У санацыйных і хадэцкіх кругах носяцца з артыкулам А. Кучара, які абвініў Дарожнага ў тым, што той напісаў верш, выкарыстаўшы памер "Нацдэмаўскай лявоніхі". Я яшчэ не чытаў гэтага артыкула. Калі ж усё – праўда, дык крытыку, відаць, не хапіла ні пачуцця гумару, ні элементарнай логікі, бо аднолькавы рытм – і ў "лявонісе", і ў "камарынскім", які так цудоўна выкарыстаў А. Безыменскі ў сваёй "Трагедыйнай ночы".
Сёння, ідучы на Зарэчча, вывучаў вітрыны кніжных магазінаў. На адной побач са славутым "Швейкам" высіцца цэлая гара ўрапатрыятычных апавяданняў, аповесцяў. Я ўжо думаў, што як пасля Сервантэса перасталі пісаць рыцарскія раманы, так і пасля Гашака спыніцца паток гэтай нізкапробнай і фалыпывай літаратуры. Але ёй і канца не відаць. Не могуць без яе абысціся ні ў школах, ні ў казармах, ні ў касцёлах.
У кнігарні "Святога Войцеха" запытаўся Пруста. На польскай мове яшчэ няма.
Нешта не прыйшоў М. на сустрэчу. Гаспадыня ў яго – старая, хворая. Неяк не зручна з ёю гаварыць пра здаровых людзей. Аж ёй, здаецца, лягчэй, калі гаворыш, што кожнаму нешта дакучае.
Некалькі дзён гасціў у Вільні былы рэдактар "Нашай нівы" А. Власаў. Апошнія гады ён зусім адышоў ад палітыкі. Надзвычай цікавы чалавек. Я яго помню яшчэ, калі ў часе забастоўкі ў Радашковічах мы да яго прыходзілі (ён тады быў санатарам і канцэсіянерам гімназіі) і прасілі, каб ён выступіў у абарону нашых выключаных, арыштаваных за палітычную дзейнасць таварышаў. Ён абяцаў памагчы. Але цяжка і яму было нешта зрабіць. Школьныя ўлады разагналі нас, некаторых настаўнікаў, а праз нейкі час прыкрылі і нашу крамольную гімназію.
2/V
Ніколі мне не прыходзілася ўдзельнічаць у такой велізарнай і баявой першамайскай дэманстрацыі, якая ўскалыхнула ўчора ўвесь горад. Пад сотнямі чырвоных сцягоў, пад палымянымі лозунгамі Народнага фронту прайшлі дзесяткі і дзесяткі тысяч рабочых, моладзі – людзей розных нацыянальнасцей, партый, прафсаюзных арганізацый, патрабуючы працы і хлеба, міру і амністыі палітвязням, узмацнення барацьбы супроць рэакцыі, антысемітызму і фашызму…
Падчас майго выступлення на мітынгу ў зале Снядэцкіх уварваліся эндэкі, з якімі пачалася бойка. Але рабочыя і студэнты хутка іх разагналі. Толькі засталіся ад іх у фае і на лесвіцы паламаныя палкі ды бітае шкло.
Мне здаецца, яшчэ і сёння брук не астыў ад учарашняга магутнага поступу дэманстрацыі, а муры камяніц усё яшчэ звіняць ад рэвалюцыйных лозунгаў і "Інтэрнацыянала", які спявалі мы кожны на сваёй мове. 3 газетных звестак відаць, што вайна ў Абісініі набліжаецца да канца. Толькі ці задаволіцца гэтым фашысцкая ваўчыха?
12/V
Усю вясну прыхарошвалі горад. Ад Вострай Брамы на магільнік Роса праклалі новую трасу, уздоўж якой пафарбавалі ўсе дамы і платы. Апошнімі днямі тут вырас цэлы лес мачтаў, упрыгожаных сцягамі і палотнішчамі, пафарбаванымі ў колер ордэнскай стужкі "Virtuti Military". Вуліцы запоўнены натоўпамі школьнікаў, гарцараў, стральцоў, рознымі дэлегацыямі, якія прыехалі на пахаванне сэрца Пілсудскага. У сувязі з гэтай урачыстасцю, чуваць, у горадзе прайшла хваля арыштаў "выўратовых" элементаў.
У газеце "Слова" надрукавана Казіміры Ілаковіч велізарная "Літанія за маршалка Пілсудскага да Маткі Боскай Вастрабрамскай", у якой паэтэса гаворыць:
Маліся за яго, бо мы тут пры зямлі,
Маліся за яго, бо мы забруджаныя і пустыя
I зла ад дабра, а хлусні ад праўды не ўмеем адрозніць…
Хацела Казіміра Ілаковіч ці не, але ў гэтых словах яна сказала горкую ісціну аб людзях свайго пакалення, якое вырасла ў цяні "Мацарствовай" легенды, на якую сёння ўсклалі магільную пліту, аб людзях, якія "зла ад дабра, а хлусні ад праўды" даўно ўжо не ўмеюць адрозніць.
Раніцай на вакзале няспынна грымела музыка. Прыбывалі цягнікі з гасцямі, з прадстаўнікамі ўрада, з пасламі, сенатарамі, міністрамі. Я выйшаў на Вялікую вуліцу. Да Замкавай гары цягнуўся бясконцы паток людзей. Раптам каля ратушы пачуліся галасы:
– Віват! Нех жые Рыдз-Сміглы! Віват!
Міма пранесліся легкавыя машыны. На адной з іх убачыў Рыдза-Сміглага. Ледзь я змог выбрацца з натоўпу ды вакольнымі вуліцамі дабрацца на Буковую, дзе застаў Паўліка. Дома былі толькі Любіны бацькі, нават кватарант – надзвычай сімпатычны студэнт Л. Блятан – паехаў на некалькі дзён да сваякоў. Мы, адны, заселі ў яго пакойчыку і наставілі радыёпрыёмнік на Мінск. Перадаваліся выступленні на мітынгу над магілай дукорскіх партызан, закатаваных легіянерамі. Перадаваліся ў той час, як тут, у Вільні, разыгрывалася нейкая паганская містэрыя, ці, хутчэй, камедыя, з пахаваннем сэрца Пілсудскага. Палітычны сэнс яе быў ясны кожнаму. Пры дапамозе мёртвых рэліквій свайго былога правадыра намагаліся мацней знітаваць неспакойныя ўскраіны Рэчы Паспалітай, заселеныя нейкімі там украінцамі, беларусамі, літоўцамі. Хацелі зрабіць тое, што нават не атрымалася ў самога Шлсудскага. Урад, з нагоды пахавання сэрца Шлсудскага, пастанавіў пабудаваць на "Усходніх крэсах" сто школ імя маршалка – сто новых гнёзд паланізацыі… Аб асвеце тут гаварыць не прыходзіцца.
13/V