Ледзь знайшоў на Піўной вуліцы свайго старога таварыша Н., з якім некалі вучыўся на тэхнічных курсах, што мясціліся на Галяндэрні. Вуліца цяпер раскопана так, што ноччу можна галаву скруціць. Ды і прахожых тут мала. I тыя нейкія павольныя, сонныя, быццам не знаюць, куды ім дзяваць свой час. Н. зараз працуе на Нарачы, дзе будуецца суднаходны гарцэрскі цэнтр імя палкоўніка Ліса-Кулі. Што гэта за звер? Н. прасіў мяне, каб я, калі буду на Нарачы, заглянуў да яго. Жыве ён у Купе, каля самага возера. Я прагледзеў газеты, якімі быў завалены яго стол. Сутычкі на абісінска-самалійскай граніцы. А ў Лізе Нацый – дэбаты, дэбаты, якім і канца не відаць.
Трэба было б схадзіць паглядзець фільм "Вяртанне Франкенштэйна" або "Капрыз іспанскі", у якім іграе Марлен Дзітрых, але Н. мяне зацягнуў на выстаўку М. Раўбы, дзе мы доўга любаваліся яго карцінамі: "Старая каплічка", "Праз акно", "Вілля", "Зялёнае возера", "Блакітная віла".
24/Х
Беларуская хадэцыя апублікавала ў "Крыніцы" разгорнуты адказ на прапанову ЦК КПЗБ аб утварэнні супольнага антыфашысцкага фронту. Патрэбы ў публікацыі гэтага адказу, мне здаецца, не было. Проста перастрахоўваюцца лідэры хадэцыі, каб часам ім не закінулі, што яны вядуць з камуністамі перагаворы.
У "Рэдуце" апошні раз ідзе "Цудоўны сплаў" у пастаноўцы Чэнгеры. А ў горадзе зноў на кінаплакатах з’явіўся славуты Тарзан.
2/ХІ
Субота. Маю два дні, вольныя ад розных сустрэч. Хадзіў глядзець, як спраўляюць памінкі (задушкі) на Росах. Найбольш урачыста было каля магілы I. Лялевеля, куды прыйшлі са сваімі сцягамі ўсе універсітэцкія карпарацыі: Рутэнія, Баторыя, Вільненія, Снядэція, Крэсовія, Леаніданія, Пілсудзія і нават Палесія…
На магілах гарэлі свечкі. Асабліва прыгожа выглядала ўсё гэта вечарам. Здавалася, зоры апалі на зямлю і цепляцца мігатлівым святлом. I нешта ў гэтым святле іх было несмяротнае.
10/ХІ
Вечарам узяўся за верш "Серп сонца".
Пакой, як скрыня, з адным акном.
Стол-інвалід падпёр сцяну…
Верш гэты – пра наш пакой, у якім мы жывём з Сашкам Халадзінскім. Вобразы – побач, не трэба па іх далёка ісці. Перапісаў для архіва адзін са сваіх ранейшых вершаў – "Грукаючы ў дзверы" (1932). Потым пачаў перагортваць зборнік К. Бальмонта. Некалі я гэтым паэтам захапляўся, а зараз ён мне здаваўся неглыбокім і адназначным, без ніякага падтэксту… У пакоі сцюдзёна, як у сабачай будцы, хоць я накінуў на сябе посцілку, паліто. Толькі адзін ручнік бялее на вешалцы. Па столі, калі гасіцца святло ў пакоі, аж да раніцы поўзаюць водсветы вулічных ліхтароў.
12/ХІ
Забег да К. Застаў яго за кнігай Э. Піскатэра. Нешта падкрэсліваў, выпісваў. Збіраўся, казаў, пісаць артыкул пра тэатр. Стол у яго, як заўсёды, завалены рознымі замежнымі, нямецкімі і французскімі, газетамі і часопісамі. Пачаў агітаваць мяне, каб я праштудзіраваў Бергсана і Фрэйда, без якіх, казаў, цяжка зразумець усе новыя плыні і напрамкі сучаснага еўрапейскага мастацтва і літаратуры. Між іншым, прачытаў мне цікавае выказванне Фрэйда аб рэлігіі, паводле якога яна з’яўляецца ўцёкамі ад адказнасці ў свет фантазіі. Я пазнаёміў яго з новымі вершамі нашых рэвалюцыйных паэтаў, змешчанымі ў апошнім нумары лукішскіх "Кратаў". Спадабаліся. Чатыры вершы перапісаў. Абяцаў паслаць сваім сябрам у Варшаву з просьбай перакласці іх на польскую і яўрэйскую мовы і, калі ўдасца, надрукаваць.
15/ХІ
Закончыў "Акт першы". Прабую вызваліцца са старых паэтычных канонаў, з палону пявучасці, традыцыйнай вобразнай сістэмы, хоць пакуль што на гэтым шляху ў мяне больш паражэнняў, як удач. Адчуванне крызісу архаічных форм яшчэ нічога не дае. Да новага цяжка знайсці ключы. Можа, іх і не знайду, бо новае само па сабе не існуе. Яго кожны мастак мусіць стварыць. А пакуль што запісваю тэму заўтрашніх вершаў: пра дванаццаць маляроў – дванаццаць месяцаў, пра неразменны рубель, пра навагоднюю карусель (палітычная сатыра) і антыкварны магазін, дзе выстаўлены для продажу санацыйныя, паланафільскія, антысеміцкія і розныя шавіністычныя пудзілы.
Заходзілі хлопцы з беларускай гімназіі. Нават не распраналіся, бо ў пакоі маім сцюдзёна, як у хляве. Нехта не памыліўся, назваўшы нашу вуліцу Сняговай.
I днём, і асабліва ноччу ўсё больш і больш дакучае холад. А што будзе, калі настануць маразы?
Праўда, за сем злотых, што плачу гаспадыні за свій куток, бадай, цяжка знайсці нешта лепшае.
21/ХІ
Пішу ўступ, ці прадспеў, да паэмы пра Нарач, хоць, прызнацца, ніякага плана гэтай паэмы ў мяне яшчэ няма. Спадзяюся на музу: можа, яна, прачытаўшы мае першыя радкі, нешта падкажа. Так было неаднойчы. I так – не ў імя Айца і Сына і Святога Духа, а ў імя справы, за якую змагаемся, у імя перамогі і светлай будучыні – пачынаю:
Прыйдзем яшчэ, вёска, твае песняры,
Не з торбаю песняў жабрачых:
Бярозавым смыкам на струнах зары
З табой заіграем іначай…
22/ХІ