Вечарам на двары разбрахаліся сабакі. Думаў – зноў да мяне ідуць паўночныя госці.

20/III

Раніцай з Міхасём Васільком сустрэліся ў рэдакцыі "Нашай волі". У сённяшнім нумары газеты надрукавана наша пісьмо, у якім мы адмаўляемся ад супрацоўніцтва ў "Маладой Беларусі", бо не згаджаемся з палітычнай лініяй гэтага часопіса. Згодна з дамоўленасцю, "Маладая Беларусь" павінна была быць часопісам прагрэсіўным, больш перадавым, як "Калоссе", дзе вельмі адчуваўся ўплыў клерыкальных колаў хадэцыі. Але людзі, з якімі ў свой час вёў Трахім перагаворы, замоцна былі прывязаны сваёй пупавінай да рэакцыі, каб пайсці на нейкае супрацоўніцтва з намі.

Відаць, наша пісьмо паставіць крыж на ўсёй гэтай гісторыі, бо з нашым выхадам часопіс не зможа існаваць. А такі, якім ён з’яўляецца зараз, нікому не патрэбны.

Перад паездкай у Варшаву, каб не адрознівацца ад сталічных франтаў, па парадзе Паўліка, я купіў сабе за 5 злотых капялюш. Толькі не такі, які трэба. Заўтра пойдзем з Міхасём Васільком яго абменьваць. Выбіраў я яго вечарам, таму цяжка было падабраць патрэбны колер да майго, з саматканай шэрсці, паліто. Я, здаецца, буду другім чалавекам з Пількаўшчыны, які надзеў капялюш. Першым быў мой сусед Мікалай, якога празвалі Ксяндзом, бо жыў халасцяком. Аднойчы ў Мядзеле – відаць, пад п’яную руку – прыдбаў ён сабе капялюш і пайшоў касіць. Горача было. Закурыў. Толькі забыў пагасіць губу, якую разам з капелюшом паклаў на пакосе. Пакуль агледзеўся – выгарала ўсё днішча. Не ведаю, які будзе лёс майго капелюша.

Вечарам з Міхасём Васільком былі ў кінатэатры "Пан", дзе ішоў цікавы фільм "Давід Каперфільд". Перад сном прачытаў зборнік вершаў Е. Путраманта "Учора вяртанне". Узяўся за Конрада. Не падабаецца. Ніяк не магу ў яго ўчытацца.

21/III

У нас вельмі цяжка стаць пісьменнікам, вядомым замежнаму чытачу, хоць ёсць такія таленты, якімі мог бы ганарыцца любы народ – малы ці вялікі. Справа ў тым, што кожны з нас мусіць біцца над рознымі пакінутымі праклятай спадчынай пытаннямі – пытаннямі, якімі ўжо даўно перасталі цікавіцца на Захадзе. 3 рэдакцыі прывалок з дзесятак лістоў. Трэба было б на іх адказаць, а тут не толькі на маркі, але і на хлеб няма грошай. Хай паляжаць да лепшых дзён. Дый не люблю я займацца эпісталярнай літаратурай – гаварыць з чалавекам, якога не бачыш. А горш за ўсё – як я ўжо не раз пераканаўся, – амаль уся мая карэспандэнцыя праходзіць праз рукі розных цэнзараў, а часта і зусім "губляецца".

22/III

Вечарам з Гарасімам заглянулі на Завальную, у рэдакцыю хадэцкага "Шляху моладзі", каб дамовіцца аб надрукаванні на старонках гэтага часопіса "Дэкларацыі правоў маладога пакалення". Супрацоўнікі "Шляху моладзі" ўпіраюцца, адмаўляюцца друкаваць, нібы па той прычыне, што ў гэтым дакуменце нічога не гаворыцца аб правах нацыянальных меншасцяў.

– Заўвага слушная, – згадзіўся Гарасім. – Але трэба ўлічыць і тое, што, закрануўшы яшчэ і нацыянальнае пытанне, мы пахаваем Дэкларацыю – яна не пройдзе праз цэнзурныя рагаткі. Вы гэта самі добра знаеце і не выпадкова ў сваім друку яго дыпламатычна абыходзіце.

Відаць, хадэкам не асабліва хочацца ўвязвацца ў палітычную кампанію з левымі. I сённяшняя сустрэча не ўнесла ніякай яснасці ў нашы перагаворы. Да таго, яшчэ перашкодзіла і паліцыя, якая прыйшла па тыраж нейкай канфіскаванай брашуры. Мы з Гарасімам хутчэй пастараліся выбрацца з небяспечнай пасткі, у якую выпадкова трапілі. На радасцях забеглі ў нейкую сталовую каля Рыбнага рынку ды выпілі па куфлю піва, хоць я і не люблю гэтага піва. Помню, калісьці мяне ўпершыню пачаставаў ім крывіцкі лясны купец Гавэнда, якога я вазіў у Мядзел. I мне яно здавалася такім нясмачным, што я ледзь дапіў сваю шклянку. А пачаставаў ён мяне за тое, што я старым мядзельскім яўрэям, якія распытвалі ў мяне пра купца, не сказаў, што ён есць свініну і, калі бывае ў нас, сталуецца разам з усімі. Гавэнда тады пахваліў мяне, абазваўшы сваіх адзінаверцаў талмудыстамі і хасідскімі дурнямі.

Нешта не хацелася вяртацца дамоў. I я пайшоў, пятляючы, па апусцелых завулках. Уночы горад выглядае іншым – нейкі таямнічы, незнаемы. Замест прахожых сустракаеш толькі цені, цені і цені – велізарныя, фантастычныя, дзівосныя. Адны з іх маўкліва сочаць за табой, другія стараюцца цябе затрымаць, трэція – самі палахліва туляцца ў шчыльна зачыненых пад’ездах і брамах…

24/III

Трагедыя ў Кракаве: паліцыя расстраляла дэманстрацыю рабочых "Сэмперыта". Сёння павінен сустрэцца з Паўлікам. Ён, напэўна, больш ведае аб гэтай крывавай падзеі, якая разыгралася не на нейкіх "скамунізаваных крэсах", а пад сценамі старога Вавеля, Сукеніц, Барбакана – у старой сталіцы карэннай Польшчы, у адной з цытадэляў сучаснай рэакцыі. Выступленне кракаўскіх рабочых мацней за гейнал з Марыяцкай вежы прагучыць ва ўсіх кутках краіны, заклікаючы народныя масы да барацьбы супроць санацыйнага фашызму.

У адной з урадавых газет сустрэў цікавы curicsum: з’явіліся "палякі іўдзейскага і праваслаўнага веравызнання"… Якое новае і геніяльнае вырашэнне нацыянальнага пытання!

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже