Неспадзявана апынуўся каля помніка Панятоўскаму, у якога ў правай руцэ – як пісаў Маякоўскі – меч, накіраваны на Усход. Абышоў яго разы тры. Неба было зацягнута хмарамі, таму не мог упэўніцца, дзе той Усход, якому грозіць гэты напалеонаўскі маршал. Помню, калісьці вучыў у школе, як адважна ён змагаўся і трагічна загінуў, паспеўшы перад смерцю, як усе героі, сказаць крылатыя словы, спецыяльна для ўсіх хрэстаматый і падручнікаў па гісторыі: "Бог мне даверыў гонар палякаў, яму я толькі яго і аддам!..". Можа, і я нешта ў падобным высокім стылі адказаў бы маршалу, але дождж змусіў мяне ратавацца пад дахам Захэнты, дзе ўпершыню на выстаўцы "Чорнае і белае" пабачыў Матэйку, Халмінскага, Косака і нейкі сімвалічны вобраз: "Падаючая зорка". Праз цемень космасу ляціць жанчына, а ў развеяных яе валасах – зорка.
У купэ ехаў адзін. Пакуль перагарнуў шматлікія старонкі святочнага нумара "Ілюстраванага кур’ера цодзеннага", наблізілася і поўнач. Відаць, я крыху прыдрамаў, бо нават не пачуў, калі селі ў суседняе купэ два паліцыянты і арыштаваны… Убачыў іх толькі, калі кантралёр пачаў правяраць білеты. Многія пасажыры цікавіліся: каго вязуць, куды? Але ўваход у купэ шчыльна засланяла шыракаплечая постаць паліцыянта з нумарам на шапцы 1545, і я, праходзячы міма, змог убачыць толькі цяжкія сялянскія боты і вузлаватыя скутыя рукі арыштаванага, што, быццам два паўшар’і зямлі, ляжалі на яго каленях.
Успомніў сваё падобнае "падарожжа пад эскортам" з Глыбокага ў Вільню вясной 1933 года. Толькі ехаў я тады ў перапоўненым пасажырскім вагоне, і, як паліцзйскія ні стараліся мяне ізаляваць, многія, даведаўшыся, што я – палітычны арыштаваны, прапанавалі мне свае папяросы і хлеб…
А ноч марудна цягнецца, золкая, цёмная.
Цягнік, відаць, ідзе з гары, бо перастук колаў усё часцейшы і часцейшы. Тэмп зліваецца з рытмам сэрца.
8/IV
Вярнуўшыся з рэдакцыі "Нашай волі", застаў пісьмо ад бацькоў. Нешта пачалі часта сніцца ўсе мае дамашнія, хата, дзедава пасека са стаяком, падобным да лесавіка, нават камяні ў Жукове. Шмат каму наш куток здаецца глухім. I сапраўды да нас са спазненнем даходзяць весткі з шырокага свету, а некаторыя – і зусім не даходзяць. Ды, працуючы на зямлі, і сам пачынаеш думаць, што няма больш важных вестак, як весткі аб пагодзе і ўраджаі, і імі пачынаеш даражыць найбольш. Нават чалавечае жыццё – не такое вечнае, як яны. Толькі праз некалькі месяцаў даведваюцца пількаўшчане аб зменах ва ўрадзе, баталіях у сейме, аб розных законах… Адны весткі аб новых падатках, хоць і дрэнныя дарогі, хоць паводкі часта размываюць грэблі і зносяць масты ды кладкі, прыходзяць у час. Што ні кажы – глухі куток. За лета нават куры да таго падзічэюць, што часта начуюць і нясуцца ў лесе ў кустах. Але нідзе я сябе так добра не адчуваў, як дома, са сваімі думамі, падобнымі да шумнага, гаманлівага кірмашнага натоўпу. Яны ніколі мяне і нідзе не пакідаюць. 3 імі нават у адзіночнай камеры на Лукішках я не быў самотны.
Вечарам дамовіліся з Е. Путрамантам сустрэцца ў студэнцкім інтэрнаце на вуліцы Бакшта. Я яму прачытаў некалькі сваіх апошніх вершаў. Адзін з гэтых вершаў – "На шляху дзікіх гусей" – ён узяў, каб перакласці на польскую мову. Вяртаючыся дамоў, зайшлі з ім у малачарню Гайбэра, што размясцілася ў падвале на вуліцы Міцкевіча, і з’елі па місцы кіслага малака з гарачай рассыпчатай бульбай. У "Гэліосе" ідзе новы фільм Ч. Чапліна "Новы час". Народу – не прабіцца.
9/IV
Зараз у віленскім літаратурным асяроддзі ідуць спрэчкі: як пісаць і пра што пісаць? Апошняе пытанне для мяне яснае, а вось як пісаць – аб гэтым трэба сур’ёзна падумаць. Міхась Васілёк, начытаўшыся маладнякоўцаў, прабуе на новы лад: "Шчэрыць сонца зубы над вёскаю, пакаціўшыся жоўтым смехам…". Я яму аднойчы сказаў пра гэта наследаванне няпэўным узорам, але адзін з крытыкаў узяў яго пад абарону. Праўда, і мне некалі падабаліся такія вершы. Я быў у захапленні ад радкоў Александровіча, у якіх паэт гаварыў сонцу: "Лепш не сунься са мной на нажы". 3 зайздрасцю думаў: "Вось чорт! Трэба ж так сказаць!"
Чытаю Э. Кіша. Падабаецца мне яго вострае і баявое пяро. Кіш вывеў рэпартаж з газетных задворкаў і падвальных сутарэнняў на шырокую вуліцу літаратуры. Старонкі яго кніг запоўнены не толькі цікавымі фактычнымі матэрыяламі – гэта ёсць і ў іншых, – але і кіпучай энергіяй, якая парывае цябе, як нястрымная плынь ракі. Заўтра абяцалі мне таварышы дастаць новыя рэчы У. Сінклера – пісьменніка "надзвычай уражлівага на кроў, пот і слёзы" (Д. Лондан). "Хігінса Джыма" мы ўсе чыталі як рэвалюцыйную адозву. За гэтай кнігай заўсёды ў бібліятэцы Таварыства беларускай школы на Новым свеце была
чарга.
10/IV
Думаў, што сустрэну П., але ён чамусьці не прыйшоў. Чакаючы яго, прачытаў невялічкі зборнік П. Труса "Вершы" (1925). Многія ў нас захапляюцца яго творамі, а мне яны здаюцца шматслоўнымі і таму – неглыбокімі. Некаторыя яго вершы так затканы арнаментам, як не затканы нават ручнікі, якімі накрываюць абразы.
…У блакітнай высі, цёмна-сінім моры,
Пагаслі зоры,
Зоры ды міганні.
А ў ружовых далях, ой, з-за лесу-бору