З пісьма А. П.: "У нашай Лідзе з 30 снежня бастуе 720 рабочых "Ардаля". Некаторыя даўно ўжо не маюць што есці… Трэба дапамагчы бастуючым…". Бастуюць вазакі ў Дзятлаве… Прайшлі мітынгі ў Засецці і Ахонаве.

Ад Н. прынёс цэлы жмут часопісаў і газет: "Левы тор", "Тыдзень работніка", "Пшэкруй тыгодня", "Левар", "Нова весь", "Ютро хлопске".

Аж сэрца радуецца, чытаючы гэту баявую народна-франтавую прэсу. Агулам, за апошнія дні прыдбаў шмат цікавай літаратуры. А калі да ўсяго дадаць яшчэ і два тамы У. Леніна на польскай мове, якія падарыў мне Паўлік, дык я, у нашых умовах, магу лічыцца сапраўдным багачом.

25/II

Прачытаў Паўліку некалькі сваіх новых твораў. больш за ўсё яму спадабаўся верш "Спатканне", хоць гэты верш, заўважыў, яшчэ не закончаны. Я доўга з ім спрачаўся, не згаджаўся з яго крытыкай, і агулам – з крытыкай, без якой у старажытныя часы жылі і тварылі нашы папярэднікі. Усё ж, вяртаючыся на сваю Сняговую вуліцу, я больш спакойна прадумаў свой верш і мусіў прызнаць рацыю апанента. Сашка ўжо спаў. А я ўзяўся дапрацоўваць "Спатканне". Заўтра пры сустрэчы мне хацелася б прачытаць Паўліку гэты верш у новай рэдакцыі.

Апошнія дні, як галодны на хлеб, накінуўся на прэсу. Чытаю "Вядомосці літэрацке" – газету з такім невыразным палітычным абліччам, што хіба другой такой зараз і не знойдзеш. Але рэдагуецца яна на вельмі высокім мастацкім узроўні. Амаль у кожным нумары можна знайсці нешта цікавае. Удалося ў маіх польскіх сяброў дастаць "Левар" № 7, у якім прачытаў надзвычай актуальны і цікавы артыкул "Аб выразнай платформе паразумення". Адразу ўзяўся перакладаць для "Нашай волі".

"…Незалежна ад тых разыходжанняў, якія нас раздзяляюць у палітыцы, філасофіі, мастацтве, незалежна ад мовы, на якой творым, – мы выступаем разам у адзіным фронце з масамі. Выступаем супроць пазбаўлення народа яго палітычных правоў. Змагаемся супроць нацыянальнага прыгнёту, супроць усякіх спроб распаліць пажар вайны. Салідарызуемся з пастановаю Парыжскага Кангрэса пісьменнікаў у абарону культуры. Змагаемся супроць рэакцыі на фронце культуры, супроць ліквідацыі асветы, супроць недапушчэння шырокіх мас да навукі. Змагаемся за свабоду слова, за незалежнасць пісьменніка ў яго працы. Заклікаем усіх незалежных пісьменнікаў і работнікаў мастацтва да салідарнасці з намі ў абароне прагрэсу, міру і культуры…".

Пад гэтым дакументам падпісаліся рэдакцыі польскіх газет: "Левар", "Новы тор", "Нова весь" і "Папросту".

На стале – незакончаны пераклад верша Віктара Гамуліцкага (1851–1919) "На Белай Русі". Пачатак мне не вельмі падабаецца, але канец гэтага верша прыгожы і прарочы. А быў ён, здаецца, надрукаваны ў 1908 годзе – за шмат год да рэвалюцыі.

…О беларускі люд! Калі міне ўсё гора,

Шчасліваю парой

Пачуецца у злучаным славянскім хоры

Свабодны голас твой.

I будзе твой сардэчны голас,

Як птушак ранні спеў, вясёлы

I звонкі, як жытнёвы колас

На ніве залатой…

26/II

Месяц люты пад канец апраўдаў свае імя. Апошнія дні мароз падскочыў амаль да 30°. Днём глядзеў юбілейную выстаўку фотаздымкаў прафесара Яна Булгака, а вечарам у тэатры "Рэдута" несмяротнага "Рэвізора" М. В. Гогаля. У фае тэатра сустрэў К., у якой заўсёды пазычаў усе навінкі ўкраінскай літаратуры. Абяцала дастаць для мяне "Успаміны палітзака" А. Гаўрылюка.

Чуваць, на маёй Мядзелынчыне некалькі сялян паліцыя арыштавала, а некаторых аштрафавала за слуханне радыёперадач з Мінска. Сваткаўскі камендант гразіў: калі сяляне і далей будуць слухаць гэтыя перадачы, ён загадае "пассякаць усе атручаныя камуністычнай прапагандай антэны…".

9/III

У студэнцкім інтэрнаце на Бакшце сустрэўся з Е. Путрамантам. Ён падарыў мне свой зборнік вершаў. Справакавалі мяне, каб я прачытаў некалькі сваіх твораў. Пачаліся спрэчкі. У Путраманта было шмат слушных заўваг і па маіх вершах, і па вершах паэтаў – Машары, Александровіча, Васілька, Дубоўкі, Пушчы, Лужаніна. Мне здаецца, Путрамант больш цвяроза глядзіць на нашу паэзію, як яго апаненты. Ён, як чалавек свежы, бачыў тое, чаго мы самі не заўважылі. Праўда, польскім сябрам наша паэзія, звязаная з вызваленчай барацьбой народа, здаецца крыху архаічнай. Для іх гэта – пройдзены этап. У нас жа і любоўная лірыка не існуе ў чыстым выглядзе. Дзівіць многіх яшчэ і тое: адкуль у нас столькі паэтаў? Амаль кожны дзесяты – піша вершы. А з часам, я ўпэўнены, толькі адзін з дзесяці не будзе іх пісаць. Што да модных плыняў, яны, будучы моднымі, нівеліруюць таленты. Пасля сённяшніх спрэчак радаваўся, што я не захапіў з сабой сваіх ранейшых вершаў – вельмі слабых. А галоўнае – што я іх не паспеў нідзе надрукаваць. Трэба будзе ачысціць і мой пількаўскі архіў ад гэтых вершаў ды розных малюнкаў, якімі адзін час займаўся больш, як паэзіяй. Сёння доўга сядзелі з Гарасімам над газетнымі матэрыяламі. Дастаў для яго Траццякова і Бабеля. Да Пагулянкі ішлі з ім разам. Потым рассталіся. У яго надзвычайная здольнасць апранацца і выглядаць "як усе". Я ішоў па другой старане вуліцы і не мог яго адрозніць ад іншых прахожых.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже