Вечарам са сваім таварышам гімназістам зайшоў да мяне М. Мінкевіч. Шкада, што для іх у мяне не было ніякай цікавай літаратуры, акрамя некалькіх народнафрантавых польскіх газет. Была пара кніг Я. Віктара: "Арба на цаліне" і "Вербы над Сенай", але я іх яшчэ і сам не чытаў.
Перапісваю расказ Стаха, які хачу ўставіць у сваю "Нарач".
"Не знаю, колькі часу, уцёкшы з-пад канвою, ляжаў я ў Гатаўскім бары, паранены і знясілены. Лес, які нада мной шумеў, здаваўся мне чорным. У сухім ападзе ігліцы капашыліся мураўі. Некалькі іх успаўзло на маю руку. I вось тут упершыню мяне ахапіў страх: я іх бачыў, але не чуў іх дотыку".
12/III
Дзядзька Рыгор, Міхась, Васілёк і я былі ў Зданоўскіх. Яны прынялі нас надзвычай сардэчна. Дзядзька Рыгор – іх стары знаёмы. Жонка Эдмунда Зданоўскага, пані Боля – невялічкая, чарнявая, з прыгожымі і разумнымі вачамі – пачала завіхацца каля фотаапарата, каб нас зняць. У іх мастацкай майстэрні ўсе сцены завешаны партрэтамі пісьменнікаў, артыстаў, кампазітараў, цудоўнымі пейзажамі Віленшчыны і асабліва майго наднарачанскага краю. Некалькі пейзажаў гаспадары падарылі нам для нашых часопісаў.
Зданоўскія спадабаліся і Міхасю Васільку.
– Відаць, харошыя і культурныя людзі,– казаў ён, калі мы потым ішлі на сустрэчу з Паўлікам. – Сярод шматлікіх партрэтаў – ты заўважыў? – ніводнага не бачыў дзяржыморды.
14/III
Атрымаў запрашальны білет на "Вечар беларускай паэзіі і песні", які адбудзецца 15 сакавіка ў зале Снядэцкіх.
Учора, відаць, прастыў, покуль прачытаў у вітрыне ўвесь нумар газеты "Ілюстраваны кур’ер цодзенны". Галава аж трашчыць. Каб толькі перад вечарам не зваліла якая хвароба.
Пералістаў новы зборнік вершаў Н. Даўно ўжо ён нічога ў паэзіі не адкрывае. У лепшым выпадку працягвае рабіць тое, што рабілі некалі, толькі значна лепш, яго папярэднікі. У яго столькі старога рэквізіту, пачынаючы ад рыфмаў, рытмаў і вобразаў, што не трэба быць правідцам, каб прадказаць падобнай паэзіі не вельмі доўгі век жыцця. Агулам, трэба прызнаць, што надзеі нашай літаратуры – не ў тых, каму сёння спраўляюць гучныя юбілеі, а ў тых, пра каго яшчэ нельга гаварыць на ўвесь голас.
У ацэнцы літаратурных твораў у нас існуюць дзве меры: адна – беларуская, другая – еўрапейская. Паводле першай – усе выдатныя, усе класікі. Паводле другой… Другой пакуль што няма каго і мераць. Можна было б напісаць на зборнік Н. кароткую рэцэнзію: чытаць раім толькі таму, у каго ёсць у жыцці некалькі лішніх гадзін…
Гаспадыня ўзялася мяне лячыць наварам ліпавага цвету. Цэлы чайнік выпілі мы з Сашкам гэтага досыць прыемнага і духмянага зелля.
15/III
Наведалі знаёмыя хлопцы са Сватак. Расказвалі, што іх выклікаў камендант паліцыі, угаворваў, каб яны не выпісвалі "Нашай волі", бо гэта – газета камуністычная. I яшчэ дзве навіны з маёй Мядзелынчыны: першая – нехта павыварочваў усе крыжы на Кальварыі; другая – аб неспадзяваным банкруцтве сваткаўскага Янкеля, у карчме якога, як гаварыла старая пагудка, калісьці Юда прапіў свае трыццаць срэбранікаў. I калі выходзіў – абапёрся на стол, на якім потым застаўся чорны, як выпалены, след яго пальцаў.
Трэба было б напісаць нешта пра гэту карчму, у якфі мы з бацькам часта затрымліваліся, калі ехалі ў Княгініна, ці ў Вілейку, або на фэст.
Змораны, позна вярнуўся з літаратурнага вечара дамоў. Чытаў "Спатканне", "Да дня", "У маршы", а на "біс" – "Акт першы". Калі падхапілі мяне студэнты і пачалі падкідаць, я больш за ўсё баяўся, каб хаця на маім азадку не распаўзліся старыя, яшчэ на Лукішках працёртыя штаны.
На вечары была амаль уся віленская беларуская калонія, шмат прадстаўнікоў польскай, яўрэйскай, літоўскай інтэлігенцыі і асабліва шмат моладзі – студэнтаў, гімназістаў.
17/III
Прынёс Паўліку пяты нумар "Спраў наўчыцельскіх" з артыкулам нейкага чарнасоценца А. Аўчынніка "Школьнае пытанне на Віленшчыне", у якім аўтар выступаў супроць літоўскіх і беларускіх культурна-асветных арганізацый і школ. Відаць, трэба будзе даць адказ на гэты опус. Сёння ў дзядзькі Рыгора пазнаёміўся з апошняй рэдакцыяй "Адозвы да беларускага народа", заклікаючай змагацца за родную школу. Не знаю, ці праскочыць гэта адозва праз ігольнае вушка цэнзуры, хоць у ёй, здаецца, зараз нічога няма "выўратовага". Паўлік дужа рад, што ўдала прайшоў літаратурны вечар і што мы з Міхасём Васільком надалі яму наша, рэвалюцыйнае гучанне. Відаць, ад Міхася, чорт, даведаўся пра мае клопаты са штанамі і тут жа вынес рашэнне – купіць новыя. Помню, недзе чытаў, што ў магната Каўнацкага было сто пар панталонаў. Вось гэта магнат! Заўтра пайду на Нямецкую вуліцу і падбяру сабе што людскае, у чым можна было б выйсці і да танцу, і да ружанцу. Бо сёння закрыты амаль усе магазіны ў горадзе ў знак пратэсту супроць антысеміцкіх выступленняў эндэкаў.
Праўда, нейкі лорд самым важным лічыў не штаны, а ўменне надзяваць капялюш: "Прашу вас помніць перад усім аб прыемным схілянні плячэй, бо гэта, разам з умелым надзяваннем капелюша і падаваннем рукі, ёсць усё, што павінен ведаць чалавек далікатны".
Трэба будзе набыць і капялюш!