На хату нельга ўжываць ні буралому, ні сухастою, каб не прычапіліся хваробы.

Нельга секчы пастаўкі, каб не было ў сям’і калатні.

Стралец страляе, а гаспадарка гуляе.

Піце жылы, пакуль жывы.

Ачарніў чарней зямлі.

17/VІІ

На сучасным Парнасе – няспынныя баталіі і сутычкі, далёкія ад жыцця, ад народа, які не прымае ў іх удзелу і не цікавіцца імі.

У часопісе "Хлопскі свят" выступіў са славянафільскай ідэяй – хто б гэта думаў! – генерал Л. Жалігоўскі. Ці не па памылцы ён у свой час захапіў Усходнюю Літву?

Дамоў прывёз з сабой зборнік вершаў I. Волькера. Думаю, з дапамогай дзядзькі Фадзея, які добра ведае чэшскую мову, змагу пазнаёміцца з творчасцю гэтага выдатнага паэта. Пасля прыезду дзядзькі Фадзея з Чэхаславакіі ў лексіконе маіх дамашніх з’явілася шмат чэшскіх слоў, якімі яны часта перасыпаюць сваю гутарку. Ды і я памалу пачынаю сяк-так разбірацца ў дзядзькавых сельскагаспадарчых кнігах на чэшскай мове, якіх ён прывалок цэлы чамадан.

19/VІІ

Пішу М. Ваньковічу пра яго кнігу "Шчанячыя гады".

"…Гэтымі днямі я закончыў чытаць вашы надзвычай жыва і займальна напісаныя ўспаміны пра юнацкія гады і далёкую мінуўшчыну, пра якую толькі чуў ад старых дзядоў, што яшчэ помнілі паншчыну, прыгон. Зразумела, што з іх слоў гэта мінулае паўставала ў менш прывабных фарбах, як у вас, бо гэта яны вынеслі на сваіх плячах цяжар жудаснай эксплуатацыі, гэта яны, схіліўшыся і зняўшы свае шапкі, прасілі дрэва "на пяць крыжоў". Пануры цень ляжаў і ўсё яшчэ ляжыць на лёсе нашага народа.

Ваша таленавітая кніга змушае пра многае забыць, многае дараваць, змушае глядзець на жыццё з "іншага акна" – акна панскага палаца, з якога лягчэй было захапляцца хараством прыроды беларускай зямлі, дзе прайшло ваша маленства.

Дзіўная гэта зямля! I мы яе любім, хоць вам шмат лягчэй было яе любіць…".

Вечарам трэба будзе дапісаць і адправіць пошту.

Бацька закончыў кляпаць косы. Пакуль раса – касілі па чарналессі, па алешніку, дзе няма нават як размахнуцца, бо ў траве поўна дробнага галля. Дзед бурчаў, што вясной не падграблі, не падабралі гэтага лому, а потым пачаў павучаць, як трэба жыць і гаспадарыць. Перш я не прыслухоўваўся да гэтых парад, і цяпер яны для мяне мала прыгодны, але ў іх шмат ёсць цікавага, чаго не знойдзеш ні ў якой кнізе. Вось і сягоння, расказваючы пра пакуты свайго дзядзькі, неспадзявана заключыў: таму ніхто, нават дзядзіна, не была для яго такой добрай, як смерць… Калі хавалі, я здзівіўся: чаму самая цяжкая сырая калода – лягчэй, як труна, збітая з яе сухіх дошак…

Калі вецер змёў расу, падаліся бліжэй да ўзбалоцця, дзе трава была больш рэдкая. Недзе пад касой зазвінела чмялінае гняздо. Не было толькі часу паглядзець, ці ёсць у гэтых лугавых гультаёў нейкі мёд. А калі гнаў другі пракос – ужо ў чмяліным, выдраным з кургана гняздзе гаспадарылі вароны, якія разам з бусламі цэлы дзень ходзяць за намі. Здалёк буслоў нават цяжка адрозніць ад касцоў: і кашулі ў іх белыя – як у нас, і ідуць па сенажаці такой жа павольнай хадой.

20/VІІ

Атрымаў пісьмо ад К. Вайнтраўба, які зараз знаходзіцца ў Закапаным, віла "Ямбар" па дарозе да Белага. Просіць хутчэй прыслаць яму падрадкоўнікі вершаў: "Вырай", "Над курганамі", "Пад мачтай" і падрадкоўнікі ўсіх маіх баек.

Хадзіў у Крывічы па лякарства для маці, якая зноў цяжка захварэла. Дастаў для яе некалькі таблетак прэпарата "Тогаль" ад рэўматызму. Вяртаючыся, спыніўся ў задубенскага свайго дзядзькі Ігнася. Зноў бачыўся з Макарам Хацяновічам. Перажывае стары пуцілавец наша агульнае няшчасце. Калі і хто з нас мог спадзявацца, што мы, астаючыся на волі, у такі праднавальнічны час будзем асуджаны на бяздзейнасць? Якому чорту ўдалося пасеяць атрутнае зелле – бязвер’е ў чалавека? Аж страх падумаць, які яно дало чорны ўраджай!

Быў сведкам цікавай сцэны. У агарод дзядзькі Ігнася, абведзены нейкай драцінай, залез суседскі конь. Ціхан першы ўбачыў яго і крычыць:

– Ты куды, ваўкарэзіна? Ах, каб цябе! Глядзі, Марыля, што ён робіць! Во, ужо скача ў капусту…

Марыля ўставіла галаву ў акно:

– Ах, каб цябе апрагло! Глядзі, Іван, гэта быдла бязрогае ўжо хрумстае качаны…

– Ах, падла ненажэрная! Ужо і да буракоў дабіраецца! Куды цябе, памаўзу, чорт гоніць!

– Цю-га! –крычаць усе трое на каня, які спакойна (відаць, добра знае руплівасць гаспадароў) папасваецца ў агародзе.

Цяпер зразумела, чаму ў іх так падупала гаспадарка, чаму яны за апошнія гады так абяднелі.

Дзядзька – хворы, а дзеці – хто куды. Праўда, і падаткі на хутары іх моцна прыціснулі. Зямлі стала больш, а зямля – горшая. Ды яшчэ трэба заплаціць і за гэту праклятую парцэляцыю. Палохаюць, што могуць змусіць правесці асушку, меліярацыю. У выніку ўсяго гэтага давядзецца ім тады плаціць казне за сваю зямлю, апроч падаткаў, у некалькі разоў больш, чым яна каштуе. Фактычна, селянін другі раз выкупляе сваю зямлю: першы раз – ад паноў, другі раз – ад іх дзяржавы. I адмовіцца ад гэтага ніхто не мае права, бо ўсё гэта робіцца ў інтарэсах абароны "ўсходніх крэсаў", якія падлягаюць асобым пагранічным воўчым законам.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже