Пасля доўгіх і нудных перагавораў, паведаміў Паўлік, хадэкі згадзіліся спыніць антысавецкую прапаганду ў сваім літаратурным часопісе "Калоссе". З другога нумара пачнём і мы друкаваць у ім свае творы.
Вечарам накідаў чарнавік верша, прысвечанага Якубу Коласу. Абяцаў гэты верш напісаць да юбілейнай даты.
Вецер трывожны самотна гучыць
Між польных дарог і прысадаў.
Слухай, з асенняга лісця ўначы
Якую складае баладу.
Быццам ля шэрых гранічных слупоў
Пясняр наш спыняецца сумны,
Ловіць далёкую скаргу братоў,
Вецер заходні – на струны.
Бачыць этапныя нашы шляхі:
Ідуць грамадою па грудзе,
Глушачы звон пут напевам глухім,
Катамі скутыя людзі.
Паліць гарачае волава слёз.
Пэўна, пясняр прыгадаў сваю хату,
Можа, пабачыў у слоту, мароз
Знаёмых, таварыша, брата.
Шмат прамінула суровых часін,
Палае зарою Кастрычнік.
Мы чулі, вітаў цябе радасны Мінск,
Савецкі народ гераічны.
I ты мусіў чуць прывітанне ад нас,
Хоць стражнікі зорка глядзелі,
Хоць вецер асенні ўрываўся не раз
За краты, ў астрожныя цэлі…
14/V
Амаль цэлы дзень прасядзеў над артыкулам Панфёрава "Аб сацыялістычным рэалізме" і Гопенштата "У справе пралетарскага рэалізму", на якія надыбаў у часопісе "Левар". Трэба крыху падкавацца тэарэтычна перад абмеркаваннем ідэйнай платформы Саюза пісьменнікаў Заходняй Беларусі, аб якім ужо колькі год вядзём перагаворы. Мяне даўно перасталі цікавіць паэты "з божай ласкі", якія не арыентуюцца ў палітыцы, як і калектыўныя і аўтарытэтныя ацэнкі твораў нашымі крытыкамі. Да ўсяго – нават да разумення табліцы множання – трэба даходзіць самому. Горш, што я, устанавіўшы для сябе гэтыя "ісціны", не заўсёды іх прытрымліваюся.
На падпункце сустрэўся з Г. Акрамя народнафрантавых газет даў мне Рэмарка, перасцярогшы, каб я не заразіўся яго "абяззбройваючым пацыфізмам". Дома дачытаў зборнік трагічных вершаў Вацлава Мразоўскага.
Я знаю, што няма адзінага хараства на ўсе часы і на ўсіх, але яшчэ і не магу згадзіцца з думкай Апалінэра, што некалі ўсе галіны сучаснага мастацтва страцяць ранейшае сваё значэнне, бо на змену ім прыйдуць новыя. Гэта выказванне прывёў у сваім дакладзе нехта з выступаючых у Дыскусійным клубе, куды зацягнуў мяне У. Барысевіч. Я часцей наведваў бы гэты клуб віленскай інтэлігенцыі, але не хочацца лішні раз трапляць там на нядрэмнае вока розных анёлаў-ахоўнікаў, якія апошнімі часамі пачалі тут сачыць за ўсімі – і ў самім клубе, і на подступах да яго.
Пад вечар быў ля Нова-Вілейкі. Горы, шумлівая рака, меланхалічныя палі, абрамленыя ельнікам, крутая сцяжына, невядома кім пратаптаная, дрымучыя гушчары ляшчэўніку. На волі рэдка калі ўсё гэта заўважаеш. Толькі хоць раз перажыўшы расстанне з прыродай, пачынаеш даражыць ёю, як маці, якая цябе нарадзіла.
Паштальён прынёс пісьмо ад Лю. Мушу прызнацца, што хоць я і лічуся паэтам, але яе лісты куды цікавейшыя за мае. Відаць, я станаўлюся тыповым прадстаўніком таго пакалення людзей, якое, жывучы ў век цягнікоў, самалётаў, тэлефонаў, радыё, не пакіне вартай увагі эпісталярнай спадчыны.
Эпіграф для верша: "Твае, гэтыя доўгія вейкі" (Г. Гесін). Мы абсалютна не ўмеем пісаць пра каханне. Хворы зуб сапсуў мой рамантычны настрой. Мусіў шукаць ратунку ў знаёмага стаматолага Грабінскага. Добра, што той адмовіўся ад ганарару, хоць я і палез быў у кішэню, быццам там у мяне былі нейкія грошы.
– Ну што ж, пане доктар, каб не парушыць законаў святога пісання: "Зуб – за зуб", я спадзяюся, што вы не адмовіцеся за сваю дапамогу прыняць ад мяне некалі хоць зборнік вершаў.
Было позна, а неба распагаджвалася ад зораў, быццам набліжалася світанне.
15/V
У Паставах адбыўся суд над 28 рыбакамі – удзельнікамі нарачанскага бунту. Чакаю С, які спецыяльна паехаў, каб прысутнічаць на гэтай расправе, а потым пра ўсё напісаць у нашу газету. Трэба будзе дома даведацца, хто такі арандатар Бештарт, якому падчас гарачай стычкі на возеры рыбакі параўнялі бакі…
Прыйшоў да ўлады Славой-Складоўскі – аўтар салдафонскіх і панегірычных, канфіскаваных цэнзурай "Абрыўкаў рапарта". Рэдкі выпадак, калі на індэксе забароненых кніг – кніга самога прэм’ера.
Ад Паўліка атрымаў напісаны ім для чарговага нумара "Нашай волі" цікавы і востры артыкул пра апошнія падзеі ў Польшчы і пра нашы задачы. Баюся толькі, што і цэнзар яго не прапусціць, ды і рэдактары не адважацца яго друкаваць.
Каб не вяртацца дамоў дарогай, якой прыйшоў на сустрэчу, я падаўся сцяжынкай, што вілася па правым беразе ракі і вяла да парома. Вечар быў ціхі, ясны. У лесе пераклікаліся салаўі, і чуваць было, як звінелі крыніцы, збягаючы з абрывістага берага Віліі.
28/V
Сёння не хацелася ісці дамоў, пакідаць азораныя расцвіўшымі каштанамі вуліцы і паркі. Толькі раптоўна навальніца загнала мяне пад змрочныя парталы кафедральнага сабора. Даўно ўжо я не бачыў такога ліўня і не чуў такіх грымот.
У рэдакцыі "Калосся" Я. Шутовіч паказаў мне некалькі вершаў А. Бярозкі. Мне здаецца, з яго вырас бы цікавы і сур’ёзны паэт, калі б ён мог вызваліцца з-пад апекі сваіх духоўных айцоў. Вечарам перапісаў для Паўла расклад цягнікоў.
30/V