Быў на нашых пількаўскіх хутарах. Захарка Калбун расказваў, што ў Мядзеле ён чуў, як па радыё выступаў Л. Бацянскі. Бяда толькі, што ён нічога не зразумеў з гэтага навагодняга выступлення пана ваяводы. Помніць толькі, што той заклікаў: "Фронтам да вёскі!"
Што б гэта магло азначаць? Можа, новыя падаткі? Сваткаўская паліцыя распаўсюджвала ўспаміны Ф. Аляхновіча аб Салаўках. Хлопцы смяюцца, што аўтар змясціў у гэтай кнізе дзве фатаграфіі – адна салавецкая, другая віленская – і што на першай ён куды лепш выглядае. Кнігу хутка, нават не дачытаўшы, скурылі нашы курцы.
На Вялікім Бары – поўна заечых слядоў. Снег яшчэ не ўсюды прыкрыў жытнёвую рунь і завораны лубін, вось і збягаюцца касавокія сюды жыраваць.
Вецер. Аж звініць на балоце абледзянелая ракіта.
7/I
На гумне, чуваць, нехта спыніўся. Прыехаў задубенскі Іван – сын дзядзькі Ігнася. Я памог яму распрэгчы каня і пад паветку зацягнуць сані. Прыехаў пазычыць воз сена. Змёрз. Ледзь мы яго адагрэлі. Калі пайшлі з ім спаць у новую хату, ён расказаў мне, што ў Задубенне прыязджаў з Вільні Рыгор Шырма, прачытаў ім цікавую лекцыю аб літаратуры і яе ролі ў грамадскім жыцці. Слухачоў, казаў, столькі назбіралася, што найбольшая вясковая хата не магла ўсіх змясціць.
Мне хацелася ў яго распытаць яшчэ пра работу іх гуртка ТБШ, і пра школьныя справы, і пра старога былога пуцілаўца – М. Хацяновіча, але субяседнік мой, змораны дарогай, хутка заснуў, толькі на ўсю хату чуўся яго моцны, пералівісты храп.
8/I
3 абедам сёння запазніліся. Чакалі, пакуль дзед і бацька вернуцца з абходу. Бацька хадзіў праверыць, як умерзла балота і ці можна дабрацца да стагоў, каб пачаць з Нявераўскага вывазку сена. Дзед, як звычайна, больш цікавіўся паляўнічымі справамі. Ён, казаў, у Краснаўцы абышоў зайца. Ноччу праз выган – бачыў свежыя сляды – прайшлі ваўкі, але прынады, што каля лазні, чамусьці не кранулі. Нарыхтаваўшы ў пуні каровам трасянкі, адправіліся на паляванне. Сабак не бралі, каб не прывабіць іх звягай каго непажаданага. I так сочаць розныя добраахвотнікі і леснікі. Мне выпала няўдзячная роля загоншчыка. Папамешваў снегу, а зайца на стральцоў так і не ўдалося выгнаць. Вяртаючыся дамоў, з высокіх асін у пасьбішчы сагнаў некалькі цецерукоў. Паляцелі на Бель. Следам за імі адляцела і спуджаная раптоўным подыхам ветрыку вячэрняя зара. Шумелі хвоі. Яны ўсё мацней і мацней калыхалі сваімі цёмнымі вяршалінамі, быццам расчышчалі неба для вячэрніх зор. Быў сёння ва Уладзіміра Скуркі і яго жонкі – настаўніцы Францішкі Адамаўны, у якой пазычыў цэлы жмут розных часопісаў. Сусед мой, аказваецца, перад вайной вучыўся разам з У. Дубоўкам у Мядзеле, дружыў з ім. Ад Уладзіміра даведаўся і пра амністыю для палітычных вязняў.
9/I
У Вільні пачаўся вялікі палітычны працэс т. зв. "Левіцы акадэміцкей". На лаве падсудных – сапраўды інтэрнацыянал – палякі, беларусы, літоўцы, яўрэі: С. Ендрыхоўскі, Е. Штахальскі, сёстры Дзявіцкія, К. Петрусевіч, В. Акаловіч, А. Смаль, М. Шчакала, М. Урбановіч, Я. Друта, В. Ліфшыц. Усіх абвінавачваюць у прыналежнасці да КПЗБ. Афіцыйныя кругі разгублена і з жалем сцвярджаюць, што прапаганда з Усходу пачынае пранікаць і ў асяроддзе польскай інтэлігенцыі… Трэба хутчэй збірацца і ехаць у Вільню, каб паспець на гэты працэс.
Учора было зацьменне месяца. Толькі неба было хмарнае, і не ўдалося яго пабачыць. Некалькі разоў мы выходзілі з дзедам на дварышча. Думалі, можа, распагодзіцца.
Калі сціхаў вецер, чуваць было, як недзе ў Нявераўскім вылі ваўкі. Да позняй ночы перапісваў свае новыя вершы, якія трэба будзе даць у "Нашу волю" ці ў які часопіс. Усё яшчэ не магу ўнезалежніцца ад розных уплываў. Здаецца, Шатабрыян казаў, што арыгінальны пісьменнік – гэта не той, які нікому не наследуе, але той, якому ніхто не патрафіць наследаваць.
15/I
Дарога, дарога! Пад скрыпучы спеў палазоў я задрамаў. Прачнуўся толькі за Сваткамі, пачуўшы, як мароз пачынае скоўваць мае ногі. Трэба было хутчэй разагрэцца. Ад азярка амаль да самага Гарадзішча ішоў і бег за разваламі. У бары дагналі возчыкаў з Габаў, якія везлі папяроўку і шпалы. Некаторыя з іх пазналі бацьку, пачалі распытвацца, куды едзе. Шчыльней захінуўшыся ў кажух, я зарыўся ў салому, а каб зноў не заснуць, пачаў думаць пра свае віленскія справы, сустрэчы, планы, хоць апошнія так часта ў маім жыцці мяняліся, што аб іх не варта было і думаць, тым больш цяпер.
Нат не заўважыў, як мы даехалі да станцыі Крывічы. Ля вакзальнай агароджы прывязалі свайго Лысага і падкінулі яму кашэль з сенам. Ураілі, што бацька не будзе чакаць да майго ад’езду, бо і часу шмат, і конь можа, спалохаўшыся цягніка, нарабіць бяды. Развіталіся. Хутка сцюдзеная цемень ночы праглынула каня і развалы са згорбленай постаццю бацькі, якому я столькі ў жыцці прынёс клопатаў і які цяпер, я знаю, занепакоены і ўстрывожаны, адзін вяртаўся дамоў.
Ускінуўшы на плечы мяшок з дамашнімі харчамі, змёрзлы, я паплёўся да будынка вакзала, у якім толькі за паўгадзіны да прыходу цягніка каля касы запальвалася лямпа, а на пероне – газавыя ліхтары.