Лю піша пра свае дамашнія справы і пра нашы фатаграфіі, якія яна забрала ад Зданоўскіх. Веларускі нумар "Сігналаў" яшчэ не бачыла. А можа, ён і не паступіў у продаж? Трэба будзе папрасіць Янку Шутовіча, каб прыслаў мне хоць аўтарскі нумар, бо ў Мядзеле яго і са свечкай ні ў кога не знойдзеш.

На полі цёплы вецер. Можна было б пачаць верш:

Вецер свістаў, пакуль я не вырваў

Свісток у яго…

Вайнтраўб прыслаў у пісьме трывожныя вершы Бранеўскага. Толькі ці паспее набатны голас паэта-трыбуна разбудзіць пільнасць народа, прыспаную рознымі вялікадзяржаўнымі клерыкальнымі ды прафашысцкімі калыханкамі аб еднасці (якой ніколі не было), аб гатоўнасці (толькі не да абароны, а да новых распраў з рабочымі і сялянамі) і дружбе… з гітлераўскай Нямеччынай…

29/VІІ

Накідаў чарнавік пісьма Вайнтраўбу: "Дарагі дружа! Я атрымаў Ваша пісьмо, за якое шчыра Вам удзячны, бо яно прынесла ў мой глухі куток глыток свежага паветра. Апошнія звесткі ад сяброў з Вільні і з правінцыі поўныя скаргаў і нараканняў на жыццё. Адны не могуць пісаць, бо перашкаджаюць няспынныя візіты розных анёлаў-ахоўнікаў, другія – хворыя пасля Бярозы, трэція – не могуць знайсці выхаду з бяды і нястачы. I ўсё ж, не зважаючы на ўсё гэта, восенню думаем прыступіць да выдання свайго часопіса маладых. Апошнімі днямі выйшлі з астрога два нашы паэты… I так, прыбыло папаўненне. Не знаю толькі, як мне ўдасца сёлета выехаць у Вільню і знайсці там нейкую працу. Чуў, што ў "Вядомосцях літэрацкіх" была заметка аб маім аўтарскім вечары, у якой Станіслаў Бруч прычасаў мяне пад Ясеніна. З нецярпеннем чакаю апошняга нумара "Сігналаў". Папярэднія нумары атрымаў. Дзякую. У газеце "Наруд і паньство" (№ 23–24) прачытаў аб нашай паэзіі дылетанцкі артыкул П. Ластаўкі, а крыху раней – вельмі добрыя пераклады вершаў, зробленыя Вамі і Яворскім. Яшчэ не знаю, як абстаяць справы з чацвёртым нумарам "Калоссяў", прысвечаным польскай літаратуры. Спадзяюся, што, прыехаўшы ў Вільню, нам удасца выпусціць такі нумар і "Беларускага летапісу". Сёння пашлю пісьмо Янку Шутовічу і папрашу яго выслаць вам гадавікі "Калоссяў". Баюся, што спазнюся ў час напісаць для "Сігналаў" артыкул аб сучаснай беларускай літаратуры, бо ўсе гэтыя дні не выпускаю касы з рук. Разам з пісьмом пасылаю падрадкоўнікі сваіх баек…".

30/VІІ

Учора ішоў міма слабадскога магільніка, які нагадвае велізарную крушню помнікаў-валуноў. Схіл гары, як воспай, зрыты бульбянымі ямамі. Ноччу тут можна галаву скруціць. На старой сасне, што недалёка ад магілы дзядзькі Ціхана, гняздзяцца буслы. Добрае яны выбралі сабе месца.

Вечарам доўга сядзеў над вершам пра родную мову. Мова! Яна разам з сэрцам даецца кожнаму чалавеку пры з’яўленні яго на свет. I па тым, як гучыць твая мова, песня, можна дагадацца, і як жыве народ.

А верш не ўдаўся, здаецца, да канца быў прадуманы. Прыйшлося адкласці. Можа, калі іншым разам вярнуся да гэтай важнай тэмы. Бо чым большая па свайму значэнню тэма, тым яна больш глыбокага патрабуе вырашэння. Здаецца, С. Віткевіч гаварыў, што добра намаляваная галава капусты вышэй за дрэнна намаляваную галаву Хрыста. Перапісваю працяг свайго "Сілаша".

Замерла ўсё,

                  калі ля хаты Пераброда

З начальствам затрымаліся разводы,

Калі на стол са сваей торбы падарожнай

Пан войт паклаў паперы асцярожна –

Нядоімкі, павесткі розныя ды кары…

Падбрэхіч-солтыс, уздзеўшы акуляры,

Пачаў аратарстваваць: "Лагавяне,

Паводзіце сябе, скажу я вам, пагана. -

Папраўцеся! Начальства глядзіць коса

На вас. Палітыка вам шкодзіць,

Газеты розныя. Што вам прыйшлося

З лемантароў сваіх? На лапаць сыдзе

Жыццё. Хіба не пагусцела ў саганах зацірка?

Глядзіце, не змяняйце гузіка на бірку!.."

Тут солтыс выцер потны твар насаткай,

Глынуў вады з надбітай, вышчарбленай

                                                       шклянкі,

Закашляўся.

– Ўсё праўда, пане солтысу! Вось горай,

Што ваша праўда вельмі дарагая:

Ужо летась паздзірала кажухі, аборы

З лапцяў выверзала…

                              Не, не маем

Не толькі за яе, а і за песню

Тваю чым заплаціць…

                                Няспелыя чарэшні –

Вочы войта злосцю даспяваюць

Ад шуму і ад словаў Пераброда.

Але, пачуўшы ў хаце непагоду,

Сачыць ён за настроем пачынае

I цягне голасам, прыхільным нават:

– Я сам – з сялян, вам шчыра спачуваю…

(Паправіў галынтук, пачакаў на лаве,

Пакуль сцішыліся бабы.)

                                     Знаю –

Цяжка справіцца з нядоімкамі, можа,

Ды трэба ж раіць неяк.

                                 Ну, разложым

Бяду на раты, залатоўкі, грошы…

Ды цішыня пярэчыць і трывожыць.

Пан войт на іншых пачынае нотах

Саліраваць:

                  – А думы вашы раіў бы пакінуць.

Дарма іх паліваеце вы потам.

Ім не цвісці, ім не гарэць рабінай.

Дарма хаваеце іх, ім даяце прытулак

Пад латамі сваіх сярмяг, у хатах цесных,

I дзецям завяшчаеце ў бунтарных песнях.

Дарма чакаеце з Усходу дапамогі.

Лепш панадзейцеся на панства і на бога.

I шмат лягчэй было б і вам і коням

Па полі валачыць плугі, смыкі-бароны…

Ля качарэжніку смех пырснуў нечы

У цішыню смалістую, сухую

I хату ахапіў ад печы

Да абразоў.

                 Смяяліся тыя,

Што бачылі,

                  як дзед Сцяпан старую

Нязгаснай люлькай прапаліў сярмягу;

Смяяліся старыя і малыя,

Не бачыўшы гэтага…

                              Смех моцнай брагай,

Нарастаючы, рваў абручы бярвення.

I толькі зразумеў пан войт, што немагчыма

Смяяцца так людзям і гэтым сценам

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже