Прыйшлі ад бульбы. Рукі пахнуць зямлёй і дымам ад кастра. Над сталом вісіць на драціне закапцелая лямпа. Яе святло падае на твар дзеду, які сядзіць на чырвоным кутку пад абразамі. Стары, са сваёй сівой раскладзістай барадой, выглядае больш рэальна, чым заседжаны мухамі Саваоф. Бабка засцілае настольнік, сястра Мілка раскладвае лыжкі. У кожнага свая лыжка. У дзеда – драўляная, а ў нас – самаробныя, адлітыя яшчэ з ваеннага алюмініевага лому нашым суседам-кавалём. Ад частага і шчырага скробання па дне гаршкоў, місак і латак яны пасціраліся, зрабіліся аднабокія. Такімі лыжкамі трэба ўмець есці, каб не разліць на настольнік стравы і каб нешта трапіла ў рот.

Бацька кожны раз, калі садзіцца за стол, збіраецца купіць новыя лыжкі, але кожны раз, калі бывае на кірмашы, шкадуе траціць грошы на такую не дужа пільную прыладу ў гаспадарцы. "Было б, – кажа, – што есці, і старыя яшчэ могуць паслужыць". Відаць, новыя лыжкі, калі дажывём, будзем адліваць з новага ваеннага лому…

А па вёсках галосяць маткі, чые дзеці ў войску. Пачалі падлічваць, хто ідзе служыць з пількаўшчан. Здаецца, амаль усе – на заходняй граніцы. На ўсходняй – рэдка каго з нашых трымалі… Заседзеліся за сталом, пакуль не выгарала газа ў лямпе. Я хацеў даліць, але бацька сказаў:

– Не трэба. У пацёмку не гэтак дакучаюць мухі. А ад мух сапраўды няма ратунку. Роем звіняць у хаце. Ніякімі мухалоўкамі і мухаморамі іх не вынішчыш.

Ноччу, наладзіўшы свой наравісты дэтэктар, праслухаў камунікат аб бамбардзіроўках фашыстамі Варшавы, Дэмбліна, Торуна, Кракава. Пад націскам фашысцкіх войск польскія часці змушаны адступаць на Слёнскім участку фронту.

7/ІХ

Раніцай солтыс прынёс загад: здаць для арміі з кожнай гаспадаркі па некалькі мяшкоў. Навошта гэтыя мяшкі? Для ўмацаванняў? А вечарам – новы загад: завезці для кавалерыі ў Кабыльнік авёс. "Відаць, дрэнныя справы ў нашага мацарства, – скаліць зубы Захарка, – калі з першых дзён вайны пачало яно ў мужыкоў забіраць мяшкі ды аброк". Выдзер жа, чорт, аднекуль гэтае слова – "мацарства"!

Учора, чуваць, паліцыя рабіла аблаву на дэзерціраў, толькі злавіць нікога не злавіла. Які дурань будзе сядзець дома! Цяпер, пакуль цёпла, у кожнай пуньцы ці ў стозе можна пераначаваць.

8/ІХ

Разам з іншымі пількаўшчанамі ездзіў у Кабыльнікі здаваць авёс. Даўно ўжо не быў у Кабыльніку. Пасля пажару, калі выгаралі ўсе прылягаючыя да базару вуліцы, мястэчка адбудавалася і папрыгажэла. Дамоў вярталіся праз Купу. Налюбаваўся ў гэты раз і начнымі, і світальнымі пейзажамі Нарачы. У Скеме, як заўсёды, напаілі коней. Нідзе так ахвотна не п’юць коні, як з гэтай балотнай рачулкі. Нейкая адмысловая вада. На трыданаўскім магільніку, дзе яшчэ перад першай сусветнай вайной мой бацька з дзядзькам Ціханам шукалі скарбу, некага хавалі. Мы праязджалі ў той час, як укопвалі велізарны сасновы крыж. Сярод старых зялёных сосен і пачарнелых надмагільных пліт ён – белы, з шырока расстаўленымі рукамі – нагадваў нейкае недарэчнае пудзіла, з якім яшчэ не звыклася навакольная прырода.

Дамоў вярнуўся пад вечар, калі над Вялікім Борам доўга палалі аблокі, быццам падпаленыя далёкім пажарам. З Махнаткі даносілася галашэнне: некага праводзілі на вайну.

– Каго там маглі праводзіць? – спыніўшыся на ганку з вядром вады, старалася адгадаць маці. Сёння моўчкі сядзелі за вячэрнім сталом. Нават ніхто не цікавіўся, як я здаў авёс, з кім ездзіў, каго бачыў. Відаць, кожны думаў аб той бядзе, якая ўсё больш і больш набліжалася да нас, галосячы па хатах.

Дзед – я ўпэўнены – непакоіўся, што зноў, як і ў мінулую вайну, усё нажытае, прыдбанае цяжкай працай, можа пайсці прахам, што зямля зноў можа задзірванець, а ўсе мы – рассеяцца па невядомых глухіх франтавых дарогах.

Дзядзька Фадзей, відаць, шкадаваў, што, шмат год прабадзяўшыся па свеце, у такі неспакойны час вярнуўся дамоў.

Бацька, які больш за ўсіх знаў, чым пахне вайна, сядзеў нейкі разгублены. Толькі пад канец вячэры пачаў раіцца з дзедам, што рабіць раней: ці аторваць бульбу, ці канчаць ляшыць жыта ў Дрывасеку.

– Трэба было б падкаваць Лысага, а то зусім збіў капыты. Не будзе на кім і ў Мядзела з’ездзіць па соль ці запалкі.

– А ты, Домка, чаму не вячэраеш?

– Паспею! – адказвае маці і пачынае шаптаць свае пацеры. Пацеры ў яе бясконцыя. Яна моліцца за кожнага з нас, моліцца за жывых і памёршых, за хату і зямлю, за ўсіх людцаў на свеце. Такой малітвы я нідзе не чуў, як малітва маёй маці…

9/ІХ

Мы – песняры народа невялікага, пра які мала хто чуў на свеце, і ў той жа час мы – песняры народа вялікага і такога багатага, які нават не знае ўсіх сваіх дзяцей, усіх сваіх скарбаў…

Нейкі сёння глухі дзень: ні газет, ні пісем, ні вестак ад сяброў – усё не магу наладзіць свой дэтэктарны радыёпрыёмнік. За што б ні ўзяўся – здаецца, не тое раблю, што трэба. Пачаў перакладаць цікавы верш Вайнтраўба "Люстра":

Далонь, затопленая ў люстры,

Пад мяккім дотыкам адчула

Жывую гіпсавую маску.

Калі яе са дна ўзняла,

Дык вызваліла цемру,

Захованую ў чалавека,

Які схіліўся над самім сабой…

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже