Радыё перадае супярэчлівыя камунікаты аб становішчы на фронце. Адно ясна, што польская армія, разбітая, адступае. Здарылася тое, што даўно людзі, якія хоць крыху былі знаёмыя з эканамічным становішчам краіны і палітыкай санацыі, прадбачылі і гаварылі.
Раніцай над Пількаўшчынай нізка праляцелі нейкія два самалёты. Гук іх быў зусім не падобны да таго, які даводзілася чуць. Але якія былі на іх знакі, у імгле нельга было разглядзець.
Цэлы дзень капалі ля Краснаўкі бульбу. I хоць цёпла было, я са старых, выараных плугам карчоў распаліў агонь. Падышлі слабадскія пастухі, каб прасушыць свае набраклыя балотнай іржой парцянкі, вопратку. Расказвалі, што на астравах знайшлі нечы самагонны апарат. Каровы, напіўшыся брагі, цэлы дзень былі як п’яныя.
Дзьме цёплы паўднёвы вецер, шасцяць павешаныя пад свірнам сухія абаранкі лазы. У хаце пахне свежым вялікім хлебам, які выпякаюць у нас на цэлы месяц, аж да вечара на лаве астывалі буханкі. Трэба будзе памагчы маці пазносіць іх у істопку.
17/ІХ
Не знаю, з чаго нават пачынаць запісваць падзеі гэтага дня. Хіба – з усходу сонца, якое хоць і дакладна ўзышло па календары, але гэта ўжо быў каляндар новага жыцця і іншы ўсход сонца.
Раніцай прыехалі на веласіпедах слабадскія хлопцы, сярод якіх быў і Кірыл Карабейнік. Яны першыя пачулі па радыё і прывезлі мне гэту ашаламляючую радасную вестку, што Чырвоная Армія перайшла граніцу і ідзе вызваляць Заходнюю Беларусь. Цікава, сама ідэя вызвалення Заходняй Беларусі пры дапамозе нашых усходніх братоў – не была новая. Толькі за дваццаць год акупацыі, я сказаў бы, яна стала літаратурнай тэмай.
I калі запаветная мара здзейснілася, мы ёй не менш здзівіліся, як ажыццяўленню казкі.
Я пазычыў у Глінскіх веласіпед, і мы ўсёй кампаніяй паехалі ў Мядзела, дзе, чуваць, была ўжо Чырвоная Армія. I сапраўды, з Навасёлкаў мы ўбачылі натоўп сялян, якія віталі байцоў, крычалі "ўра!", калі міма праходзілі машыны, танкі. Увесь гэты бясконцы паток людзей, не бачанай намі тэхнікі з шумам і грукатам пераможна плыў на захад. Мы спыніліся на ўзгорку паміж Новым і Старым Мядзелам, адкуль яшчэ больш велічная адкрывалася перад намі карціна. Некаторыя кавалерыйскія часці на хвіліну спыняліся каля млына і паілі ў Мястры сваіх коней, а байцы змывалі з твару дарожны пыл і стому.
Дык вось наша свабода! Толькі я нейкі непадрыхтаваны сустракаю яе. Прыйшла ў хату гэта госця, а я ад хвалявання не знаю, дзе яе пасадзіць, чым яе частаваць, з чаго пачаць гутарку. Мне прыгадаўся расказ маёй маці пра сустрэчу двух салдат-аднасяльчан, якія не бачыліся некалькі год. "Сядзяць, – кажа яна, – у нас на прызбе, скрабуць бульбу і моўчкі ўсміхаюцца, паглядаючы адзін на аднаго, не верачы ў свае шчасце, што сустрэліся на цяжкіх і крывавых дарогах вайны".
Пад вечар хлопцы пайшлі па маёнтках раззбройваць паноў. Арыштавалі сваткаўскіх паліцэйскіх. Толькі каменданту ўдалося некуды ўцячы. Паліцэйскія – Група і Жалязны, – якія часта ў нас рабілі вобыскі і ганялі па этапах нас у Паставы, сустрэўшыся са мной, перапалохаліся. Відаць, думалі, што мы ім наладзім самасуд за ўсе іх розныя судовыя справы, допыты ў пастарунку, пратаколы, штрафы… Але ніхто іх не чапаў. Перадалі, як палонных, у рукі чырвонаармейцаў. I я ўзброіўся асадніцкім браўнінгам. Вінтоўкі ўзялі хлопцы, якія пайшлі адбіраць зброю ў стральцоў, кракусаў і вузлянскіх асаднікаў.
22/ІХ
Афіцыйна яшчэ нідзе не працую, але і дома бываю рэдка. Пачынаюць арганізоўвацца розныя часовыя ўрадавыя і сялянскія камітэты, міліцыя. Цэлымі днямі з былымі капэзэбоўцамі і камсамольцамі ездзім па Мядзельшчыне – наводзім новы лад і на зямлі, і на небе.
25/ІХ
Наразалі надзелы панскай зямлі малазямельным мядзельчанам і навасёлкаўцам. Тут прыдаліся і мае сякія-такія веды, набытыя некалі на меліярацыйных курсах, хоць мераць прыходзілася без каморніцкіх прылад – лейцамі ды крокамі.
Сёння, калі быў у Сялянскім камітэце, зайшоў да мяне ваенны карэспандэнт. Назваўся Быкоўскім. Я яму падарыў свой зборнік "Пад мачтай". Цікавіўся маёй творчасцю, жыццём. Пытаўся, што думаю рабіць, над чым працаваць і г. д.
29/ІХ
З жахам агледзеўся, што мне мінула 27 год!
А ў мяне толькі некалькі зборнікаў вершаў, сярод якіх 75 працэнтаў слабых, 20 працэнтаў – сярэдніх і толькі 5 працэнтаў – добрых. Няма чым хваліцца.
1/Х
Дома – гармідар. Прыязджаюць, ідуць розныя наведвальнікі, быццам я – нейкі дарадчык па ўсіх справах. Адным раю да каго звярнуцца, другім пішу заявы, просьбы да нашых савецкіх устаноў. Сярод гэтых наведвальнікаў трапляюцца і такія, што трасуцца над сваёй зямлёй, над сваімі крамамі, грашамі – багаццем, якое прагна збіралі дзесяткамі год і якое зараз страціла сваю былую вартасць. Аж агідна глядзець на гэтых учарашніх гаспадароў жыцця, з якімі яшчэ не так даўно ўсе былі змушаны лічыцца. Зараз яны стараюцца быць непрыкметнымі, ціхімі, толькі каб перачакаць гэты грозны і незразумелы для іх час, непрадбачаныя імі падзеі. Чамусьці большасці з іх усе гістарычныя змены, усе рэвалюцыі здаюцца часовымі, нейкай памылкай.