Е. Путрамант падарыў мне сваю цікавую кнігу "Структура навел Пруса", якая толькі што выйшла з друку. Трэба будзе ў П. Сергіевіча даведацца, хто такая А. Рамярова. Бачыў я некалькі рэпрадукцый з яе карцін, якія пакінулі незабыўнае ўражанне. Усе яны напісаны на нашы, беларускія тэмы. У Парыжы, у Лондане, Бруселі вялікім поспехам карысталіся выстаўкі яе карцін.
25/III
Пачаўся працэс т. зв. "Малой грамады". Не знаю, ці ўдасца мне на яго пайсці, бо ў залу пасяджэння суда пускаюць толькі па пропусках. Ды і Паўлік не раіць мне паказвацца на вочы пракурору Пятроўскаму і яго зграі памагатых. Лю выклікана на працэс сведкай. Добра, што ў час паспела прыехаць з Варшавы.
Нейкі каменны спакой на вуліцах. На другой старане Віллі – сосны, зацягнутыя густой імглой. Вечарам узяўся за верш, які каторы дзень ніяк не магу закончыць. Трэба будзе не забыць, калі буду дома, запісаць ад маёй бабкі легенду пра Мікасецкую Чорную гару. Занатоўваю рыфмы: няпрошаны – гарошыны, у саду мы – думы, асака – звысака, белае – беглае, пасланцом быў – бомбы, зялёнага шартрэза – марсельеза – жалеза, сам у рай – самурай… Некалі, можа, гэтыя рыфманарыхтоўкі прыдадуцца мне ці маім нашчадкам, калі апошнія не адмовяцца ад рыфмаванай паэзіі.
Усе гэтыя дні жыву па праграме Плутарха, які раіў душу трэніраваць горам, а страўнік – голадам. Прызнацца, праграма не дужа прывабная…
5/ІV
Апошнія дні па ўсёй Вільні прайшла хваля арыштаў і рэвізій. Еду ў Варшаву. Узяў з сабою ў дарогу цікавую аповесць I. Рота. Ён, здаецца, да канца свайго жыцця быў заядлым католікам і манархістам. Сусед мой па купэ – нейкі пажылы карпарант, відаць, адзін з тых вечных студэнтаў, – убачыўшы ў мяне кнігу знаёмага і, можа, блізкага яму па духу аўтара, пачаў расказваць, як ён пазнаёміўся ў Аўстрыі са сваячкай Рота… На першым прыпынку падсуседзіўся да нас цыган – загарэлы, плячысты. Чамусьці прыйшлі на памяць радкі Рэмбо: "Хлопец не любіў бога, а толькі людзей чорных…". Варшава прывітала мяне такой непагодай, што мусіў забегчы ў першую лепшую чайную, каб крыху пагрэцца. Потым доўга блукаў па горадзе, шукаючы начлегу. Да таго яшчэ забаставалі трамвайшчыкі. Толькі дзякуючы сваім трывалым і натрэніраваным нагам я змог некалькі разоў абысці Прагу, Стары горад, Жалібож. Можа, таму мне і не спадабалася Варшава. Дождж, вецер, гразь. Ды і я, не знаючы горада і асцерагаючыся непажаданых сустрэч, больш блукаў па завулках прадмесцяў і не бачыў самых прыгожых кварталаў. Вечарам, калі сустрэўся з С. на Чарняхоўскай вуліцы, ногі мае нылі так, як пасля пераходу з Лукішак у Пількаўшчыну. Шкада, што не змог пабачыцца з Лю, хоць некалькі разоў праходзіў міма яе дома. Начаваў у шаўца К. Пакой стары, непрытульны. Яшчэ горшы за маю кануру на Сняговай вуліцы. Каб хутчэй заснуць, пачаў складаць у памяці верш: "У Вальпарайза – даліне райскай…". А што далей? Далей – трэба было б пабачыць Вальпарайза… Няспынна за акном грымяць машыны.
6/ІV
Дэлегацыя наша складаецца з трох чалавек. Ад імя моладзі Гродзеншчыны мы перадалі ў рэдакцыю "Работніка" мемарыял аб зверствах паліцыі, аб катаваннях людзей, якія дамагаліся адкрыцця беларускіх школ. Наведалі пасла Дзюбуа. Ён паабяцаў нам дапамагчы апублікаваць нашы матэрыялы ў газеце. Дзюбуа я калісьці бачыў на адным з першамайскіх мітынгаў у Вільні, чуў яго палымянае выступленне ў Малой гарадской зале. Зараз, можа таму, што ён сядзеў за сваім рабочым сталом, здаўся мне меншым, не такім волатам, якім запомніў я яго на трыбуне. Ён, відаць, быў задаволены, калі я, развітваючыся, напомніў яму аб мітынгу ў Вільні і аб тым, якое незабыўнае ўражанне на ўсіх прысутных пакінула яго выступленне. Ад Дзюбуа мы накіраваліся ў Лігу абароны правоў чалавека і грамадзяніна, да Андрэя Струга. Але Струг быў хворы, і мы не змаглі з ім сустрэцца. А шкада. Струг мог нам шмат памагчы ў нашай місіі. Ды мне хацелася пабачыць яго як аднаго з выдатнейшых сучасных польскіх пісьменнікаў, як чалавека, які заўсёды мужна выступаў супроць расізму і антысемітызму, супроць сацыяльнай несправядлівасці і Картуз-Бярозы, смела дамагаючыся амністыі для палітвязняў і скасавання цэнзуры. Ён нават сваю грашовую прэмію г. Лодзі аддаў на развіццё рабочай прэсы…
Перад паездкай я прачытаў яго эпапею "Жоўты крыж". А. Струг – надзвычай цікавая і каларытная постаць на сучасным польскім Парнасе. Расстаўшыся са сваімі сябрамі, я адзін пайшоў блукаць па Варшаве. Дзе я толькі сёння не пабываў! Нават ля панурых муроў Павіяка, ля цытадэлі, ля помніка Шапэну…
Вечарам на Чарняхоўскай вуліцы ў фотаатэлье я сустрэўся з Д. Расказаў яму аб нашых сённяшніх справах. Потым разгаварыліся. Ён, аказваецца, добра знаў Сяргея Прытыцкага.
7/ІV
Купіў білет на цягнік Варшава – Вільня. Да адыходу цягніка часу шмат. Зноў пайшоў знаёміцца з горадам. Маршалкоўская вывела мяне да Саскага парку.