Прыехаў Кірыл Карабейнік. Перад самымі кастрычніцкімі днямі, казаў, нехта на брацкіх могілках чырвонаармейцаў, каля нашай Краснаўкі і ў Ліпаўскім бары, паклаў вянкі з надпісамі на чырвоных стужках: "Няхай жыве рэвалюцыя!", "Няхай жыве КПЗБ!". Паліцыя некалькі разоў рабіла засады ў лесе, але так нікога і не злавіла.
Расправіўшыся з селядцом і выпіўшы па пары шклянак чаю, мы пайшлі з Кірылам на Вастрабрамскую вуліцу ў беларускія кнігарні. Хлопцы са Слабады і Мацкоў прасілі яго прывезці беларускія календары. Але Кірыл апроч календароў купіў яшчэ і "Шляхам жыцця", і "Сымона-музыку", і "Вянок", партрэты Я. Купалы і Я. Коласа. Ён, відаць, апошнія грошы пакінуў бы тут, каб я яму не паабяцаў некаторыя кнігі дарма дастаць пры дапамозе дзядзькі Рыгора ў Таварыстве беларускай школы. I сапраўды гэты дзень выдаўся ўраджайны. Накалядавалі мы з ім цэлы мех літаратуры: Маркс, Энгельс, Пляханаў, Сталін, некалькі спеўнікаў, гадавікоў старых часопісаў, аднаактовак… Каля яўрэйскага клуба "Макабі" сустрэлі групу п’яных карпарантаў. Чуваць было, як недзе бразнула разбітая шыба.
Правёўшы Кірыла да цягніка, позняй ноччу вярнуўся ў сваю Сняговую кануру. На некаторых вуліцах чамусьці зусім не гарэлі ліхтары. Густы туман апусціўся на горад. Толькі коні рамізнікаў, якія на памяць знаюць усе віленскія завулкі, чуваць было, як гулка цокалі падковамі па настылым бруку.
24/ХІ
I дзень святочны, і пагода нішто сабе, і ноччу ніхто не будзіў. Можна было б радавацца, каб не сапсуў настрой Юпіцер, які спусціў на нашы крэсы ваяводзіць вядомага асімілятара і дзяржыморду – пана Бацянскага. У касцёлах б’юць званы, склікаючы на імшу ўсіх чарнасоценцаў.
Трэба пайсці з Лю, якая заўтра выязджае ў Варшаву, паглядзець у "Касіно" "Анну Карэніну". Гераіню гэтага цудоўнага рамана Л. М. Талстога іграе Грэта Гарбо.
9/ХІІ
У 7 гадзін 12 мінут вечара над горадам узвылі сірэны – вучэбная паветраная трывога. Пагаслі ўсе агні. Я спыніўся на вуліцы Міцкевіча ў пад’ездзе насупраць рэстарана "Штраль". У некаторых дамах пазапальвалі свечкі. Аўтобусы і машыны памалу ішлі з замаскіраванымі і прыгашанымі фарамі. Відаць, больш за ўсіх з гэтага зацямнення скарыстаюць розныя зладзеі. Пазаўчора, чуваць, ачысцілі абутковыя магазіны фірмы "Баця". Колькі там было харошых пантофляў!
Амаль над самым дахам праляцела некалькі самалётаў, мільгаючы агнямі сваіх крыл.
Вельмі шкада, што Лю пакінула Вільню. Не стала самага блізкага чалавека. Трахім нават забараніў перапісвацца. Я гэта і сам знаю, што ні аб якой карэспандэнцыі зараз не можа быць гаворкі. I ўсё ж… Трэба схадзіць да яе маці, можа, яна мае якую вестку з Варшавы.
10/ХІІ
Вывучаю "Малы статыстычны гадавік". Па-мойму, пазнаёміўшыся з дадзенымі статыстыкі, можна лепш прадбачыць развіццё некаторых падзей, як па нашых літаратурных творах. Галава нейкая пустая. Баліць. Можа, таму і баліць, што – пустая. Трэба было б яе падставіць хоць пад скразняк, каб праветрыў.
Сёння, шукаючы дом, у якім жыў П., я доўга блукаў па завулках Антокаля. У цемені трапіў на нейкую пустэлю, дзе шмат было бітага шкла, бутэлек. Зацішша. Імгла. Што можна стварыць з бітага шкла і з імглы? Дагнаў нейкую жанчыну. Ідучы назіркам за ёю, выйшаў на асветленае скрыжаванне, на якім драмаў рамізнік. 3 П. дамовіліся аб маім выступленні на вечары ў літоўскай гімназіі. На гэтым вечары будуць дзядзька Рыгор са сваім хорам і М. Забэйда-Суміцкі. Збіраўся яшчэ пад’ехаць М. Машара. П. заўважыў, што я зацікавіўся рэпрадукцыямі, якія віселі на сцяне яго пакоя.
– Гэта – Тэафіль Квяткоўскі, паўстанец, блізкі друг Міцкевіча, Шапэна… Не знаю, адкуль мае гаспадары дасталі гэтыя рэпрадукцыі. Самі недзе пайшлі гасцяваць. Вось знайшоў у іх – раю і табе прачытаць – цікавую біяграфію рэвалюцыянера і былога катаржніка М. Пехаля "Жменя попелу". Пачаставаўшы мяне панцаком, які, відаць, застаўся ад абеду, пачаў завіхацца каля радыёпрыёмніка. Доўга не мог злавіць Мінск. А калі злавіў, мы толькі пачулі гоман Краснай плошчы і бой крамлёўскіх курантаў.
Вяртаючыся на сваю сцюдзёную кватэру, каб скараціць дарогу, пачаў у памяці ўкладваць нейкія вершы.
Мы жывём у дзяржаве, дзе больш за ўсё цэняцца
Подласць, маўчанне, пакора…
Белыя муры ваеннай турмы на Антокалі, заўсёды шчодра асветленыя ліхтарамі, здаліся мне велізарным аркушам паперы. На ім хацелася напісаць верш, ды такі, які прапаліў бы іх агнём і які ніколі не змаглі б сцерці вартавыя.
15/ХІІ
Выпіска з "Кур’ера віленскага". На з’ездзе польскіх настаўнікаў у Вільні дырэктар семінарыі Матушэвіч сказаў, што рэгулярнае наведванне дзецьмі школы тут, на Паўночна-Усходніх землях, не з’яўляецца пытаннем школьнага характару, а, наадварот, пытаннем грамадска-дзяржаўнага значэння. Заклікаў "вальчыць" (змагацца) за польскую культуру на рубяжах дзяржавы.
Вось адна з галоўных прычын, чаму бацькоў, дзеці якіх не наведваюць школу, адміністрацыя карае штрафамі. А ў нас некаторыя наіўныя думалі, што паны стараюцца даць беларускім дзецям адукацыю.
16/ХІІ