Гарасім збіраецца пісаць для "Нашай волі" артыкул пра адукацыю ў Заходняй Беларусі і ў Польшчы, дзе ў сярэднія і вышэйшыя школы амаль зусім закрыты доступ для дзяцей рабочых і сялян. Неадольнай перашкодай на іх шляху да асветы стаіць антынародная палітыка санацыйнага ўрада і такіх цемрашалаў, як пан Багдан Васютынскі, які і так лямантуе, што рост інтэлігенцыі з ніжэйшых слаёў абніжае ўзровень культуры, або пазнанскія антраполагі, якія даводзяць, што "вясковы люд, як цэласць, сам з сябе ні сёння, ні ў бліжэйшым часе не можа выдзеліць кіраўніцтва дзяржавы".
Я часта думаю аб нашай заходнебеларускай паэзіі. Колькі ў ёй розных адгалоскаў, перайманняў! Толькі чырвонай ніткай праходзіць праз яе бунтарнасць. I хіба гэта яе выдзяляе як з’яву самабытную і арыгінальную.
Быў на старым нямецкім магільніку. Чаму яго назвалі нямецкім? Бадай, няма больш сумнага месца, як стары, забыты магільнік.
Праз сіта шыб працэджваецца вячэрні змрок.
Стары гадзіннік за сцяной, відаць, памыліўшыся, прабіў 12 раз, хоць да поўначы яшчэ далёка. А ў мяне столькі сабралася непрачытаных кніг, часопісаў! Столькі непрадуманых тэм! А часу – мала, у параўнанні з біблійным Мефусаілам, які жыў, здаецца, тысячу год.
17/ХІІ
Сёння быў досыць далёка за горадам. З таварышам А. ездзілі да яго бацькоў. Ноч застала нас у дарозе за сем ці дзесяць кіламетраў ад хутара, да якога па снежнай цаліне ды крутых панарскіх перавалах ледзь давалок нас змораны конік выпадковага фурмана-літоўца. Бацькі А., даведаўшыся, што я калісьці разам сядзеў з іх сынам на Лукішках, надзвычай гасцінна прынялі мяне. Разам з намі пасадзілі за стол і нашага фурмана. Ён аказаўся знаёмым гаспадара і, пачуўшы, што мы – свае людзі, адмовіўся ўзяць грошы за паслугу і яшчэ запрашаў, калі зноў будзем у іх ваколіцах, наведаць і яго хату.
19/ХІІ
Учора памёр у Варшаве Альберт Радзівіл, "XVI ардынат на Нясвіжы, XIII на Клецку, граф на Міры, кавалер Мальтанскі", адзін з тых праклятых магнатаў, якія на крыві і працы нашага народа нажывалі незлічоныя фартуны. Няўжо яго міне пекла? Велымі ж узяліся ўсе духоўнікі маліцца за яго душу, за адпушчэнне яму грахоў…
У С. пазычыў гадавікі ўкраінскага часопіса "Вікна" (1930–1932) і некалькі навінак савецкай літаратуры. Трахім раіць, каб лепш мне злегалізавацца, запісацца на нейкія матуральныя курсы. Сёння гаварыў з Франукам Г., які займаецца гэтымі справамі. Абяцаў дапамагчы, нават прапанаваў мне хадзіць на карэпетыцыі да яго.
24/ХІІ
Ва ўсіх нас – святочны настрой. Пасля столькіх захадаў выйшаў першы нумар газеты "Наша воля". Цэлую ноч у студэнцкім пакоі рэдактара В. Склубоўскага пісалі адрасы. Раніцай згрузілі ўвесь тыраж газеты на санкі рамізніка і завезлі на пошту.
На Татарскай вуліцы ля пад’езда дома № 15, дзе размясцілася рэдакцыя, і каля друкарні ўжо другі дзень круціцца нейкі падазроны тып. Відаць, сочыць, сабака!
Пасля бяссоннай ночы вуліцы, дамы, дрэвы, вецер і нават людзі здаюцца больш сцюдзёнымі, чым паказвае тэрмометр на вакзале, куды на хвіліну забег пагрэцца.
25/ХІІ
Трэба будзе пакапацца ў Беларускім музеі, можа, там удасца знайсці якія творы Марозіка. Ад С. даведаўся толькі, што ён быццам чытаў на беларускай мове свае вершы на адкрыцці помніка Кацярыне ў Вільні і што тады апекаваўся ім рэдактар газеты "Северо-Западный край". Гэты С. – хадзячая энцыклапедыя. Пра ўсё, чорт, знае.
Перапісваю свой новы верш: "Подпіс нечытэльны".
"…Тое, што западозраны чытаў
Маркса,
Энгельса,
Леніна, Сталіна –
Вядомых камуністычных лідэраў –
Мы ведалі з даносаў канфідэнтаў.
Да агульнай характарыстыкі яго,
Лічу, дадаць не лішнім будзе
Дакумент, знойдзены ў архіве мядзельскім:
"…Дня… верасня, 12-га года.
Калі я, стражнік Боўдзіла,
Па загаду Яго імператарскай Высокасці
Сачыў, каб ніводзін у дзяржаве
Не смеў крычаць на сваёй роднай мове,–
У вёсцы Шлькаўшчыне
Нарадзіўся бунтаўшчык,
Які не падпарадкаваўся гэтаму загаду…"
Таму мяркую:
Ёсць дастатковыя падставы
Яго арыштаваць,
Са сваткаўскага пастарунка
Адправіць пад канвоем у Паставы.
Адтуль – пасля дапросу – на Лукішкі.
Найлепш было б адразу – на той свет.
Але патрэбна ўсё рабіць
Згодна канстытуцыі Рэчы Паспалітай
Год 1934.
Пракурор".
Подпіс нечытэльны.
27/ХІІ
З нагоды змены праграмы беларускай хадэцыі накідаў некалькі радкоў сатырычнага верша.
Ксёндз на сутану ўздзеў сярмягу,
Пачаў нат лапці абуваць,
Трыбух крыху падціснуў дзягай,
Каб лепш дурманам гандляваць…
У Студэнцкім саюзе паспрачаўся з нейкім эндэкам за беларускую мову, культуру. Дзівіць мяне тое, што людзі, якія яшчэ ўчора былі ў падобнай сітуацыі, як мы сёння, самі становяцца душыцелямі і прыгнятальнікамі іншых народаў. Хоць тут асабліва і дзівіцца няма чаго. Дапусці толькі да ўлады некаторых цемрашалаў з Завальнай ды іншых беларускіх шавіністычных звярынцаў – відаць, рабілі б тое самае.
Апошнімі часамі, калі пішу новы верш, чамусьці трывожыць думка, што мне яго могуць не даць закончыць. Таму зубную шчотку і мыла нанач кладу, на ўсякі выпадак, у кішзню свайго паліто.
28/ХІІ