце пісьменнікі, якіх ніколі не трывожыла гэта праблема.

22/ІV

Пасля  "Маланкі" і "Асвы" мы амаль зусім развучыліся смяяцца. Не па гадах зрабіліся сур'ёзнымі. Разгубілі сваіх таленавітых сатырыкаў і карыкатурыстаў. Адны - адышлі ад усякай грамадскай працы, другія - спіліся, страціўшы веру ў будучыню, трэція - падаліся ўпрочкі. Днямі бачыўся з Горыдам. Цудоўны мастак. Гэта адчулі сваім сабачым нюхам і яго сённяшнія мецэнаты.

Забег у студэнсткую "Мэнсу", каб нешта перакусіць. У кутку ля акна сядзеў К. Сядзеў ён нейкі сумны, загледзеўшыся ў сябе, нат не заўважаў, калі з ім віталіся. Я чуў, што ў яго няшчасце - за нейкую палітычную акцыю паліцыя арыштавала яго старэйшага брата. Я знаў К., яго брата, і ўсю іх сям'ю, сумленную, адданую справе, з якой яны даўно звязалі ўсё сваю жыццё.  Жылі яны бедна. Адзіным багаццем, якое завяшчаў бацька сваім сынам (сам ён памёр на Лукішках падчас галадоўкі), была нянавісць да ўсякай несправядлівасці.

Сёння - няўдачны дзень сустрэчы. Нідзе нікога не застаў. Мо пачаліся перадсвяточныя першамайскія аблавы?

25/ІV

Стараюся меньш хадзіць па горадзе. Пад вечар заглянуў на старую кватэру, дзе паспрачаўся з С. Я слаба разбіраюся ў людзях, часта памыляюся. Толькі мая сялянская насцярожанасць часам ратуе ад прадчаснага захаплення тым ці іншым дзеячам або нейкім модным творам. А С. усё бачыць у ружовых акулярах. Пачала прычэсвацца пад Грэту Гарбо. Праглядзеўшы некалькі свецкіх фільмаў, пачала насіць скураную куртку. Начытаўшыся Горкага, пачала знаёміцца і дружыць з нейкімі віленскімі басякамі...

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже