Хіба нідзе не дзьме такі пранізлівы вецер, як на Звярынецкім мосце і на Лукішскай плошчы. Адзіны ратунак – уцячы пад заслону камяніц. Каля рэстарана "Зацішша" мяне спыніў крык газетчыкаў:

– Надзвычайны дадатак "Кур’ера"!

– Стрэлы ў судзе! Стрэлы ў судзе!

За пяць грошаў я купіў газету. У мігатлівым святле ліхтара прачытаў: "Дня 27/1 г. г. у акружным судзе ў Вільні разглядалася справа Раісы Колен і іншых 17 асоб, абвінавачаных у прыналежнасці да КПЗБ.

Падчас паказанняў Якуба Стральчука з публікі, якая знаходзілася ў зале суда, падышоў да сведкі малады чалавек і, схапіўшы яго левай рукой за каўнер пінжака, 4 разы выстраліў у Стральчука з рэвальвера, які трымаў у правай руцэ, потым кінуўся ўцякаць да дзвярэй, якія ў гэты час былі адкрыты, бо перад гэтым толькі што выйшаў служачы суда Голанд.

За "замахоўцам" кінуліся паліцыя і работнікі следчай службы, ад якіх ён адстрэльваўся, раніўшы ў нагу адну асобу… 3 галоўнага вестыбюля ён павярнуў на лесвіцу, накіроўваючыся да выхада з суда, але паліцыя яго раніла, і ён зваліўся на сходах. Чалавек гэты аказаўся Сяргеем Прытыцкім…". Пра падобныя факты было вядома і раней, але тут было нешта нязмерна большае. Якім трэба было быць мужным рэвалюцыянерам, каб адважыцца ў самым логавішчы ворагаў выканаць прысуд над здраднікам!

Я некалькі разоў прабег вачыма скупую інфармацыю Польскага тэлеграфнага агенцтва (ПАТ), надрукаваную вялікімі літарамі на ўсю старонку газетнага ліста. Хацелася пра ўсё гэта даведацца дакладней. Але я больш нічога не знайшоў, а другая старонка газеты, на жаль, была пустая.

Пакуль у гэту сырую, імглістую ноч прыцягнуўся ў сваю кануру, гаспадыня, і яе дачка Оля, і іх госць, былы царскі афіцэр Рагозін, – усе ўжо чулі пра падзеі ў судзе. Следам за мною прыйшоў з гэтай весткай і Сашка Хадзінскі.

Рагозін, аказваецца, піша вершы і нават друкуе ў эмігранцкіх газетах. Ён хацеў пазнаёміць нас са сваёю творчасцю. Толькі сёння – не да яго вершаў. Калі ўсе паразыходзіліся, пагасіўшы святло, мы яшчэ з Сашкам доўга не маглі заснуць, усё гаварылі пра гэты гераічны подзвіг Сяргея Прытыцкага.

29/I

Хадзіў у заезны двор, што каля крытага рынку – гуляў, дзе спыняюцца возчыкі з таварамі мядзельскіх купцоў і з нарачанскай рыбай. Знаёмы крамнік Носька прывёз мне пасылку з дому: кавалак свежага сала (відаць, закалолі кабана), некалькі сухіх сыроў і бацькаў пінжак, які яшчэ можна насіць.

Не люблю я гэтага стар’я: то яно зацесна, то завяліка. Заўсёды ў ім выглядаеш як пудзіла. Ніяк не магу ўзбіцца на вопратку свайго памеру. У нас, каб купіць што новае, раз дваццаць будуць абмяркоўваць на сямейным савеце і – часцей за ўсё – гэту справу адложаць да наступнага фэсту. Помню, калі яшчэ вучыўся на меліярацыйных курсах, аднойчы да таго данасіў свой абутак, што не было ў чым ехаць у Вільню. Далі мне тады бабчыны брызентавыя, на гумавай падэшве пантофлі, якія яна прыпасала сабе на смерць. Я іх і тыдня не панасіў, як яны разляцеліся на маіх нагах, і, пакуль прыслалі новыя, некалькі дзён не хадзіў на практычныя заняткі з тэадалітам ды іншымі каморніцкімі прыладамі.

На заезным двары пазнаёміўся з некаторымі возчыкамі з Гатавіч і Пасынак, з Баяраў. Харошыя хлопцы. Прасілі, ці не мог бы я дзе дастаць ім беларускіх кніг, газет. Дамовіліся, што яны перад ад’ездам зойдуць да мяне, а я пастараюся нешта для іх падрыхтаваць. Далі мне некалькі адрасоў, на якія трэба будзе выслаць "Нашу волю". Каля акруговага суда зноў поўна паліцыі: пачаўся новы працэс над групай камуністаў на чале з Ш. Хмельнік.

30/I

Захапленне – у нашым заходнебеларускім літаратурным асяроддзі – урбанізмам, тэхнікай, астранамічнымі сюжэтамі (на што адзін час перахварэў і я) было смешнай данінай модзе, занесенай усходнімі і заходнімі вятрамі ў краіну курных хат, скрыпучых сох, лапцей і лучыны. А пакуль што некранутай цаліной у нас ляжыць гістарычная тэма, чакаючы свайго Вальтэра Скота, Сянкевіча…

Мне здаецца, калі пачынаеш пісаць, самае цяжкае бывае – навучыцца на ўсё глядзець сваімі вачамі і выпрацаваць у сабе мастацкае пачуццё меры ва ўсім.

2/ІІ

Толькі паўгадзіны засталося да поўначы. Здаецца, можна лічыць дзень закончаным без неспадзяваных прыгод і гасцей. А мо яшчэ рана? Помню, аднойчы расказала мая маці, як іх задубенскі сусед за куцейным сталом казаў: "Вось цяпер, каб і як цяжка захварэў, дык да Новага года неяк дацягнуў бы", – і тут жа, бядняк, удавіўся косткай.

3/ІІ

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже