Вечар, як і можна было спадзявацца, зацягнуўся, бо шмат было выступаючых. Гэта, здаецца, быў першы такі вялікі інтэрнацыянальны літаратурны вечар у Вільні, калі не лічыць розных ранейшых першамайскіх вечароў, якія былі меншыя і не з такім размахам арганізаваныя. Адкрыў і вёў вечар рэдактар "Віленскай праўды" Афенгейм. Як рэдактар, можа, ён быў і добры, але як прамоўца – слабы, ды голас у яго быў нейкі прастуджаны, пісклявы. Напэўна, у апошніх радах не чуваць было, што ён гаварыў, бо я нават у прэзідыуме не ўсё мог улавіць. Я выступаў адным з апошніх. Чытаў фрагменты з "Нарачы" і свой новы верш "Здарова, таварышы!..". Калі закончыліся выступленні, я пазнаёміўся з П. Броўкам, П. Глебкам, А. Кучарам, А. Лебедзевым, якія запрасілі мяне з Любай і Рыгора Раманавіча на вячэру ў рэстаран "Штраль". Вечар пакінуў харошае ўражанне. Асабліва мне спадабалася паэма П. Броўкі "Праз горы і стэп", якую ён з аратарскім пафасам прачытаў на гэтым вечары.

Вяртаючыся на Буковую вуліцу, мы з Лю ўсю дарогу гаварылі пра гэты незабыўны вечар, пра нашых новых сяброў і пра нашы планы. Яна збіралася пайсці працаваць настаўніцай, а я – у рэдакцыю газеты "Віленская праўда", куды мяне ўжо запрашаў яе рэдактар. Планы, планы!

Заўтра трэба нам быць у I. Ф. Клімава, па выкліку якога я і прыехаў у Вільню.

11/Х

Сёння быў у рэдакцыі газеты "Віленская праўда", якая размясцілася ў велізарным гмаху былога "Кур’ера віленскага". Рэдактар пазнаёміў мяне з некаторымі работнікамі рэдакцыі, колькасць якіх мне здалася астранамічнай. Да гэтага я працаваў у невялічкіх нашых газетах, дзе ўвесь штат складаўся з двух-трох добраахвотнікаў, якія былі і творчымі адміністратыўнымі работнікамі, і пісалі, і вычытвалі, рассылалі сваю газету.

А ў гэтым камбінаце з некалькімі дзесяткамі пакояў можна было згубіцца.

Праўда, на рэдактарскім стале стаяла цэлая батарэя тэлефонаў і нават быў званок, якім рэдактар выклікаў сакратарку і даваў ёй неверагодную колькасць розных даручэнняў.

Толькі тут я зразумеў, што пры такім размаху рэдактара і гэта колькасць людзей можа быць недастатковай. Перагортваючы падшыўку "Віленскай праўды", я неспадзявана напароўся на свой верш "Паслухайце, вясна ідзе", у якім нехта дапісаў бязглуздую чацвёртую страфу, якой у мяне не было. Няўжо гэта зрабіў той Быкоўскі, якому я калісьці ў Мядзеле падарыў свой зборнік?

У Часовым упраўленні нас з Лю дужа сардэчна сустрэў I. Ф. Клімаў. У Івана Фролавіча на стале ляжалі мае зборнікі вершаў. I ён пачаў са мною гаварыць як з даўно знаёмым яму чалавекам. Пасля гэтай сустрэчы мы ішлі з Лю па Вільні, першы раз такія акрыленыя і шчаслівыя. Хацелася нашай радасцю падзяліцца з сябрамі, але дзе цяпер іх знойдзеш! Усе працуюць у розных установах, усе перабраліся на новыя кватэры. I ўсё ж трэба будзе паспрабаваць адшукаць Кастуся, М. Бурсевіча, Ё. Каросаса, Е. Путраманта і інш.

Вечарам з Лю пайшлі ў кіно "Геліос", дзе ў натоўпе бачыў лукішскага стражніка пшадоўніка Стшэлецкага, які хутка недзе знік. Можа, мяне заўважыў. Каго тут толькі не сустрэнеш, у гэтым горадзе! У перапоўненых рэстаранах сядзяць былыя абшарнікі, урадоўцы, пераапранутыя ў цывільную вопратку паліцэйскія і ваенныя – п’юць дзень і ноч, быццам спраўляюць хаўтуры па былым жыцці, па сваіх маёнтках і надзеях.

13/Х

Зноў былі з Лю ў I. Ф. Клімава. Ад яго даведаліся аб перадачы Вільні Літве. Ён загадаў выдаць мне 60 злотых на пераезд у Вілейку, куды праз 7–10 дзён і сам са сваім апаратам збіраецца перабрацца. Цэлы дзень мы рыхтаваліся з Лю ў дарогу. I хоць часу ў нас было зусім мала, пасля абеду мне яшчэ удалося абысці Закрэт, пабываць нават на Замкавай гары і ўзбярэжжы Віллі, дзе летам 1936 г. з Паўлікам і Гарасімам, забраўшыся на плыты, пісалі адозву, якая пачыналася словамі: "Прытыцкі мусіць жыць…" Прызнацца, шкада было пакідаць Вільню – горад, з якім зжыліся, з якім у нас звязана столькі розных успамінаў. Але едзем мы насустрач новаму жыццю, якое абяцае быць больш светлым, больш цікавым і змястоўным. Заходзіў да Казіка Петрусевіча. Усе нашы польскія сябры таксама збіраюцца ехаць у Вілейку.

Вечарам забег развітацца з дзядзькам Рыгорам. Ён мне падарыў свой новы зборнік "Нашы песні". З радасцю я даведаўся, што і ён гэтымі днямі з усёй сваёй сям’ёй накіроўваецца на ўсход. Зараз з Вільні столькі выязджае людзей, што вакзал перапоўнены, каля білетных кас – і днём і ноччу натоўп. Пачалося вялікае перасяленне. Усё, што вякамі не праяўляла ніякага руху, скранулася са свайго месца.

16/Х

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже