Зноў да поўначы сядзеў за нуднай работай – пісаў лісты. С. пакрыўдзіўся, што я яму не адказаў на апошнюю паштоўку з Варшавы. Трэба будзе напісаць яму, што мы – беларусы – не вельмі любім карыстацца перапіскай, бо жывём у такія часы, калі рэдкія лісты даходзяць да адрасата. Ды і яго святы патрон – Адам – не вельмі любіў марнаваць час над карэспандэнцыяй.

Вось дзядзька Рыгор піша, што пісьмо кампазітара Кошыца, якое тыдзень таму я яму паслаў, ён яшчэ не атрымаў. Баюся, што можа недзе загінуць гэта надзвычай цікавае пісьмо, у якім ён пісаў пра нашы народныя песні, над гарманізацыяй якіх ён зараз працуе, і пра мой зборнік вершаў "Пад мачтай".

29/VIII

Радуюся, што вечары робяцца даўжэйшыя і ў мяне з кожным днём прыбывае больш вольнага часу. Прачытаў Талстога, Конрада, Бранеўскага, Шэмплінскую, Галендара, Гамсуна, Дзікенса, Добліна, Бурдацкага, Харамінскага, Бэнду (Літаратура, хрэстаматыя, частка II). У Варшаве, Вільні і Львове – арышты. Некалькі пісьменнікаў і журналістаў адпраўлены ў Картуз-Бярозу. Трэба быць падрыхтаваным да найгоршага. Адчуваю, што за кожным крокам сочаць паліцыя і розныя яе прыслужнікі; уся мая карэспандэнцыя праходзіць праз падвойную-патройную цэнзуру, пачынаючы ад солтыса і мядзельскай паліцыі, канчаючы на ваяводскіх чыноўніках ды розных следчых.

Зараз нельга пісаць і пра пагоду, бо могуць западозрыць, што і пад гэтым словам нешта зашыфрована.

30/VІІІ

На дварэ – цемень, хоць вока выкалі. Пакуль дабраўся да дзвярэй, скінуў з куфра нейкае вечка і пустую дзедаву сяўню, з якой ён кожны год, апрануўшы новую кашулю, нашча, з сонцам выходзіць на сваю спрадвечную працу сейбіта. Прайшоўшы з канца ў канец усё поле, ён потым, як нешта самае святое, перадае сяўню майму бацьку, бо ўжо самому яму цяжка хадзіць па свежай раллі. Апошнія гады і я пачынаю памагаць ім сеяць.

– Можа, лучынай пасвяціць? – пытае маці.

Праз расчыненыя дзверы сноп святла разганяе змрок. Я бяру аброць, сярмягу і іду на балота, дзе, прыслухаўшыся, можна здалёк пачуць, як, храпучы і чвокаючы папутанымі нагамі, пасуцца коні.

Думаў, не раскладаючы кастра, паляжаць пад стогам, але ад ракі цягнула нейкім халадком, і я ля старой вывараці мусіў раскласці агонь. Дрэва, відаць, было смалістае, і полымя хутка, як лесавік, пачало скакаць, дражніць мяне, корчачы розныя міны, паказваючы свае то чорныя, то чырвоныя, то жоўтыя языкі, быццам хацела выклікаць мяне на бяседу. Пра што яно хацела даведацца? Я доўга глядзеў на агонь, пакуль ён, змораны, не запаў у прысак і мяне не адолеў сон. Не знаю, колькі часу драмаў. Разбудзілі мяне ржанне каня і ляскат калёс у Вялікім Бары. Гэта, напэўна, наш сусед Езуп вяртаўся аднекуль дамоў. Цікавы з яго чалавек. Ён нават у будні дзень аблётае ўсе хутары, каб дазнацца, што чуваць на свеце. Раней усіх выбіраецца на кірмаш і пазней усіх вяртаецца. А калі што прадае, дык, як скнара, назоліць усім купцам, пакуль яны ў яго што не купяць. I вельмі любіць ездзіць карацейшымі дарогамі, напрасткі. Нават вясной, калі ўжо ніхто не адважваецца адпраўляцца па храпаватым ільду Баторына ў Мядзела, ён будзе ездзіць, аж пакуль не праваліцца і не памогуць рыбакі выбрацца яму з купелі.

2/ІХ

Учора пачалася вайна. Пачалася яна далёка ад нас, але ніхто не знае, дакуль дакоціцца яе полымя. Прыйшлі хлопцы са Слабады, пытаюцца, як ім аднесціся да мабілізацыі: ці ісці ў армію, ці хавацца. Што ім адказаць? Мне здаецца, што гэта вайна павінна перайсці ў вайну супроць фашызму, і не толькі нямецкага. I, зразумела, мы будзем і ў ёй удзельнічаць. Польскі ваенны камунікат перадае, што збіта 16 нямецкіх самалётаў, што на Вестэрплятэ ўсе атакі фашыстаў адбіты. Колькі там цяпер гіне нашых людзей? Бо пераважна ўсіх з крэсаў адпраўлялі служыць на заходняй граніцы.

3/ІХ

А ў нас – быццам нічога трагічнага і не здарылася на свеце – жыццё як ішло, так і далей ідзе сваёй спрадвечнай дарогай. Перад абедам, калі завёў коней на атаву, я прабег праз Жукову і нарэзаў поўны кошык падасінавікаў ды баравікоў. Баравікі, праўда, старыя, нетаварныя. Маладыя павыбіралі слабаджане. Яны прыходзяць у грыбы, калі яшчэ і днець не пачынае. Вобмацкам іх шукаюць. Яшчэ не вырашыў: ці падацца мне ў Вільню, ці застацца дома.

Сваткаўскі паліцыянт Жалезны двойчы нечага праязджаў на веласіпедзе міма нас. Нешта вынюхвае. Чуваць, некаторыя з пількаўшчан і магдулян, атрымаўшы прызыўныя павесткі з гміны, падаліся ў лес ды ў хмызы хавацца ад паліцыі.

Усе гэтыя дні стаіць ясная і цёплая пагода. Нават выкупаўся ў сажалцы, у якой заўсёды мочым пяньку. Сажалку я летась паглыбіў. Зараз у ёй поўна рудой балотнай вады, зацягнутай зялёным рабаціннем водарасцяў.

4/ІХ

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже