Спаў у пуні на сене. Першую ноч на свежым месцы мне чамусьці заўсёды не спіцца. Прачнуўся рана. На беразе Сэрвачы знайшоў нейкі човен, на якім даплыў амаль аж да млына. Калі вярнуўся, Бронька чакаў мяне з таптухай, пры дапамозе якой мы пачалі з ім лавіць рыбу. Рака яшчэ не астыла пасля ўчарашняй спякоты, і толькі лёгкім халадком праймала нас, калі мы брадзілі па лужах і завадзях, парослых густым трыснягом і духмяным аерам. I хоць слабыя з нас рыбакі, але трох сярэдніх шчупакоў мы прынеслі дамоў на сняданне. I Вера, і Бронька затрымліваюць мяне, каб у іх пагасціў. Але няма калі, бо і ў бацькоў – рабочая пара. Вечарам абяцалі мяне завезці ў Шлькаўшчыну. Трэба зноў пайсці на раку, заваліцца недзе пад ракітавы куст ды перачытаць захопленую з сабой у дарогу літаратуру, а таксама прыхапіць і лісты, на якія яшчэ не адказаў. На канвертах – маркі з партрэтамі каралёў, маршалаў… Некаторыя збіраюць іх, калекцыяніруюць. А я і лісты мушу паліць. Помню, калісьці пракурор затрымаў быў пісьмо ад Лю, у якім яна пісала, што Алесь Карповіч, з якім я разам сяджу на Лукішках, можа навучыць мяне танцаваць. Потым на судзе пракурор дапытваўся, што трэба разумець пад словам "танцаваць". А танцор з А. Карповіча быў выдатны. Танцамі, казаў мне, калі быў студэнтам у Празе, не раз зарабляў сабе на хлеб.

За ракой чуецца гул трубы. На яго адклікаецца статак кароў, што ляніва брыдзе да вадапою.

11/VIІ

О Апалон! Даруй мне ўсе мае ранейшыя вершы-аднадзёнкі! Абяцаю больш іх не пісаць. Пяты раз перапраўляю свой новы верш, і нічога не выходзіць. Відаць, на некалькі дзён трэба будзе яго адкласці, бо страціў нейкае беспамылковае адчуванне хараства. Засталася толькі адна няўпэўненасць і нездаволенасць.

Пад вечар прыехалі з Заворначы тры фурманкі пагарэльцаў. Бацька даў ім па сяўні жыта. Прапанавалі ім заначаваць, але яны адмовіліся і паехалі жабраваць далей. Доўга ў цішыні змяркання чуўся лёскат іх калёс.

12/VІІ

Перасушваў сена ў Нявераўскім. На нейкі час прылёг пад алешынай, але раптам пачуў нешта сцюдзёнае на назе. Гляджу – гадзіна! Асцярожна ўзяў нейкі сук, што быў пад рукой, і адкінуў яе. Шкада, што не ўдалося забіць. Схавалася пад корч. Доўга я за ёю цікаваў. Потым, калі ўпарадкаваў сена, я нанасіў сухога ядлоўцу і кругом карча запаліў агонь. Але не было часу сачыць ні за гадзінай, ні за агнём. Ад Езупавай граніцы ішоў, растрасаючы пракосы, віхор. Я ўзваліўся з граблямі на сваю капу. Думаў, наробіць ён мне работы. Але віхор неспадзявана павярнуў на балота, круцячы лазовыя кусты, беразнякі, трысцё.

Ля ракі, чуваць, нехта выстраліў. Пэўна, па качках, бо хутка цэлая чарада іх праляцела над нявераўскімі пунькамі. Потым, рассеўшыся на вершалінах елак, пачалі пераклікацца дзікія галубы, а на Махнатцы гулка галасілі трубы пастухоў.

Калі, змораны, вяртаўся дамоў, мне здалося, што я нясу на сваіх плячах велізарны, прапацелы мех, поўны водару сена, гарачыні, звону аваднёў, птушак. Я памалу ішоў, каб не парушыць спакою зямлі, бо і яна, здаецца, была стомленай. Балота пакрылася ўжо досыць высокай атавай. Пасля апошніх дажджоў з іржавых прэлін і выгараў павыскаквалі светла-зялёнымі свечкамі асака, аўсюг, аер. Аж, здаецца, нагам цёпла ад гэтага зялёнага полымя.

На Дуброве ўзагнаў цэлы вывадак сломак. Потым увайшоў у фантастычны лес, дзе пад самае неба ўздымаліся слупы камароў.

Вечарам узяўся за прывезеную з Варшавы паэму В. Шэўчыка "Ганыс". У польскай літаратуры заўважаецца нейкі рэнесанс паэмы: Скуза, Дабравольскі, Чухноўскі, Пентак, Шэнвальд…

Федзя прынёс ад нашай настаўніцы пошту. У адным пісьме – вершы А. Крывіча. Новы паэт ці новы псеўданім? У другім – Я. Шутовіч піша, што збіраецца даць у "Калоссе" падборку вершаў Я. Пушчы з яго зборніка "Цені на руінах", што ў Мінску абмяркоўваецца праект змены беларускага правапісу і марфалогіі і некаторыя з пісьменнікаў (I. Гурскі і В. Барысенка) выступаюць за скасаванне "акання", і, нарэшце, пра канфлікт паміж ксяндзом А. Станкевічам і фашысцкім "Беларускім фронтам", у якім раскрытыкавалі цікавую работу ойца Адама "Літуанізмы ў беларускай мове". Праўда, можа, не ўсе словы, пералічаныя аўтарам, можна залічыць да літуанізмаў, але факт застаецца фактам, што супольнае жыццё двух народаў – літоўскага і беларускага – пакінула глыбокі след і ў іх мовах. Я думаю, што шмат і беларускіх слоў можна знайсці ў літоўскай мове, як іх знаходзім і ў польскай мове А. Міцкевіча.

На канвертах акрамя звычайнага паштовага штэмпеля адбіта: "Помні аб своечасовай выплаце пазыкі супрацыіаветранай абароны".

I яшчэ невялікая паштоўка ад У.: "Гэтымі днямі брат з усёй сваёй раднёй пераехаў жыць бліжэй да Заходняй Еўропы". Гэта значыць, што зноў групу палітвязняў перакінулі на заходнія рубяжы, каб у выпадку вайны яны адразу трапілі пад агонь ці ў рукі нямецкіх фашыстаў.

А гэта – некалькі крошак народнай мудрасці, якія мне сягоння ўдалося сабраць за сталом падчас вячэры: 

Час раскрывае сховы.

Маладзік на трэці дзень умываецца.

Сустракаліся і дружылі, як сабака з палкай.

Хто каня часта мяняе, у таго хамут гуляе.

Багаты на грошы – бедны на сумленне.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже