Відаць, кожны з нас паўтараў першыя словы А. Міцкевіча з яго паэмы "Пан Тадэвуш": "Літва, айчына мая…". Але толькі сёння я задумаўся над глыбейшым, сказаў бы, палітычным зместам гэтых слоў. Звяртацца яму да Польшчы, якую ён ніколі не бачыў, было б недарэчнасцю. Польшча была для яго краінай мовы. I ўсё іншае было непадзельна з ёю звязана.
Пакідаю гэту тэму на пазней. Можа, некалі напішу, як некаторыя вучоныя мужы – аб нічым цэлы трактат.
22/VIII
Быў на шарварачных работах. Канавамі акопвалі Мядзельскі гасцінец. Працаваў са слабаджанамі, пількаўшчанамі, магдулянамі… Участак мне выпаў лёгкі – пясчаны. За дзень выканаў свае дзве нормы. Дамоў вяртаўся праз Шыкавічы, Азаркі. Чамусьці ўспомнілася мне дарога з Пагіраў на паўстанак Яцукі. Можа, таму, што і лес быў падобны да таго, і сёння, як і тады, у заснуўшых пасёлках мяне доўга залівістым брэхам праводзілі сабакі, і сёння, як і тады, я стараўся адгадаць свой наступны дзень. У Вярхах мігцеў агонь кастра. Няўжо дзядзька Фадзей усё яшчэ пасвіць коней?.. Над балотам мільганула, падаючы, зорка. Ад закрута ракі цягнуўся туман.
24/VIII
На гасцінцы сустрэў цэлы абоз з яловай карой, якую везлі на смаргонскія скураныя заводы.
Вяртаўся я з поштай разам з Якімам. Ехаў ён на сваім захудалым, зацяганым гнядым, гледзячы на якога, цяжка было адгадаць, ці конь трымае аглоблі, ці аглоблі – каня. Сам Якім быў задзёрысты і няўжыўчывы чалавек. За свой век ён нажыў непрыяцеляў больш як трэба, каб гэты свет стаў пеклам. Да таго любіў яшчэ гандляваць коньмі. Гэта пра яго мой дзед казаў: "Хто коней мяняе, у таго і хамут гуляе".
Вечарам узяўся за раман З. Мікалайціса-Пуцінаса "У цені алтароў", які выйшаў перакладзены на польскую мову.
Святло з акна падае на дыск сланечніку, які прытуліўся да самай шыбы. А можа, гэта сланечнік асвятляе маю кануру.
Перад сном хацеў паслухаць радыё. Здаецца, спяваў Я. Кепура, але голас яго быў нейкі далёкі-далёкі, ледзь прарываўся праз хрыпату навушнікаў.
25/VIII
Відаць, у сувязі з заключэннем Савецка-Германскага пакта аб ненападзе суды пачалі даваць яшчэ большыя кары ўсім западозраным у камунізме. Так, апеляцыйны суд Б. Янкоўскай да дзесяці год дадаў яшчэ два гады.
Цяпер кожнаму відаць, што не сваім часам распараджаюцца паны. Не сваім. Усе газеты адкрыта пішуць аб набліжэнні вайны. На польска-нямецкай граніцы даўно ўжо льецца кроў, адбываюцца розныя сутычкі, праводзіцца мабілізацыя.
26/VIII
У апошнім сваім пісьме Н. піша, што чужыя людзі часта памыляюцца, ацэньваючы нашы творы. А мне здаецца – наадварот. Збоку бывае відней. Агітуе мяне больш заняцца гісторыяй, мінуўшчынай, вызваліцца з палону сацыяльных праблем, палітычных…
Зноў заседзеўся да позняй ночы, аж пакуль не пачала гаснуць лямпа. В. прыслаў мне Б. Ясенскага. Чытаю яго "Якуба Шэлю". Перш я пазнаёміўся з беларускім перакладам гэтай паэмы. Але ў арыгінале – як і кожны выдатны твор – яна гучыць значна мацней.
Хацеў паслухаць па радыё апошнія навіны, але вецер, відаць, абарваў маю самаробную антэну, і ў навушніках толькі чуваць быў шум, піск, а потым і зусім змоўк мой дэтэктар.
27/VIII
"Кур’ер віленскі" перадрукаваў з каментарыямі А. Мікулькі з "Вядомосцяў літэрацкіх" артыкул Ст. Бруча аб маім літаратурным вечары ў Варшаве. I ў аднаго, і ў другога ёсць шмат цікавых для мяне заўваг. Асабліва здзівіла мяне празорлівасць Ст. Бруча: "Не ведаю, ці Танк напіша беларускую трэцюю частку "Дзядоў", але я ўпэўнены, што пракладзе для яе дарогу…". Як ён падслухаў мае думкі? З артыкула А. Мікулькі даведаўся, што мае вершы перакладаў Ю. Лабадоўскі. Нічога я раней не чуў пра гэтыя пераклады і не знаю нават, дзе яны друкаваліся.
Паслаў пісьмо К. Яворскаму, які хоча перакласці майго "Кастуся Каліноўскага". Гэта, здаецца, будзе другі пераклад, пасля скузаўскага. Праўда, В. Скуза пакуль што пераклаў толькі другую частку паэмы.
28/VIII
Чамусьці ўсе прывыклі гаварыць і пісаць аб адказнасці пісьменнікаў перад гісторыяй. Апошнія за рэдкім выняткам – заўсёды ўхвалялі мір, а свет няспынна абліваўся крывёй. Відаць, аб гэтай адказнасці трэба напамінаць некаму іншаму. Зноў знаёмлюся, па атрыманай ад маіх варшаўскіх сяброў літаратуры, з новымі напрамкамі. А для мяне, чалавека тэарэтычна непадрыхтаванага, справа гэта не такая простая. Бо некаторыя з сучасных напрамкаў з’яўляюцца на вельмі кароткі час і, пакінуўшы ў пярэдняй музея сваю візітную картку, назаўсёды знікаюць у Леце. Думаю, што не кожны гісторык і спецыяліст зможа потым успомніць, як выглядаў нябожчык, як быў апрануты і што ён гаварыў. Ды, па сваёй легкадумнасці, я не магу доўга затрымлівацца над рэчамі і ідэямі, якія мне здаюцца нуднымі. У адным я перакананы, што не літаратурныя напрамкі і школы нараджаюць пісьменнікаў, не літаратурныя напрамкі і школы ствараюць выдатныя творы. Павівальнай бабкай было і будзе – жыццё.