Калі збіраліся ісці спаць, прыйшоў да дзядзькі Фадзея па лякарства Андрук Малька. Захварэла карова. Пакуль дзядзька падрыхтаваў нейкае пітво, Андрук расказваў нам, як ён хаваўся ад войска, як яго ў пуні асачылі паліцэйскія і, порачы штыкамі сена, у якім ён ляжаў, зарыўшыся, цяжка паранілі. I я помню тую ноч. Тады да нас прыехала паліцыя пазычыць ёду, каб перавязаць Андрука, у якога і цяпер яшчэ праз увесь лоб сінее шрам ад таго штыка.

5/VІІІ

Раніцай, толькі выгналі статак у Дрывасек на дзірваны, як прыляцелі ваўкі. Я падаўся ім наперарэз – да Белі, дзе яны заўсёды любяць перабягаць. Доўга стаяў у хмызняках, чакаючы гэтых няпрошаных гасцей. I толькі калі сышоў са свайго паста, убачыў двух ваўкоў, якія перабягалі ў Бель. Стрэл мой для іх быў такі неспадзяваны, што яны, як шалёныя, кінуліся ўцякаць праз Памарацкае балота, толькі пырскі ляцелі. Я заўсёды пасля галёкання на ваўкоў зрываю голас і некалькі дзён хаджу, як нямы.

Сёння да нашага суседа Мікалая зноў прыехаў секвестратар. Разам з ім чагосьці прывалокся і мядзельскі суддзя. Добра, што Мікалай паспеў уцячы са сваімі каровамі ў нявераўскія нетры. Так панам і не ўдалося пажывіцца. Перад ад’ездам суддзя падышоў да дзеда, які закопваў каля мяжы старую крушню, павітаўся з ім, пацікавіўся, колькі яму год і што раблю я. Казаў, што чытаў мае вершы. Стары быў дужа здзіўлены і хваліўся потым, што творы яго ўнука знае такі вялікі начальнік. А я і не расчароўваў старога, што тут няма чаму радавацца, калі пракуроры і суддзі раней за народ чытаюць нашы творы.

8/VІІІ

Перакінуў толькі што прывезеныя з Мядзела газеты. Усё больш і больш паміж радкамі хронікі на шырокім свеце прабіваецца чырвань пажару. А можа, гэта толькі мне здаецца? Не. Ва ўсіх пісьмах, якія ў апошнія часы атрымліваю, адчуваецца трывога. Толькі – як ні дзіўна – людзі пачынаюць ужывацца з думкай, што будзе вайна. Бадай што ніводная істота на зямлі, апроч чалавека, не патрафіць так дастасавацца да любых абставін і звыкнуцца з любой жыццёвай трагедыяй ці катаклізмам.

Вайнтраўб прыслаў мне некалькі сваіх перакладаў з Г. Тракля. Піша, што падрыхтаваў пераклады маіх вершаў для "Камэны" і "Скамандра", што канчаткова вырашана справа выдання майго зборніка вершаў на польскай мове і трох казак ("Дзед і шчупак", "Мухамор", "Казка пра Мядзведзя") з ілюстрацыямі яго харошай сяброўкі-мастачкі. Піша, што Курылюк быў вельмі рад, калі даведаўся аб хуткім выданні маіх вершаў. Шкода, што я не сустрэўся з ім, калі ён быў у Вільні. Скардзіцца Вайнтраўб на сваю самотнасць, ізаляцыю. Відаць, цяжэй за ўсё вырвацца з турмы, якую чалавек пабудуе сам сабе. Што я яму магу параіць?

Памаленьку збіраю матэрыялы пра Ф. Скарыну. Колькі неразгаданых загаданак у жыцці гэтага чалавека!

Збіраюся пачаць перагаворы з П. Можа, удасца мне ў яго выменяць на нешта слоўнік Паўла Бірынды, які, напэўна, ён сцягнуў з нейкай бібліятэкі. Добра было б яшчэ пазнаёміцца з мядзельскім мулой. Дзед казаў, што гэта надзвычай цікавы і разумны чалавек і што ён бачыў у яго, калі даваў на вырабку аўчыны і прадаваў яму дубільную кару, шмат нейкіх старых, у скураных пераплётах кніг.

9/VІІІ

Прачытаў апошнія нумары нашых літаратурных часопісаў. Аж набіў аскому аднапланавымі, адназначнымі, аднатоннымі, аднаколернымі, пазбаўленымі ўсякага падтэксту творамі. Другі раз не захочаш такія суслы для бяззубых браць у рукі. Усё, як кажуць філосафы, развіваецца скачкамі. Маякоўскі – велізарнейшы скачок наперад. Толькі потым у літаратуры эпігоны запаўняюць сваімі творамі тыя нізіны, праз якія пераступіў гігант. Цікава, колькі часу пройдзе да наступнага такога скачка?

Сёння на прызбе сабраліся мужчыны і дзяліліся рознымі навінамі.

– Чуваць, бальшавікі выдумалі машыну, якая робіць пагоду…

– Яны могуць усё.

– Мой пісаў з Амерыкі, што там пачалі праз зямлю прабіваць да нас тунель…

– Нейкі нямецкі прафесар адкрыў спосаб дабываць з гною спірт…

I хоць у неверагодныя рэчы паверылі, але ў апошнім адкрыцці многія ўсумніліся, бо ў нас усе з хіміяй прадукцыі самагонкі добра знаёмы.

Відаць, зараз лягчэй здзівіць вучонага нейкім адкрыццём, як чалавека непісьменнага. Ды, мне здаецца, у нас ва ўсіх памалу знікае першабытная здольнасць здзіўляцца.

Потым гутарка перайшла на самую балючую, пасля падаткаў, тэму – пра суды. Бо амаль кожнага па некалькі разоў цягалі да "Сонду покою", то за патраву на папоўскай сенажаці, то за лес… Чамусьці ўсё судзяць па законах божых, панскіх, дзяржаўных, толькі не па чалавечых…

15/VIII

Сёння талакой узяліся за вывазку гною. Прыехаў нават з Бадзень наш сваяк Марцін. Цэлы дзень мы разам з ім накідалі гной на драбіны.

Расказаў ён мне пра аднаго свайго знаёмага сталяра-мастака, які з дрэва ўмее рабіць розныя цацкі для дзяцей: млыны, малатарні, свісцёлкі, кадушачкі, скрыначкі з хітрымі, замыславатымі вечкамі, сховамі, сошкі, бароны, граблікі, вазкі… Летась быў выразаў велізарны паўмісак з усімі пладамі нашай зямлі. Паўмісак гэты адкупіў у яго мядзельскі войт пан Галка і паслаў, казалі, на нейкую выстаўку як экспанат "польскага народнага майстэрства".

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже