Сустрэў Сашку Хадзінскага. Абрадаваліся, бо даўно ўжо адзін другога не бачылі. Ён абаснаваўся на Сняговай вуліцы. Дамовіліся, што на нейкі час спынюся ў яго. Пад вечар з Букавой я перанёс свой багаж на новую кватэру. Гаспадыня прыцягнула з вышак раскладны ложак, які, адсунуўшы стол, сярод нашага цеснага прахаднога пакоя будзем ставіць нанач. Адзінае акно ўпіраецца ў чырвоны чарапічны дах суседняга дома. З нашага другога паверха можна бачыць закураныя паравозным дымам прывакзальныя будынкі і нават частку перона. На дварышчы аж да позняй ночы – брэх сабак, сварлівы голас дворнічыхі і лаянка п’яных.
Сашка паглыбіўся ў падручнік хіміі, а я пачаў ператрасаць свае нататкі. Як гогалеўскі Плюшкін, чаго толькі не назбіраў за апошнія дні! Трэба будзе ўсе запісы прывесці ў нейкі лад; лішняе і непатрэбнае выкінуць, а вартае ўвагі адкласці ці адразу спрабаваць пераплавіць у вершы.
Не магу ніяк аднавіць па памяці адзін са сваіх турэмных вершаў – "Лукішскія вітражы". Я яго паслаў Лю з таварышам, які выходзіў на волю, але яна нічога не атрымала. Відаць, прыйдзецца пісаць нанава… Пісаць і пісаць. Вершы для мяне сталі паветрам і хлебам, хлебам і паветрам.
16/ІХ
Сёння ў студэнцкай "Мэнсе" за суседнім сталом распінаўся нейкі эндэк, ратаваў за тэорыю "нацыянальнага ўладання зямлёй", даводзячы, што зямля, якая знаходзіцца ў руках польскіх абшарнікаў, – польская, і права распараджацца ёю належыць толькі палякам. Здаецца, яшчэ да рэвалюцыі цемрашал С. Маеўскі прапаведаваў нешта падобнае, абасноўваючы сваю "тэорыю" тым, што ў руках польскіх магнатаў знаходзілася больш паловы зямлі на Беларусі. Дарэчы, палітыку "нацыянальнагаўладання", дапоўніўшы палітыкай высялення беларусаў з пагранічных раёнаў (шырыня якіх – 120 км), пацыфікацыяй і асіміляцыяй, ужо даўно праводзіць урад, задаўшыся мэтай этнаграфічныя межы пануючай нацыі расшырыць на Усходзе аж да Рыжскай мяжы.
Старая гісторыя. Ужо некалькі раз на нашай зямлі хавалі нас розныя "дабрадзеі" – на зямлі, дзе яшчэ і сёння, як у далёкія часы "Вялікага літоўскага статута", лічыцца аднолькавым – забіць мужыка ці сабаку. Толькі народная прыказка гаворыць: той, каго хаваюць пры жыцці, жыве даўжэй за тых, хто яго хавае.
Пра ўсё гэта трэба пісаць у нашым друку. Народ можа дараваць пісьменнікам многае, але не можа дараваць маўчання ў часы, калі вырашаецца яго лёс. А ў галаву лезуць нейкія несамавітыя вершы.
Дождж, дождж, дождж.
За вітрынамі магазінаў:
Як флейты бутэлькі з віном,
Як бандуры вэнджаныя кумпякі,
Як бубны паджарыя булкі,
Як барабаны бочкі з селядцамі,
Як смыкі скрыпак салямі…
Я сыграў бы на струманце гэтым,
Але грошай не маю.
Дождж, дождж, дождж.
Пачынаю іграць марш галодных.
Чуюцца паліцэйскія свісткі.
Як палачка дырыжора,
Рассякае паветра гумовая палка.
Няўжо і на струнах дажджу
Іграць забаронена?
Дождж, дождж, дождж.
1/Х
Трахім разгарнуў небывалую дзейнасць сярод віленскай інтэлігенцыі. 3 кім ён толькі не сустракаўся. Учора Зося Асаевіч пазнаёміла яго з Г. Будзько, які блытаецца каля эсэраўскага часопіса "Золак", захапляючыся тэхнакратычнымі ідэямі. Цэлы вечар гутарыў з ім Трахім, агітаваў яго супрацоўнічаць з намі ў рамках Народнага фронту. Але толькі дарма змарнаваў з ім час.
Вечарам прыйшоў да мяне Фелік 3. Я пазнаёміўся з ім, яшчэ калі ён працаваў парабкам у Азерцах, што ля Глыбокага, у пана Аскеркі. Трэба памагчы яму пераапрануцца. Зайшлі ў магазін "Братоў Яблкоўскіх". Дорага. Не па нашых кішэнях. Пацягнуліся Віленскай у бок Нямецкай. Успомнілі нашу першую сустрэчу ў хмуры веснавы ранак 1933 г., калі я ледзь не ўтапіўся, плывучы на дзіравым чоўне. Успомнілі майго дзядзьку Л. Банькоўскага, які памог мне тады знайсці ў Азерцах прытулак. Потым зайшлі ў рэдакцыю "Папросту", дзе засталі майго старога друга
М. Урбановіча, які з іншымі членамі рэдакцыі быў заняты рассылкай чарговага нумара газеты і перапіскай адрасоў.
Быў у Эдварда. Цікавіўся, над чым працую, што чытаю. Абяцаў пазнаёміць мяне з творчасцю Т. Крамера – чалавека з горкаўскай біяграфіяй. Апошнімі начамі сняцца нейкія каляровыя сны. Здаецца, і фарбаў такіх няма, каб іх намаляваць. На вочы трапіў курс валюты. Ёсць, колькі злотых каштуе долар, франк, марка, рубель, крона. Няма толькі цэн на кроў і пот. Пасля крызісу яны зусім абясцэніліся. Усё часцей народнафрантавыя газеты выходзяць з белымі плямамі. Зараз цэнзура адгарадзіла нас такім частаколам сваіх артыкулаў ды параграфаў, з-за якіх толькі відаць ці касцельныя вежы, ці краты турмы. Але ніяк не ўдаецца панам адгарадзіць народ ад уплыву савецкай прапаганды і літаратуры. Яны, каб маглі, забаранілі б і сонцу ўзыходзіць з Усходу. Заўсёды тыя, у каго няма ніякіх аргументаў, адказваюць кулямі, арыштамі, цэнзурнымі забаронамі.
11/Х