Сёння Трахім пазнаёміў мяне з адозвай, у якой пісалася аб новай дзяржаўнай пазыцы. Пры дапамозе яе ўрад збіраецца выдушыць з рабочых 200 мільёнаў злотых. I гэта ў той час, калі ліхаманкава расце беспрацоўе. Толькі зарэгістраваных – 500 тысяч! А калі ўлічыць і так званых "скрытых" і вясковых батракоў, відаць, сапраўдная лічба беспрацоўных будзе ў некалькі разоў большай.
22/VІ
Хіба нідзе, як на прадмесцях у Вільні, няма столькі ціхіх, глухіх вулічак у зеляніне садоў і агародаў, схаваных сярод узгоркаў і саснякоў. Некаторыя з іх нават цяжка знайсці, а знайшоўшы – выбрацца з іх. На Полацкай пазнаёміўся з адным заядлым галубятнікам, які амаль да паўдня не адпускаў мяне, пакуль не паказаў усёй сваёй гаспадаркі і ўсіх сваіх крылатых гадунцоў. На Завальнай сустрэў цэлы абоз фурманак з бочкамі, цабэркамі, маслабойкамі, вядзёркамі. Аж не ўцярпеў, каб не спытацца, адкуль усё гэта вязуць.
– З Куранца, з Касцяневіч, з Крывічоў,– адказаў адзін з вазакоў.
Я доўга глядзеў на гэтыя вазы, загружаныя вершамі і паэмамі маіх родных ваколіц.
Як часта ў пошуках паэзіі блукаў я па розных бездарожжах! А яна вось толькі што праехала міма на скрыпучых сялянскіх драбінах, запоўніўшы пахам жывіцы ўсю вуліцу.
24/VІ
У кіно чыгуначнікаў неспадзявана паказалі савецкую хроніку пра слаўную эпапею "Чалюскіна". Калі на экране з’явіліся з кіраўнікамі ўрада і партыі Шміт, Горкі – у зале пачуліся апладысменты. Я праседзеў два сеансы, каб толькі яшчэ раз паглядзець гэтыя цікавыя кадры.
На Пагулянцы дагнаў мяне навальнічны дождж, але ён хутка прайшоў. Над горадам успыхнула вясёлка, якая на вачах пачала налівацца яркімі колерамі, а канцамі сваімі хіліцца да зямлі, быццам нейкі волат хацеў з яе выгнуць велізарную арку і паставіць яе на плячах гор – Трохкрыжовай і Замкавай.
25/VІІ
Трапіў на біяграфію Якуба Ясінскага – аднаго з кіраўнікоў паўстання, які 4 лістапада 1794 года загінуў на акопах Прагі. Быў ён блізкім другам М. Касцюшкі, пісаў вершы. Т. Буйніцкі абяцаў мне пазычыць яго творы, выдадзеныя ў 1869 годзе К. У. Вайціцкім. За яго вядомы верш "У часе жалобы" кароль быў вызначыў узнагароду таму, хто знойдзе аўтара, які асмеліўся сказаць: "Няхай загінуць каралі, а вольны будзе свет…".
У рэдакцыі "Летапісу" сярод карэспандэнцыі знайшоў цікавае пісьмо Уладзіміра Шгулеўскага пра беларускія песні, сабраныя ў Латгаліі С. Н. Сахаравым.
А гэта – статыстыка: зараз у Польшчы выдаецца каля 300 каталіцкіх газет і часопісаў. Некаторыя з іх, як "Пшэводнік католіцкі", "Малы дзённік", "Рыцэж непоколянэй", распаўсюджваюцца ў сотнях тысяч экземпляраў. Такімі тыражамі не можа пахваліцца ніводная з існуючых газет. Праўда, розныя еўхарыстычныя арганізацыі і брацтвы многім веруючым дарма рассылаюць сваю прэсу. Я часам перагортваю гэты часопіс абскурантаў. Аж не верыцца, што ў наш век рэвалюцыйных зрухаў можа выдавацца нешта падобнае.
Каля кіно "Геліос" купіў "Чарнэ на бялым" – орган левага крыла санацыі. У гэтай газеце часта можна знайсці для нас надзвычай цікавыя матэрыялы, якія ў нас не прапусціла б цэнзура. Сёння два разы прыйшлося – з Антокаля аж на Воўчу Лапу – перамераць нагамі горад.
I так, пасля ўсіх сустрэч, мне зараз патрэбны аловак і цішыня, ды такая цішыня, каб чуць было нават, як на чарапічных віленскіх дахах гасне дзень, а ў небе – загараюцца зоры.
Пішу пра батлейку, пры дапамозе якой калісьці ў Карэлічах, Нягневічах, Шчорсах збіралі на МОПР. Ноч. Мароз. Нясуцца коні з чырвонай пяцікутнай зоркай. Спыняемся каля хат, завеяных снегам; на матыў калядных песень пяём аб канчыне старога і нараджэнні новага свету, аб тым, каб уставаў народ змагацца за сваю волю. А назаву я свой твор "Каспар, Мельхіёр, Бальтазар". Так называліся каралі, якія першымі прыйшлі за віфліемскай зоркай пакланіцца міфічнаму Хрысту. На каляды, каб адагнаць нячыстую сілу, усе прававерныя католікі на дзвярах і на вокнах пішуць крэйдай першыя літары іх імён – К. М. Б. Але гэта можа азначаць і Камсамольская Моладзь Беларусі, якая спявае:
Вясёлы дзень, святочны час –
Пяцікутная зорка ў нас.
Алілуйя, алілуйя, алілуйя!
Дзе чырванню яна гарыць,
Там вораг-злыбедзень дрыжыць.
Алілуйя, алілуйя, алілуйя!
Там рушацца сцены турмы,
Там запяваем песні мы.
Алілуйя, алілуйя, алілуйя!
Сякеры з віламі бяром.
Усе за волю ў бой ідзём.
Алілуйя, алілуйя, алілуйя!
Паэзія падобна да таго казачнага арла, які, несучы свайго героя, патрабуе ад яго корму. Апошні пад канец свайго падарожжа нават змушан быў ахвяраваць самім сабой.
27/VІІ
Ад уплываў розных бясплодных мадэрнізмаў заходнебеларуская літаратура атрымала надземную прышчэпку, зробленую нашымі "апекунамі" пры дапамозе гумавых палак. Паэзія наша – цяжкая, як камень, вырваны з бруку падчас вулічных баёў, немілагучная – як стогн ці крык, чырвоная – як пралітая кроў. Іншай яна сёння і не можа быць. Што да мяне, дык я цікавіўся і цікаўлюся рознымі школамі і напрамкамі, але асцерагаюся, каб не трапіць на пракрустава ложа іх тэорый. Пакуль што мяне ратуе, як старога каня, адчуванне галоўнага напрамку – дарогі.
28/VІІ