Відаць, заўтра паеду дамоў, каб забраць свае рукапісы ды сякія-такія халасцяцкія манаткі. Толькі яшчэ не ведаю, дзе мне ўдасца абаснавацца ў Вільні. На Букавай – цесна. Жывуць нейкія рабочыя з бойні. Ды і Трахім не раіць мне спыняцца на старой кватэры.

13/V

Разгубленасць і жалоба сярод розных "ужэнднікаў" на вёсцы, пачынаючы з секвестратараў і паліцыі, канчаючы солтысамі ды стральцамі, – памёр Ю. Пілсудскі. Трэба сказаць, што ён выбраў сабе шчаслівую дату калі памерці – уцячы ад адказнасці за ўсё тое, што накуралесіў на гэтым свеце.

Цэлы дзень баранаваў я ў полі. На змярканні з’явіўся М. Прынёс вестку, што хутка прыбудзе літаратура, каб мы яе пераслалі далей – на Нарач. З выгляду М. быў падобны на нейкага настаўніка: грузны, досыць прызваіта апрануты, у капелюшы, з партфелем у руках. Нават дзеці – смяяўся – яго віталі ў вёсках: "Дзень добры!" Ды і мне – казаў – відаць, прыйдзецца збірацца на сталую работу ў Вільню.

Ноччу прыйшоў Кірыл Карабейнік. Дамовіліся, што ён заўтра паможа М. дабрацца да Навасёлак.

15/V

Амаль з гадавым спазненнем Н. пазнаёміў мяне з матэрыяламі Першага з’езда савецкіх пісьменнікаў БССР – з дакладамі Бранштэйна, Клімковіча, Кучара, з некаторымі выступленнямі ўдзельнікаў з’езда. Прызнацца, не з усімі ацэнкамі я згодзен. Але самае важнае – якая ў Савецкай Беларусі расце вялікая і сапраўдная літаратура! Аж зайздросна. Бо ў нас не толькі няма ў каго павучыцца, але з кім у ахвоту падужацца. Сёння Заходняя Беларусь – мяшок, завязаны паліцэйскім бізуном, ксяндзоўскім ружанцам і пятлёй пана Маціеўскага, дзе з-за адсутнасці свежага паветра пачынае гаснуць усякае святло – нават лучына.

21/V

Да гэтага часу лепшыя вершы з’яўляліся ў мяне больш неспадзявана для сябе, як для маіх знаёмых. Аж крыўдна, што ніхто не верыць, што творчасць для мяне – работа надзвычай цяжкая. Да гэтага часу мы эксплуатавалі толькі верхнія пласты жыцця, дзе няшмат засталося самародкаў. На маім шляху – безліч скрыжаванняў. I амаль на кожным, як у казцы, стаіць камень, які перасцерагае: "Проста пойдзеш – жыццё згубіш, налева – каня страціш, направа…". Вяртацца назад? Адысей, здаецца, не быў такім самотным чалавекам: яго дома помніў стары пёс. Я не думаю, што гора і бяда заўсёды будуць павівальнай бабкай паэзіі. Проста, яны да гэтага часу былі неадлучнымі яе спадарожнікамі.

Сёння паміж нашымі схаластамі разгарэлася спрэчка: ці можа сапраўдны паэт пісаць па заказу. Камень, зразумела, быў кінуты ў наш агарод. Калі мастакі і паэты тварылі па заказах каралёў, паноў, магнатаў, купцоў, дык чаму ж яны не могуць тварыць па заказу народа – адзінага непадкупнага і найбольш высакароднага аўтарытэтнага ваказчыка?

Поўднем прыйшоў Д. Ён спрабаваў мне перакласці некалькі лірычных вершаў X. Семятыцкага і А. Суцкевера. Але яго падрадкоўнікі нагадвалі разбураныя землетрасеннем бажніцы, пад руінамі якіх загінулі і веруючыя і сам Іегова.

Пад вечар хадзілі ў разведку да друкароў Баеўскага і Знамяроўскага, хоць чамусьці да апошняга некаторыя з нашых таварышаў ставяцца насцярожана. А нам трэба знайсці найбольш тайную друкарню для сваёй газеты. Каля Замкавай гары сустрэў Уладака. Пазнаёміўся я з ім яшчэ ў віленскім студэнцкім гуртку эсперантыстаў (Ягеленская вул., д. 3, кв. 2), куды мы разам з ім хадзілі, каб стаць сапраўднымі інтэрнацыяналістамі. Мы тады лічылі, што нацыянальныя мовы з’яўляюцца перашкодай на гэтым шляху, бо які ты ў чорта інтэрнацыяналіст, калі прызнаеш толькі сваю мову і змушаеш на ёй гаварыць іншых.

У Вільню Уладак прыехаў з Данброўскага басейна. Працаваў, казаў, пару год у шахтах "Сатурн" і "Чэлядзь". Потым за работу ў МОПРы быў арыштаваны. Па выхадзе з астрога таварнымі цягнікамі дабраўся да Варшавы, дзе Стэфанія Шэмплінская, якую ўсе ў нас называлі цёткай, дапамагла яму пераапрануцца ў лепшую вопратку і дабрацца да Вільні. Тут ён пры дапамозе С. Мажуца і А. Хвалькі ўстроіўся на каналізацыйных работах. Але і ў Вільні, відаць, не пагрэе месца, бо ўжо выклікалі на Святаянскую і гразілі, калі не пакіне займацца камуністычнай прапагандай, пасадзяць яго зноў. Для мяне Уладак быў тады экзатычнай фігурай: сапраўдны шахцёр, рабочы. Хадзіў ён крыху сутулячыся, быццам на сваіх плячах заўсёды нёс нейкі груз. Мова яго – польская – была адменная ад той, якую ўжывалі на нашых крэсах. Я нават некаторых слоў не разумеў і прасіў яго растлумачыць. Апрача польскай ён, як большасць слёнзакаў, знаў яшчэ і нямецкую. У турме вывучыў яўрэйскую і ўкраінскую. А бадзяючыся па віленскіх рынках, пачаў вывучаць беларускую і літоўскую.

На Навагрудскай сварыліся дзве гандляркі:

– Ах, каб ты дзяцей чужых няньчыла!

– Каб адсохлі твае рукі, якія нікому дабра не зычаць!

Нейкі дзядзька бажыўся і кляўся, што свежае бярозавае пугаўё выразана ім не з прыдарожных саджанцаў, за знішчэнне якіх гразіў штраф. Паліцэйскі спакойна запісваў з дошчачкі, прывязанай да ляжэек, прозвішча і адрас селяніна.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже