Быў з Путрамантам у Саюзе польскіх пісьменнікаў, дзе ён пазнаёміў мяне з Марыянам Чухноўскім. Народу сабралася столькі, што цяжка было знайсці нейкае вольнае месца не толькі ў зале, але і ў калідоры. Чухноўскі чытаў фрагменты з паэм: "Цяжкая біяграфія", "Смерць і паводка", "Жанчыны і коні". Путрамант, здаецца, збіраецца нешта напісаць аб гэтым вечары і аб паэзіі Чухноўскага для газеты "Папросту". Чухноўскага ён лічыць адным з самых здольных і цікавых сучасных польскіх паэтаў. Мне ж здаецца, што хоць яго вершы арыгінальныя, пранізаныя рэвалюцыйным духам, пахнуць потам і сырой зямлёй – замала маюць у сабе паэзіі. Можа, я памыляюся як чалавек, выхаваны на зусім іншых паэтычных канонах і традыцыях. Трэба будзе яшчэ раз уважна самому прачытаць усе гэтыя творы, якія на ўсіх зрабілі вялікае ўражанне.

Аж сорамна прызнацца, што, столькі разоў праходзячы міма старажытных базыльянскіх муроў, дзе размясціліся Беларуская гімназія, інтэрнат, музей і духоўная семінарыя, я да гэтага часу не знаў, што побач – цэля Конрада, у якой калісьці сядзеў арыштаваны Адам Міцкевіч і ў якой зараз знаходзіцца аддзяленне Саюза польскіх пісьменнікаў. I сёння гэтыя масіўныя сцены, цяжкія скляпенні, змрочныя калідоры напамінаюць астрог.

У рэдакцыі "Нашай волі" пазнаёміўся з рабочымі шкляной гуты "Неман", дзе зараз каля 700 чалавек аб’явілі забастоўку. Яны прывезлі цікавы матэрыял для газеты аб цяжкім становішчы рабочых на гэтым прадпрыемстве пана Столле. Ад К. даведаўся, што заўтра пачынаецца працэс над 11 чалавекамі з Глыбокага, абвінавачанымі ў прыналежнасці да КПЗБ.

9/II

На світанні прыехаў Д. Снежныя бураны, казаў, зусім замялі маю Мядзельшчыну. Ледзь змог дабрацца да вузкакалейкі. У Лынтупах паліцыя зрабіла ў яго рэвізію, але нічога не знайшла, адпусціла. А вёз ён важную навіну – аб выступленні рыбакоў у Пасынках, Чараўках і Купе…

Прыйшло пісьмо з дому. Бацька скардзіцца на зіму: да гэтага часу не ўмерзла балота і з Нявераўскага не могуць вывезці сена. Некаторыя ўжо не маюць чым карміць скаціну. Усе моляцца, каб хутчэй насталі маразы, а то і ў лес няма доступу.

20/II

У польскай газеце "Папросту" змешчаны кароткія аўтабіяграфіі М. Васілька, мая, нашы вершы.

Гэту сваю першую аўтабіяграфію ("Этапы") я даўно падрыхтаваў быў для свайго зборніка, але яшчэ ніхто не ведае, калі ён выйдзе ў свет. Гэта адзін з першых маіх празаічных твораў, калі не лічыць некалькіх апавяданняў у рукапісных ды іншых канфіскаваных часопісах і пасланых у 1933–1935 гг. нарысаў у польскія левыя газеты, нарысаў, аб лёсе якіх я нічога не ведаю.

Кожная гісторыя – пакуль стане гісторыяй, абапёртай на факты і дакументы, – пачынаецца з легенды ці казкі. Біяграфія – гісторыя чалавека. I я пачынаю яе з успамінаў казак сваёй маці. Да таго, юнацкія гады – гэта гады станаўлення характару чалавека, і, можа, таму на працягу амаль усяго жыцця часта да іх вяртаешся.

Сусветная вайна. Быў малы, зламаў руку. Фронт наблізіўся да нашай вёскі. Маці захінула мяне ў даматканую хустку, закінула на плечы торбу сухароў, чайнік і далучылася да абозу бежанцаў.

Дзвінск. На станцыі натоўп. Салдаты, раненыя. Матка пайшла ўзяць вару. Нехта ў шынялі падышоў да мяне.

– Як цябе завуць?

– Жэня… Цукру мама казала не браць, і рука ў мяне баліць…

Бацька пазнаў мяне па дамашняй хустцы.

Масква. Маці нейкі час служыла ў папа, потым – у палкоўніка, праз нейкі час перайшла на ваенны завод. Жылі далёка на прадмесці, у змрочным падвале займалі койку. Разам жылі чатыры сям’і бежанцаў.

Пра ўсё гэта мне апавядала маці. Праўда, апавяданне яе было шмат даўжэйшае. Знасіў бы не адну пару лапцей, пакуль дакончыць.

1922 год. Нехта разбудзіў мяне: "Граніца!" Праз акно таварнага вагона я ўбачыў цёмную дажджлівую ноч, у бездань якой памалу заглыбляўся наш цягнік. Аднастайна гулі калёсы і шумеў дождж. Нехта стаяў пад ліхтаром, махаў на развітанне рукамі, нешта крычаў. Але хутка знікла ўсё. Толькі дождж ды мацнейшы лёскат калёс.

– Прыехалі! – пачуўся нечы голас у цёмным вагоне.

– Вось і Польшча каханая! – сказаў рабочы з Варшавы. У 1932 годзе я сустрэў яго на этапах.

Школа. Помню вершык:

– Kto ty estes?

– Polak maly.

Я тады пасвіў кароў, але адказаць, што я – пастух, баяўся лінейкі.

Больш неспадзявана для сябе, як і для другіх, я пачаў пісаць вершы.

…Ляці туды, песня,

Дзе бразгаюць путы,

Дзе край мой бяздольны

Кайданамі скуты,

Дзе гора смяецца,

Дзе песні пакуты,

Дзе звоніць астрожная сталь.

За гэтыя вершы я хутчэй зляцеў з Парнаса, як на яго ўзабраўся.

Чуў, некаторыя гаварылі: "I я пісаў вершы… Гэта такая пераходная хвароба…". Але не было каму лячыць, так і застаўся паэтам. Потым? Пісаў і пішу. Праўда, шмат маіх вершаў згубілася ў актах судовых спраў, а яшчэ больш засталося ў астрозе ў маіх таварышаў.

24/II

Ад рэдактара В. Склубоўскага даведаўся, што акруговы суд зняў канфіскату з 1(2) нумара "Нашай волі". Правёў на вакзал Міхася Васілька. Бачыўся з Паўлікам. Прачытаў ён мне напісаны ім вялікі артыкул "Яшчэ да абновы хрысціянскай дэмакратыі", у якім крытыкуе праграму хадэцыі.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже