Гаспадары, да якіх трапіў на начлег, аказаліся досыць гасціннымі і ветлівымі людзьмі. Калі садзіліся вячэраць, яны і мяне пачаставалі досыць смачнай поліўкай. Потым пачалі мне паказваць свае сямейныя альбомы. Па фатаграфіях я сарыентаваўся, што гэта – шляхецкая сям’я. Амаль на кожнай былі ўвекавечаныя розныя сямейныя ўрачыстасці: вяселлі, хрэсьбіны, першая споведзь, прыезд ксяндза, войта, ляснічага, сустрэча на фэсце са сваякамі, сярод якіх красавалася і сама гаспадыня – яшчэ досыць прыгожая жанчына год пад 40, грудны, хрыплаваты голас якой быў вельмі падобны да голасу папулярнай артысткі ў тэатры "Рэдут" I. Эйхлеруўны.

"Я люблю цябе, Іанне!" Вымаўляла I. Эйхлеруўна гэтыя словы так, што аж замірала сэрца, бо ў іх было і прызнанне ў каханні, і прадчуванне трагічнай развязкі… Гады мінулі, а я чую яе голас. Ці, можа, раней усё ўспрымалася глыбей. Помню, калі сямігадовым хлапчуком я першы раз у Маскве трапіў у тэатр.

Ён мне тады паказаўся самай цудоўнай казкай. Для мяне нічога не было ўмоўнага. Тэатральная заслона адкрывала не толькі свет сцэны, але і новы свет маіх уяўленняў, якія потым доўга мяне не пакідалі.

Я, напэўна, задумаўся, пераглядаючы фатаграфіі, і не адразу зразумеў, да каго звяртаецца гаспадар:

– А пан, відаць, наскі, добра ведае польскую мову…

I пачаў мяне распытваць пра мядзельскую, крывіцкую, даўгінаўскую шляхту, з якой я амаль зусім не быў знаёмы. А ён, чорт, знаў усіх. Знаў, хто з кім парадніўся, колькі ў каго валок зямлі, коней, кароў. Я аж не стрымаўся, каб не выказаць яму свайго захаплення і не падзівіцца з жывучасці, здавалася б, ужо даўно аджыўшых свой век старых каставых традыцый.

Спаў я ў пуні. Пасля горада пах сена быў такім хмельным, што я адразу, як у нейкую бяздонную студню, праваліўся ў сон.

Раніцай мяне разбудзіў вясёлы гудок шустрага паравозіка. Ён нечага доўга манеўраваў на вузкакалейцы, доўга некага клікаў на пераездзе, але яму толькі адклікалася стогалосае рэха пушчы. Кусты ляснога лубіну па абочынах дарогі былі густа затканы павуціннем. На іх гарэлі цэлыя сузор’і расы – дробныя і буйныя, розных адценкаў і колераў. А каля самага лесу стаяў, сплёўшыся, дрымучы травастой, у які аж страх было ўлазіць. Ён цёмна-зялёным шляхам кіламетрамі цягнуўся ўздоўж гасцінца.

Перад Кабыльнікам спыніўся адпачнуць у старой карчме. Думаў, можа, знайду фурманку з Мядзела. Праўда, сустрэў некалькі знаёмых вазакоў, але яны ехалі з пянькой і льном у Вільню. Ну што ж, неяк дацягнемся дадому. Не першы раз. Каб не падбіцца, стараўся ісці роўным, размераным крокам, але праз нейкі час лавіў сябе на тым, што іду подбегам. Спыняўся. Стараўся кантраляваць сваю хаду. Але хіба ніколі не навучуся спакойным, павольным крокам вяртацца дамоў.

Гэты раз я мог бы і не ісці пехатой з Вільні. Грошы на білет у мяне былі. Толькі мне дужа хацелася набыць сабе Шолахава, Траццякова і "Брунатную кнігу" – кнігу пра падпал фашысцкага рэйхстага. За дурной галавой і нагам непакой. Праўда, прыемна, ідучы, адчуваць, што колькі б небасхілаў ні змыкалася над дарогай, усе яны застануцца за табой. Кабыльнік, рыбацкія вёскі – Мядзела, Навасёлкі, Трыданы, Лук’янавічы, Беразнякі, Ліпава, Магдуліна… Нарэшце замаячылі і пількаўскія хутары і страха нашай хаты, здалёк падобная да шалаша, бо сам зруб яшчэ хаваецца за паласой ярыны, за цёмнай зелянінай кустоў сліў.

У цішыні чую скрып асвера. I неяк раптам захацелася прагнаць дарожную смагу, напіцца з дамашняга драўлянага, шчарбатага ад часу, прымацаванага да вочапа, вядра.

На пустым прасле пераплотаў сушыцца шэрае зрэб’е. Гэта, відаць, яго пафарбавала маці ў адвары мучанічніку ці ў іржавым жалезе, каб пашыць нам усім вопратку на штодзень, вопратку, упрыгожаную яе самаробнымі драўлянымі гузікамі-біркамі.

З частакола глядзяць на мяне паліваныя глякі. Глядзяць і быццам не пазнаюць.

– Зачыняй, Жэня, вароты, каб цялё не выскачыла на гумно! – чую звонкі голас сястры Мілкі, якая ніяк не можа загнаць у хлеў шустрага паджарага бычка.

Вось я і дома.

10/VІІІ

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже