Я заўсёды любіў прысутнічаць пры гэтай аперацыі знаёмага чыгуначніка, а потым разам з ім чакаць са стараны паўстанка далёкага паравознага гудка і грукату калёс пасажырскага састава.

А вецер усё мацнеў і мацнеў.

Не знаю, як мой бацька дабярэцца ў такую непагодудамоў…

17/I

Добра, што ў самы час паспеў вярнуцца ў Вільню. На стале чакала мяне некалькі лістоў, на якія трэба было хутчэй адпісаць. Ды і так набралася шмат розных неадкладных спраў. Пад вечар уручылі яшчэ павестку, каб 20/1 у 10 гадзін з’явіўся ў староства. Мо па справе, звязанай з ваеннай службай ці атрыманнем пашпарта? Сёння мы цэлы дзень працавалі з Паўлікам (Самуіл Малько) над матэрыялам для "Нашай волі".

Пад вечар прыйшоў Гарасім (Мікалай Дворнікаў). Прынёс жмут навін з горада, некалькі карэспандэнцый і заметку пра сезонных рабочых, якіх больш за 30 тысяч выязджала летась з Віленшчыны ў Латвію. Змёрз. Прысеў пагрэцца ля печы. Казаў, цэлы дзень нічога не еў. Паўлік наскроб у кішэні нейкую залатоўку і папрасіў Любіну маці, каб купіла нам што перакусіць. А яна неяк умудрылася на гэтыя марныя грошы зрабіць такі абед, якога даўно ўжо ніхто з нас і не бачыў: суп з хлебам, бульба з флякамі, чай.

Калі пачало змяркаць, Гарасім развітаўся з намі. Мы чакалі, пакуль ён сваей марацкай, уразвалку, паходкай не зайшоў за браму, потым і самі пайшлі праз саснякі старога магільніка. Хоць позна ўжо было, але я паспеў яшчэ забегчы ў кінатэатр "Пан" на цудоўны фільм Стэрнберга па раману Ф. Дастаеўскага "Злачынства і пакаранне", адзначаны міжнароднай прэміяй у Венецыі. Ігра артыстаў пакінула незабыўнае ўражанне.

Дамоў вяртаўся лабірынтам сярэднявечных завулкаў, дзе пераважна жыла яўрэйская бедната. Я кожны раз, калі заглядваю сюды, пытаю ў сябе: як і з чаго тут жывуць людзі? Голы сцюдзёны брук, старыя запляснелыя камяніцы, як сухотнікі, стаяць, задыхаючыся без глытка свежага паветра. На некаторых завулках нават тратуараў няма. Каб размінуцца з рамізнікам, трэба перачакаць у бліжэйшай браме, з-пад варот якой і зімой і летам плыве ў рышток нейкая атрутная гразь.

18/I

Путрамант пазнаёміў мяне са сваёй суседкай па кватэры, былой вучаніцай Канёнкава скульптаркай Ляонай Шчапановіч. Калі мы ўвайшлі да яе, я перш не мог сарыентавацца, дзе сама гаспадыня? Увесь яе пакой быў застаўлены вадзенікамі, лесавікамі, чарцямі, ведзьмамі. Такога зборышча рознай нечысці не сустрэнеш нават і ў аповесцях Гогаля. Усе фігуры – у натуральны рост, выразаны з дубовых пнёў, чачоткавых калод ды іншых смалякоў-карчоў. I сама пані Ляона Шчапановіч – сівая, нізкага росту жанчына з доўгімі жылістымі рукамі, шырокімі мужчынскімі плячамі і маршчыністым тварам – у нечым была падобна да гэтых казачных персанажаў. Толькі вочы яе глядзелі молада і прыхільна.

– Ну і суседка ў цябе! Ноччу яны табе не сняцца? – запытаў я ў Путраманта.

Я з цікавасцю прыглядаўся да гэтай жанчыны, якая некалі вучылася з Ул. Маякоўскім, была знаёмая з ім, а зараз, самотная, жыве ў сваёй майстэрні на чацвёртым паверсе, у акружэнні пачвар, створаных яе таленавітымі рукамі, але народжаных нейкай хваравітай фантазіяй.

Чакаючы Г., я доўга стаяў ля прахаднога моста, які, быццам танцорка, застыў над бурлівай Віленкай у роздуме: на які бераг лепш пераскочыць? Захапіў мяне цікавы рытм народнай песні. Запісваю. Можа, калі прыдасца.

Ні то чорт, ні то хорт,

Ні то цень ці спакмень…

Быў на пастаялым двары, дзе сустрэў гарадзецкага смалакура Лейбу. Ён мне даў некалькі адрасоў сваіх знаёмых у Малінаўцы, Вытрасках, Будзе, Крывічах, на якія трэба будзе паслаць "Нашу волю". На вуліцы чуваць звон шараховак. За акном мігцяць далёкія зоры. Холад, які, здаецца, ідзе ад іх, змушае мяне мацней любіць нашу, хоць яшчэ і не абарудаваную для шчасця, зямлю.

19/I

Газеты прынеслі весткі аб смерці нобелеўскага лаўрэата, апошняга самага выдатнага пяўца англійскага імперыялізму – Р. Д. Кіплінга. Апошняга, бо ўжо набліжаецца час захаду сонца над яго імперыяй, над усім тым, чаму верна служыў ён як нейкі каланіяльны салдат.

Апошнімі часамі ў Вільні і розных павятовых цэнтрах урадавыя колы арганізуюць шматтысячныя антылітоўскія мітынгі і дэманстрацыі, на якіх выступаюць генералы (Асікоўскі, Жалігоўскі), старасты, войты, патрабуючы амністыі для палякаў у Літве, школ, свабоды мовы – усяго таго, чаго самі не даюць ні літоўцам, ні нам… Відаць, памыляўся і памыляюся далей, дзелячы вершы на агітацыйныя і лірычныя. Паэзія – адна. Справа ў тым, як атрымаць гэты цудоўны сплаў? А пакуль што псуём тэмы. I якія тэмы!

Прачытаў гадавік "Калоссе" за 1935 год. Каб не было перадрукаў з савецкай беларускай прозы – твораў Зарэцкага, Лынькова, Баранавых, а з паэзіі – нашых класікаў, вельмі бедна выглядала б літаратурная частка гэтага часопіса. Заходнебеларуская паэзія прадстаўлена нейкімі пастаралькамі. Аж дзіву даешся: адкуль яны бяруцца ў народа, жыццё якога поўна трагедый?

Сёння змарнаваў дзень на непатрэбнай гавэндзе з безнадзейным хадэцкім графаманам, якога нехта прыслаў да мяне з "Шляху моладзі". Трэба было б уставіць у ранішнюю малітву словы: "Згінь навекі ўсё, што перашкаджае ў працы!"

27/I

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже