Трэба ехаць у Вільню. Толькі пакуль што не маю адтуль ніякіх вестак. Пачаў пісаць верш – першы верш на вызваленай зямлі, чарнавік, якога мне ўжо не трэба недзе хаваць. Пачатак гэтага верша не прыйшлося доўга шукаць, бо ён быў на вуснах народа: "Здарова, таварышы!..".
2/Х
Стараюся ўсё занатаваць у свой блакнот. Нататкі мае досыць хаатычныя, але я ўпэўнены, што з іх мне некалі ўдасца скласці сваю табліцу жыццёвых элементаў. Перада мною стаіць сур’ёзная праблема – праблема ўключэння ў новую тэматыку. Бо ўсё, што я да гэтага часу пісаў, магчыма, мне самому будзе хутка здавацца пісанінай з таго свету. I агулам, нашай заходнебеларускай паэзіі трэба будзе навучыцца больш самастойна думаць.
Сёння падчас абеду каршун нарабіў у курэй перапалоху. Пакуль дасталі дзедаву жвіроўку, каршун ужо быў над лазняй, і мы не паспелі яго як след напалохаць. Трэба будзе высачыць, дзе яго прыстанішча.
За ноч вецер наатрасаў антонавак. Бацька ўзяўся кляпаць косы, відаць, будзем на гумне – ужо каторы раз – касіць атаву. А то коні абласаваліся і ідуць на яе, а потым залазяць у пераплоты. Толькі і глядзі за імі.
Пад вечар на Памарацкім балоце нашы вартавыя абстралялі групу паліцэйскіх. Але затрымаць нікога не ўдалося. Цяпер гэтыя паны, хаваючыся, цягнуцца да літоўскай граніцы.
3/Х
З газет, якія сёння прыйшлі з Мядзела, даведаўся, што 26 верасня ў Вільні адбыўся сход інтэлігенцыі, на якім выступалі С. Бусел, Ф. Грышкевіч, А. Луцкевіч… Апошні заклікаў беларускую інтэлігенцыю энергічнай работай забяспечыць росквіт культуры, навукі, мастацтва ў Заходняй Беларусі. Няўжо ніхто з газетных работнікаў не знае, што некаторыя з сённяшніх палымяных трыбунаў, якія вітаюць савецкую ўладу, усё жыццё, як маглі, змагаліся супраць яе.
Падобны сход адбыўся ў Беластоку. На ім выступалі савецкія пісьменнікі: Лынькоў, Кірсанаў, Далматоўскі, Ісбах.
У буйнейшых гарадах ужо ідуць савецкія фільмы. Яшчэ не ведаю, калі крануся з дому, але пачынаю рыхтавацца ў дарогу: складаю свае рукапісы, зборнікі.
Маці ўвешала частакол вымытымі і вышараванымі гладышамі. Адны – чорныя, другія – паліваныя, рудыя, трэція – зусім жоўтыя. З дарогі здаецца, што гэта грамада дзяцей, перавесіўшыся праз плот, сочыць, хто ідзе ці едзе. У падстрэшак згроб раскіданы курамі з кашаля пошар. На дзянніку нечага сабакі ўзнялі гармідар. Відаць, некаторы сарваўся з прывязі.
Пад вечар пачалі з пераплотаў прымаць сухі гарох. Я скідваў, а дзед насіў у застаронак. Падчас гэтай аперацыі старому заляцела за кашулю палявая мышка. Ну і напалохаўся стары, пакуль здзёр з плячэй кашулю. Ледзь уседзеў на пераплотах, хоць і смяяцца з яго бяды не выпадала.
7/Х
Пісьмо ад Лю. Піша, каб хутчэй прыязджаў у Вільню, куды выклікае мяне начальнік Часовага ўпраўлення I. Ф. Клімаў. Трэба збіраць свае манаткі ды ехаць.
Днём з Кірылам Карабейнікам і іншымі хлопцамі хадзілі прачосваць лес, але нікога не сустрэлі. Пастралялі з трафейнай зброі ды вярнуліся дамоў. На дуброве сустрэў Захарку. Расказаў ён мне, як аднойчы пасварыўся быў са сваткоўскім папом падчас споведзі, за якую ён не меў чым заплаціць.
– Я табе, – пагразіў, – яшчэ ўсе вокны павыб’ю, калі ты данясеш пра мае грахі каму на зямлі ці на небе!
I поп, казаў, спалохаўся. Без грошай адпусціў усе грахі.
10/Х
Перапоўненым цягніком, які ішоў, падоўгу спыняючыся на ўсіх станцыях і пераездах, раніцай я прыехаў у Вільню. У Лю ўжо быў для мяне запрашальны білет на літаратурны вечар, у якім было напісана:
"Паважаны таварыш! Запрашаем Вас на літаратурны вечар з удзелам беларускіх савецкіх паэтаў-ардэнаносцаў Петруся Броўкі і Пятра Глебкі. Вечар адбудзецца 10/Х у 5 г. вечара па мясцоваму часу ў зале тэатра "Лютня".
Аддзел культуры і асветы Часовага ўпраўлення г. Вільні".
Часу да вечара яшчэ аставалася шмат, і мы з Лю пайшлі паблукаць па горадзе. Выйшлі на Легіяновую, Пагулянку, Завальную… Вуліцы, як ніколі, былі перапоўнены народам. Відаць, у горадзе шмат было бежанцаў з цэнтральнай Польшчы, якія апынуліся ў гэтым віленскім мяшку і зараз не зналі, куды падацца. Шмат хто, чуваць, стараўся перабрацца ў Літву, а з Літвы – на Захад. Каля тэатра "Лютня" вісеў велізарны плакат з прозвішчамі ўдзельнікаў гэтага літаратурнага вечара, сярод якіх было і маё імя. Міма пляца Ажэшкі ў напрамку Зялёнага моста са страшэнным грукатам ішлі танкі і каціліся на сваіх абручах велізарныя цыстэрны, якія цягнулі магутныя трактары. Усе глядзелі на гэтую нябачную тэхніку Чырвонай Арміі. Адны глядзелі са здзіўленнем і захапленнем, другія – разгублена. Бо столькі год санацыйная прапаганда распаўсюджвала розныя чуткі, што Чырвоная Армія ўзброена старымі вінтоўкамі, фанернымі танкамі і г. д.
Потым пайшоў бясконцы паток грузавых машын, які надоўга перагарадзіў вуліцу Міцкевіча, спыніўшы па ёй усякі рух.